Вы тут

Лісты чакання скароцяцца. Новы міністр расказаў, што яшчэ зменіцца ў сістэме аховы здароўя


Прызначаны 11 чэрвеня на пасаду міністра аховы здароўя Уладзімір Каранік адказаў на пытанні журналістаў. У прыватнасці, акрэсліў тое, што на яго думку варта мяняць у сістэме аховы здароўя. Найперш, трэба павышаць эфектыўнасць яе працы і скарачаць лісты чакання на такія запатрабаваныя даследаванні, як камп'ютарная тамаграфія. Таксама міністр паабяцаў, што будзе праведзена рэвізія арганізацый, якія займаюцца закупкай медтэхнікі і фармпрэпаратаў, каб не ўзнікала жадання атрымаць тут выгаду. Прааналізуюць у Міністэрстве аховы здароўя і цэны на імпартныя лекавыя прэпараты на беларускім рынку: каштаваць у паўтара-два, а то і ў пяць разоў даражэй, чым у суседзяў, яны не павінны.


Фота Таццяны ТКАЧОВАЙ.

Павялічыць прапускную здольнасць

Міністр падкрэсліў, што трэба звярнуць увагу на даступнасць медыцынскай дапамогі, працаздольнасць высокатэхналагічнага абсталявання, доступ да такіх відаў дыягностыкі і лячэння.

— Медыцынскія работнікі, зыходзячы з інтарэсаў хворага, вызначаюць чарговасць доступу. Ёсць назалогіі, дзе выкананне таго ж МРТ праз адзін-два месяцы ніякім чынам не зменіць сітуацыю. А ёсць выпадкі, калі прамаруджванне нават на шэсць-восем гадзін негатыўна скажацца на пацыенце. Важна растлумачыць, што калі гэта сапраўды патрабуецца, у нас ёсць усе магчымасці аказаць дыягнастычную дапамогу. У тых выпадках, калі гэта не мае вялікага клінічнага значэння, патрабуецца пэўнае чаканне. Мы будзем працаваць над тым, каб лісты чакання былі як мага карацейшыя і прымяняўся дакладны дыферэнцыраваны падыход, — паабяцаў Уладзімір Каранік.

Ён звярнуў увагу, што прапускную здольнасць тых жа камп'ютарных тамографаў можна павялічыць:

— Мы лічым, што без сур'ёзных фінансавых укладанняў можна павялічыць прапускную здольнасць гэтых апаратаў у 1,5-2 разы. Сёння плануецца рэалізацыя пілотнага праекта ў Мінску. Для гэтага ёсць пэўныя напрацоўкі, і я мяркую, што на працягу бягучага квартала яго ўдасца ажыццявіць. Калі праект акажацца паспяховым, такая практыка будзе распаўсюджана на ўсю краіну. Калі ўсё атрымаецца, гэта істотна зніме нагрузку на сацыяльную сферу. Усё ж такі чаканне дыягнастычнага даследавання выклікае часта негатыўную рэакцыю пацыентаў і наша тлумачэнне, што вялікага клінічнага значэння гэта не мае, чалавека не супакойвае.

Міністр расказаў, што цяпер праводзіцца аналіз эфектыўнасці выкарыстання высокатэхналагічнага абсталявання, у прыватнасці апаратаў КТ і МРТ. Міністэрства аховы здароўя збірае інфармацыю аб сярэдняй працягласці яго прастою, аб кошце рамонту і камплектуючых. Затым гэтыя звесткі параўнаюць з сітуацыяй у суседніх краінах. І, магчыма, будзе нагода для размовы з вытворцамі наконт таго, што постгарантыйнае абслугоўванне павінна праводзіцца па-іншаму, а само абсталяванне мусіць працаваць больш эфектыўна.

Фота: БЕЛТА.

Паскардзіцца на кошт імпартных лекаў

Яшчэ адзін кірунак, дзе плануецца перагледзець падыходы, — эканамічная эфектыўнасць сістэмы аховы здароўя. Гэта хуткасць і кошт закупак, цана лекавых сродкаў і бесперабойнае забеспячэнне медыцынскіх устаноў.

— Мы правядзём рэвізію работы арганізацый, якія займаюцца закупкай медтэхнікі і фармпрэпаратаў. Будуць рэгламентаваны дакладныя тэрміны і працэдура закупкі, каб ліквідаваць магчымасць уплыву асобных работнікаў на прыняцце рашэння і хуткасць праходжання дакументаў. Барацьба з карупцыяй — гэта выпрацоўка дакладных правілаў, калі ад канкрэтнага выканаўцы не залежыць прыняцце рашэнняў. Любое адхіленне ад правілаў будзе выклікаць пытанні і пільную ўвагу. І ахвотных адхіляцца ад патрабаванняў з неаб'ектыўных прычын з імкненнем атрымаць выгаду не застанецца. Будзем мяняць механізмы закупак, удасканальваць іх такім чынам, каб гэтыя працэсы былі адкрытыя для грамадства, зразумелыя для ўсіх удзельнікаў рынку і даступныя для кантролю на любых этапах.

Звярнуў увагу міністр і на тое, што людзей даўно турбуе пытанне кошту імпартных лекаў. Некаторыя прэпараты ў нас аказваюцца ў разы даражэйшыя, чым у суседніх краінах.

— У нашых планах — шчыльна працаваць з прадстаўнікамі ІT-сферы для распрацоўкі вэб-платформы, дзе кожны грамадзянін у рэжыме анлайн зможа размясціць інфармацыю, што дзесьці за мяжой купіў прэпарат у 1,5-2 разы танней, чым у нас, — падзяліўся Уладзімір Каранік. — Калі надбаўка 30—40 %, яе яшчэ можна растлумачыць асаблівасцямі дастаўкі. Але калі цана вышэйшая ў 1,5-2, тым больш у пяць разоў — гэта нічым немагчыма растлумачыць. Мы плануем стварыць такую платформу і аналізаваць усе звароты, пасля чаго патрабаваць або прывядзення цэн у адпаведнасць, або дакладнага іх абгрунтавання. Калі няма магчымасцяў знізіць цэны ў сувязі з пазіцыяй вытворцы, будзем даваць заданне нашым фармпрадпрыемствам, каб забяспечыць даступны лекавы сродак.

Уладзімір Каранік расказаў, што ў першы дзень на новай пасадзе даў загад прааналізаваць лекавае забеспячэнне. Прычым звярнуць увагу не толькі на праблемы, якія маюцца з наяўнасцю тых ці іншых прэпаратаў сёння, але і на будучае: з якімі медыкаментамі могуць узнікнуць пытанні ў 2020—2021 годзе з прычыны заканчэння іх рэгістрацыі.

Не абмяжоўваць даступнасць меддапамогі

Міністр адзначыў, што падрыхтоўка да Еўрапейскіх гульняў знаходзіцца пад пільнай увагай, і правядзенне гэтых спаборніцтваў не ўшчамляе правы нашых грамадзян на атрыманне медыцынскай дапамогі.

— Перыядычна ў блогасферы вядуцца размовы, што правядзенне Гульняў абмяжуе доступ жыхароў Мінска да хуткай дапамогі, да стацыянараў, што ў бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі вылучаецца цэлая зона, куды ўвогуле немагчыма трапіць простаму грамадзяніну. Растлумачу, што на сёння гэта толькі адно аддзяленне, якое выйшла з рамонту. Пра тое, што туды ў апошнія паўгода доступу грамадзян не было, бо яно рамантавалася, забылі сказаць. Была прааналізавана нагрузка на ложкавы фонд Мінска за мінулы год, і высветлілася, што ў чэрвені людзі з'язджаюць за межы горада, частка ложкавага фонду выкарыстоўваецца менш эфектыўна, частка проста пустуе. Таму нават не ўвесь пустуючы фонд быў задзейнічаны, каб забяспечыць імі спартсменаў. Для іх вылучана звычайнае аддзяленне, толькі з інфармаваннем на англійскай мове і персаналам, які валодае замежнымі мовамі.

Таксама міністр растлумачыў, што брыгады хуткай дапамогі ў летні час таксама працуюць менш напружана. На Еўрапейскіх гульнях будуць задзейнічаны брыгады з рэзерву. Таксама ў Мінск прыбудзе 30 брыгад хуткай дапамогі з рэгіёнаў, у прыватнасці з буйных гарадоў, дзе яны мелі невялікую нагрузку.

Зніжаць смяротнасць ад анкалогіі

Асобна спыніўся міністр на пытаннях анкалагічных хвароб (па спецыялізацыі Уладзімір Каранік — хірург-анколаг, апошнія гады ён узначальваў Мінскі гарадскі клінічны анкалагічны дыспансер). Ён растлумачыў, што нягледзячы на павелічэнне апошнім часам анкалагічных хвароб, смяротнасць ад іх зніжаецца.

— Тэндэнцыя, калі на першае месца па смяротнасці выходзяць анкалагічныя хваробы, назіраецца ў «старых» краінах Еўропы. Наша насельніцтва пакуль больш маладое. Таму ў нас на першае месца яна выйдзе не раней, чым праз 20 гадоў. У нас паляпшаецца дыягностыка. Калі ў 2000 годзе са ста захварэлых памірала 57 чалавек, то летась гэты паказчык склаў 31,5. Мой знаёмы прафесар з Бараўлян калісьці абараняў дысертацыю па павелічэнні працягласці жыцця дзяцей з вострым лейкозам на паўтара месяца. Сёння 90 % такіх дзяцей цалкам вылечваецца і жыве паўнацэнным жыццём. Калі анкалагічныя праблемы паднімуцца на першае месца ў структуры смяротнасці, у анколагаў будзе нашмат больш інструментаў у барацьбе з імі, — перакананы Уладзімір Каранік.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?