Вы тут

Сёння тэмпература паветра будзе ад плюс 28 да 33 градусаў


Вось ужо лета пачалося, без размінкі, без перапынкаў, адразу гарачым паветрам ды ва ўсёй нашай краіне. Яшчэ больш гарачае сухое надвор'е чакаецца ў нас і ў выхадныя, паведамілі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.


Выключна анамальная спякота была ў нас у сераду. У гэты дзень тэмпература паветра амаль паўсюдна дасягнула 31—34 градусы, самыя высокія значэнні адзначаны ў Жлобіне — 34,7 цяпла. У асобных раёнах краіны былі перавышаныя абсалютныя чэрвеньскія максімумы тэмпературы паветра за ўвесь перыяд назіранняў. У сувязі з гарачым сухім надвор'ем адзначаецца высокая пажаранебяспека ў лясах. Да канца тыдня будзе пераважаць гарачае без ападкаў надвор'е, толькі ў пятніцу месцамі чакаюцца лакальныя навальнічныя дажджы, а ў выхадныя па поўначы краіны — паслабленне спёкі.

Сёння ўдзень месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы з навальніцамі. Тэмпература паветра будзе ад плюс 28 да 33 градусаў, месцамі па Брэсцкай і Гомельскай абласцях паветра прагрэецца да 34 цяпла. У суботу будзе пераважна без ападкаў, толькі ўначы ў асобных раёнах Віцебскай вобласці магчымы кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра ўначы складзе 14—20 цяпла, па поўдні краіны — 21-22 градусы. Удзень будзе ад 24 градусаў па поўначы да 33 градусаў вышэй за нуль па поўдні краіны.

Дажджоў не будзе і ў нядзелю. У гэты дзень тэмпература паветра ўначы складзе ад 12 да плюс 19 градусаў, па паўднёвым захадзе — 20-22 цяпла. Удзень будзе ад 24 градусаў па паўночным усходзе да плюс 33 градусаў па поўдні краіны.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных сіноптыкаў, у панядзелак пад уплывам малаактыўнага атмасфернага фронту ўначы месцамі па поўначы, а ўдзень у асобных раёнах краіны чакаюцца кароткачасовыя дажджы, магчымы навальніцы. Тэмпература паветра ўначы складзе ад 15 да плюс 22 градусаў. Удзень будзе ў асноўным 28—34 цяпла, толькі па паўночным захадзе краіны — да плюс 25-27 градусаў.

Сяргей КУРКАЧ

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Калі плюс 34 і больш

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?