Вы тут

Цікавыя навіны з-за мяжы


Абрабаваў два банкі з дапамогай авакада

У ізраільскім горадзе Беэр-Шэва мужчына, узброены авакада, абрабаваў два банкі, піша брытанскае выданне Daіly Maіl.

Першае рабаванне адбылося яшчэ ў сярэдзіне мая. Злачынец прыйшоў у аддзяленне аднаго з банкаў і працягнуў касірцы запіску з патрабаваннем грошай. Заўважыўшы яе ваганні, мужчына прадэманстраваў невялікі чорны прадмет і растлумачыў, што гэта граната. Ён прыгразіў пусціць яе ў ход у выпадку адмовы. Супрацоўніца банка вырашыла не рызыкаваць і аддала яму ўсю наяўнасць касы — 4,45 тысячы долараў. Праз некалькі дзён рабаўнік наведаўся ў іншае аддзяленне таго ж банка. Ён паўтарыў свой трук і ўцёк з 3,3 тысячы долараў.

Каб высачыць падазраванага, паліцыя выкарыстала даныя аператара мабільнай сувязі. Пасля арышту высветлілася, што замест гранаты мужчына насіў з сабой авакада, пафарбаванае ў чорны колер. У мінулым ён правёў тры гады за кратамі за іншае рабаванне.


Гаспадару забаранілі выгульваць пражэрлівую свінню

У горадзе Вангарата (Аўстралія) улады забаранілі гаспадару выгульваць свінню на вуліцы, паведамляе выданне Daіly Maіl.

Мэцью Эванс атрымаў ліст ад гарадскога савета, у якім яму паведамілі, што калі ён працягне выгульваць свайго хатняга гадаванца па мянушцы Грант па горадзе, то атрымае штраф за парушэнне грамадскага парадку звыш 800 аўстралійскіх долараў. Прадстаўнік гарадскога савета заявіў, што яны прыйшлі да такога рашэння пасля скаргаў жыхароў горада на тое, што жывёла крадзе ежу ў дзяцей. Ён дадаў, што спробы паліцыі злавіць свінню правакуюць мноства праблем. Улады адзначылі, што разумеюць неспакой Эванса датычна свайго хатняга гадаванца, але бяспека людзей на першым плане.

У сваю чаргу, Мэцью расказаў, што да гэтага без праблем выгульваў Гранта два гады запар, а таксама ўдзельнічаў у шоу, на якое яго запрасіў гарадскі савет. Ён размясціў фатаграфію папераджальнага ліста на старонцы свайго гадаванца ў сацыяльнай сетцы, дзе яго падтрымалі многія карыстальнікі. «Я люблю глядзець на Гранта на вуліцы! Я заўважыў, як ён аднойчы купаўся ў лужыне, калі я выходзіў папіць кавы. Гэта зрабіла мой дзень!» — напісаў адзін з каментатараў.


Дрэнная навіна прынесла мільён долараў

Жыхар амерыканскага горада Балтымар (штат Мэрыленд) не змог атрымаць грашовы прыз латарэі, згуляў у другі раз і сарваў джэкпот, піша партал UPІ.

78-гадовы мужчына, які пажадаў захаваць ананімнасць, набыў некалькі пяцідоларавых білетаў адной з латарэй у мясцовай краме. Амерыканец тут жа праверыў вынікі розыгрышу: адзін з білетаў прынёс яму 500 долараў. Тады ён звярнуўся па грошы да касіркі, якая паведаміла яму дрэнную навіну. «Дзяўчына сказала, што толькі менеджар можа выплаціць мне прызавую суму, бо грошы захоўваюцца ў сейфе, — расказвае аматар азартных гульняў. — Я не засумаваў, а пайшоў у іншую краму, дзе мае сябры ўдзельнічаюць у віртуальных скоках. Там мне прыйшла ў галаву думка купіць яшчэ латарэйных білетаў».

Пасля гэтага амерыканец заехаў у іншую краму і адзначыў свой першы выйгрыш набыццём білета іншай латарэі коштам 20 долараў. У выніку ён стаў уладальнікам мільёна долараў. Пераможца адзначыў, што жонка з цяжкасцю паверыла ў іх шанцаванне, аднак ужо прыглядае новы дом.

Іван КУПАРВАС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?