Вы тут

У Мінску пачаўся самы экстраардынарны кінафестываль краіны


Мы кожны год пішам пра рамантыку вяртання ў мінулае праз чорна-белае нямое кіно ў суправаджэнні жывой музыкі. Прыйшоў час напісаць і сёлета: 13 чэрвеня ў дворыку музея-майстэрні Заіра Азгура адбыўся першы паказ ореn-аіr фестывалю нямога кіно і сучаснай музыкі Кінемо. Кінематограф развіваецца і абяцае новыя формы, а мы тым часам узнаўляем рытуалы пачатку мінулага стагоддзя, і гэта чароўна. Арганізатары — праект Сіnеmаsсоре і Асацыяцыя маладых беларускіх кампазітараў — падрыхтавалі для публікі пяць вечароў з выключнымі фільмамі ў суправаджэнні адмыслова напісаных кампазіцый.


Кінемо праходзіць ужо сёмы раз і па традыцыі падае гледачам не проста нямое чорна-белае кіно, а сапраўдную сінефільскую падборку. Кожны год кінааматары могуць убачыць добра вядомыя камедыі ад амерыканскіх комікаў, класіку, без якой нельга ўявіць гісторыю кінематографа, а таксама незаслужана схаваныя скарбы.

Сёлетні фестываль пачаўся з вечара кароткаметражак. Паказ чатырох фільмаў прадэманстраваў, які прагрэсіўны быў кінематограф ужо ў свае першыя дзесяцігоддзі. Авангардныя карціны з Францыі, Германіі і Бельгіі адлюстравалі эксперыменты з формай — змешаную абстракцыю ў агульнавядомым «Механічным балеце», драматызм праз кантраст негатыўных і пазітыўных кадраў у «Баксёрскім паядынку», сюррэалізм «Перадпаўдзённага прывіду» і «Месье Фантамаса». Аўтарамі музычнага суправаджэння сталі Максім Круглы, Вікторыя Спарыш, Алена Гуціна і Вольга Падгайская.

Наступным у праграме стане адзін з трох найвялікшых кінакомікаў Бастар Кітан у фільме «Кінааператар», дзе галоўны герой — як звычайна, нязграбны і няўдачлівы хлопец — намагаецца стаць аўтарам дакументальнага кіно, але правальвае ўсе спробы нешта зняць. Тапёрамі стануць Наталля Котава і Валерый Баравікоў.

На трэцім кінасеансе будзе паказаны малавядомы фільм з нямецкага архіва «Ад світання да паўночы» Карла Хайнца Марціна. «Доўгі час ён лічыўся згубленым, копія была знойдзена толькі ў 1960-х гадах у Японіі, — расказвае праграмны каардынатар фестывалю Вольга Надольская. — Знаходка выклікала сапраўдны бум у прафесійным кіназнаўчым асяроддзі, але ў шырокіх сінефільскіх колах з-за абмежаванай даступнасці не змагла спаборнічаць у папулярнасці з такімі кананічнымі ўзорамі нямецкага экспрэсіянізму, як «Насферату, сімфонія жаху» Фрыдрыха Вільгельма Мурнау альбо «Кабінет доктара Калігары» Роберта Вінэ. Наўрад ці можна спадзявацца на аднаўленне гістарычнай справядлівасці ў адносінах да гэтага фільма, але мы вельмі рады, што ў нас з'явілася магчымасць прадставіць яго мінскім гледачам у суправаджэнні саўндтрэка, напісанага беларускім кампазітарам Аляксандрай Даньшовай, што жыве ў Эсэне».

Наступным у суправаджэнні музыкі польскай кампазітаркі Аляксандры Хмялеўскай Кінемо пакажа антываенную камедыю-гратэск нямецкага і амерыканскага рэжысёра Эрнста Любіча «Горная кошка». «Галоўную ролю ў стужцы выканала адна з зорак нямога кіно Пола Негры, што мае польскія карані. Гэта ледзь не адзіны фільм у кар'еры актрысы, дзе яна паўстала ў нязвыклым для сябе камічным амплуа», — рэкамендуе Вольга. «Горная кошка» трапіла ў праграму дзякуючы ўдзелу Польскага інстытута.

Нарэшце, праз супрацоўніцтва Кінемо з Даўжэнка-цэнтрам фестываль рыхтуе да паказу «зусім невядомую» кінематаграфічную каштоўнасць — «Прыгоды паўрубля» Акселя Лундзіна. «Фільм зняты ў 1929 годзе на кіеўскай студыі ВУФКУ па матывах дзіцячых апавяданняў Уладзіміра Віннічэнкі. Па сутнасці, гэта такія «Дзяніскіны апавяданні», дзеянне якіх адбываецца напярэдадні рэвалюцыі, таму галоўнай тут становіцца праблема сацыяльнай няроўнасці, пры гэтым па ўзроўню паэтычнасці карціна не саступае такім прызнаным шэдэўрам украінскага кіно, як «Зямля» Аляксандра Даўжэнкі і «Вясной» Міхаіла Каўфмана».

Музыку да «Прыгодаў паўрубля» напісала адна з арганізатараў і пастаянных удзельніц Кінемо Вольга Падгайская. Некалькі месяцаў таму яна стала фіналісткай конкурсу кампазітараў Еnvіsіоn Sоund, які праводзіцца Даўжэнка-цэнтрам сумесна з Брытанскім саветам ва Украіне. Прэм'ера карціны Акселя Лундзіна з музыкай Вольгі Падгайскай адбудзецца яшчэ да паказу ў Мінску на фестывалі «Німі ночі» ў Кіеве і Адэсе.

Сеансы Кінемо будуць праходзіць у дворыку музея-майстэрні Заіра Азгура кожны чацвер да 11 ліпеня.

Сафія ПАЛЯНСКАЯ

Загаловак у газеце: Нямыя ночы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Міністэрства аховы здароўя адказала на публікацыю «Звязды».

Грамадства

ПВТ адкрыў у Драгічыне STEM-цэнтр

ПВТ адкрыў у Драгічыне STEM-цэнтр

Гэта камп'ютарны клас, абсталяваны па апошнім слове тэхнікі.

Палітыка

На пасяджэнні ЦВК зарэгістраваны 56 членаў Савета Рэспублікі сёмага склікання

На пасяджэнні ЦВК зарэгістраваны 56 членаў Савета Рэспублікі сёмага склікання

Выбары прайшлі ў прыўзнятай атмасферы, дастойна і з яркімі выступленнямі.

Культура

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

Калі Скарына прыехаў у Кракаў, і як выглядаў малы Рагвалодавіч.