Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Хто творыць... гісторыю

Некалі ў маладосці я, Зоя і Наташа жылі ў інтэрнаце, у адным пакоі. Потым, як вядзецца, стварылі сем'і, атрымалі кватэры. Я апынулася, можна сказаць, за светам, а вось Зоя з Наташай — па-ранейшаму побач, праз сценку, на адной лесвічнай пляцоўцы. Так што бачыліся яны па сем раз на дні (Зоя — чалавек бесцырымонны), а вось я...

У горад сваёй маладосці мне пашчасціла прыехаць праз дваццаць з лішкам гадоў.

...Сустрэла мяне Наташа (цягнік прыходзіў раніцай), прывезла да сябе дамоў. Я распакавала трохі рэчаў, змыла пад душам дарожны пыл, накруціла на галаву ручнік і, піхнуўшы дзверы з ваннага пакоя, тут жа... апынулася ў абдымках нейкай растрапанай істоты. Прычым (што вельмі здзівіла) тая не павіталася са мной (гэта было б хоць крыху зразумела) — яна адразу ж папрасіла: «Надзя, любка мая, будзь чалавекам — зрабі мне ўкладку».

«Якую? Чаму? Каму?» — на ўсе вочы я глядзела на жанчыну, якая тым часам і не думала змаўкаць: «Што — не пазнаеш? А ты прыгледзься! Мы ж з табою разам жылі. Помніш — дыван куплялі?»

Вось гэта і сапраўды наўрад ці забудзеш!

Такім чынам — час жорсткага дэфіцыту: чэргі, талоны, купоны, кніжкі спажыўцоў з лімітам на ўсё, нават на мыла, трусы і шкарпэткі...

Якраз тады — і проста да смерці! — Зоя захацела купіць дыван (!). «Гэта немагчыма!» — казалі ёй мы з Наташай. «А вось паглядзім!» — абяцала яна і з самымі рашучымі намерамі павезла нас у сталічны ГУМ, завяла ў патрэбны аддзел, а далей...

«Стойце тут, глядзіце і вучыцеся», — наказала нам Зоя і, трохі павагаўшыся ў выбары «ахвяры», падскочыла да самай важнай гандляркі, схапіла яе за рукаво і залапатала: «Любачка, родная, гэта ж колькі я цябе не бачыла?!»

Жанчына глядзіць на Зою і нічога не разумее, а тая ўсё гаворыць, гаворыць — пра бацьку, пра дзядзьку, пра нейкую цётку...

Рэдкі чалавек не мае падобнай радні. Вось і гандлярка, відаць, падумала, што Зоя — адна з нейкіх далёкіх сваячак, якая тым часам ужо і пра... дыван размову заводзіць.

Ну што тут будзеш рабіць — трэба ж дапамагаць свайму чалавеку. «Прыйдзіце ў шэсць гадзін вечара, — кажа жанчына. — Але ж каб з талонам на чаргу і кніжкай спажыўца».

У Зойкі — мы дакладна ведаем — нічога няма: грошай і тых хіба на прасціну.

Але ж не была б яна прайдзісветкай! На базары ў нейкага ветэрана купіла талон, у Наташы ўзяла кніжку спажыўца, грошы збірала па ўсім інтэрнаце: прасіла, маліла, казала, што чарга падышла, што талон прападае.

І што вы думаеце?! Спраўдзіла сваё жаданне: у той жа вечар (ні стала́, ні нават табурэткі ў кватэры яшчэ не было) «кінула» на падлогу дыван. Утраіх, як помню, мы наскрэблі яшчэ на бутэльку віна — пасядзелі на ім, выпілі, паспявалі, парагаталі.

...Пакуль я ўсё гэта ўспомніла, рукі неяк міжволі... зрабілі Зоі ўкладку, і тая з прыгожай прычоскай на новай машыне панеслася па нейкіх справах. У яе, як вы здагадаліся, свой бізнес, прычым вельмі паспяховы!

Цікавыя жанчыны твораць гісторыю.

Надзея М., г. Пскоў


Што добра карасю...

Францавіч у нас — чалавек паважаны, бо ў мінулым, па-першае, ён адзін з найлепшых механізатараў-льнаводаў, узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, а па-другое, ветэрану за дзевяноста ўжо... Кажа, што куляй жыццё праляцела, ды згадвае, як некалі з вёсачкі Грыбова пераехаў у наша мястэчка, як пасяліўся на беразе ракі Дрыса. І, вядома ж, хадзіў на рыбалку, але некуды падалей. Гэта з часам, пастарэўшы, ён аблюбаваў сабе іншае месца — у канцы свайго агарода. Там жа для зручнасці лаўку паставіў.

Трэба сказаць, што зрабіў ён гэта не марна: рыба лавілася, прычым розная — і галаўні, і плоткі, і ляшчы. Асобныя з іх, як хваліўся Францавіч, за кілаграм «цягнулі»... І толькі ў адным не шчасціла дзеду: дно ў тым месцы было вельмі падкае на ягоныя рыбацкія снасці, гэта значыць — што ні рыбалка, то страты ў рыбака. І добра яшчэ, калі кручкі на нейкім карчы застануцца, а то ж, здаралася, і ўся лёска — з паплаўком ды грузам...

Па новыя Францавічу блізка схадзіць, але ж ён лічыў, што лепш запасціся. Хоць і псіхаваў...

А ўрэшце надакучыла дзеду ўся гэта валтузня з паплаўкамі-кручкамі, і ён, каб выправіць становішча, узяўся шчыраваць — доўгім шастом з металічным крукам стаў выцягваць на бераг злашчасныя карчы.

Не дзень і не два дзед з імі змагаўся, але ж перамог — навёў парадак. І так прыемна стала з высокага берага паглядзець на чысцюткае дно. А ўжо спусціцца са стромы бліжэй да вады і звычна закінуць паплавок...

Так што сеў дзед на сваю ўлюбёную лаўку, замёр у чаканні: кручку не замінаюць больш карчы на дне. А вада тым часам зносіць паплавок — і раз, і другі, і трэці... Клёву няма... Ні ў той дзень, ні назаўтра...

Карацей, убачыў дзед: што добра карасю, нядобра Юрасю і наадварот. Не спадабаўся рыбе дзедаў «парадак» — сплыла яна ў пошуку новых прытулкаў. А таму пустуе цяпер дзедава лавачка. Калі-нікалі прысядзе на яе нехта з заезджых рыбакоў, але не затрымаецца: клёву няма — значыць, трэба крочыць далей.

Аляксандр Матошка, в. Янкавічы, Расонскі раён


Ажаніцца — не журыцца

...Той год, той час, помню, быў вясёленькі: нам, тром сябрам, амаль адначасова прыспічыла жаніцца.

Першым гэта рабіў Саша, і я, запрошаны ім у сведкі, думаў на вяселлі добра пагуляць. Але (і на жаль) моцна пралічыўся, бо ў тых мясцінах, дзе жылі бацькі маладых, на сведку ўскладалася шмат абавязкаў. Ён там і галоўным сватам быў, і тамадой, які мусіў весці рэй на бяседзе, прычым, прабачце, не «ад балды», а згодна з мясцовым традыцыйным рэгламентам.

Карацей, я — і ўсе тры дні — быў пад пільным наглядам мясцовых бабуль ды цётак, якія накіроўвалі і папраўлялі кожны мой крок і ледзь не кожны мой сказ...

Таму, калі жаніўся Ваня, я ад пасады сведкі рашуча адмовіўся.

І зноў пралічыўся, бо мала таго што пакрыўдзіў сябра, дык яшчэ і сам ззелянеў ад зайздрасці, бо сведка на тым вяселлі ну як сыр у масле катаўся!

Але ж адна справа жаніць сяброў, а зусім іншая — жаніцца самому. Здаецца, найстрашней было аб'явіць рашэнне бацькам. Мы пачыналі з Таніных, і патрацілі на гэта з гадзіну. А ўжо мне каб прызнацца сваім — не хапіла цэлага вечара.

Добра, сястра дапамагла: зайшла да бацькоў у пакой (тыя ўжо спаць паляглі) і проста сказала: «Уставайце, Іван ваш жэніцца».

Мама, помню, кажа спрасонку: «Ну і няхай...» А потым як падхопіцца: «Які гэта Іван?.. НАШ?!» І ўжо да бацькі: «Уставай... Усё чыста праспіш... Ваня жэніцца!»

Падняўся сапраўдны перапалох, хоць і невялікі, але ж Рубікон быў пройдзены: далей пайшло прасцей... Калі не лічыць знаёмства нявесты з маімі бацькамі. Значыць, Таню я прывёз да сваіх на фінішы лета, пазнаёміў з маці, і яны адна адной спадабаліся. А вось бацькі дома не было — ён мёд качаў. Давялося нам з каханай падацца на калгасны пчальнік.

Месца, трэба сказаць, там было прыгажэннае: да вайны панская сядзіба стаяла. Сам маёнтак, на жаль, не захаваўся, а вось садова-паркавы ансамбль з фруктовымі дрэвамі, з экзатычнымі раслінамі — ва ўсёй красе: і людзям, і пчолкам раздолле.

Каб паспытаць іх свежага мёду, на пчальнік сышоўся ці не ўвесь калгасны бамонд: у каго слоік у руках, у каго шклянка ці... чарка. І не пустая ж, бо свята...

Карацей, мы з Таццянай трапілі ў добрае месца да такіх жа добрых, вясёлых людзей. Яны выпівалі, віншавалі нас і, вядома ж, бацьку — з нявесткай... А паколькі тая ад моцных напояў рашуча адмаўлялася, ёй налівалі слабейшых і, у прыватнасці, медавухі, якая ў спёку так добра «пайшла», што, напіўшыся (ды з дарогі яшчэ...), маёй беднай дзяўчыне захацелася... спаць.

На добры толк яе трэба было завесці дамоў, але ж пасека, праца, мёд... Я хацеў памагчы... Таму, выбраўшы нейкі з экзатычных панскіх кустоў, мы з бацькам паслалі покрыўку — прапанавалі Тані прысесці. А яна, не доўга думаючы, там жа прылягла, пасля чаго людзі ля куста недзе з гадзіну «тармазілі» ды чухалі патыліцы: на пчальніку, на зямлі спіць дзеўка-прыгажуня. Чужая. Адна. Хто такая? Можа, фея?..

На гэтым прыгоды не скончыліся, бо ў нас традыцыя — пад вечар мы ўсёй радзінай пайшлі на могілкі. Праведалі там усіх сваіх — паказалі госці магілы продкаў. Потым, і як заўсёды, грамада разышлася па іншых — хто да каго... Таццяна ж мая амаль побач з агароджай згледзела невялікае азярцо, пайшла да вады — каб ногі памачыць, каб заўважыць, колькі там рознай жыўнасці, каб нешта злавіць.

А тут — скуль ні вазьміся — трактар, і ляціць ён — ну як на пажар! Спыняецца. З кабіны выскоквае хлопец з вядром, як на злом галавы бяжыць да вады. Набірае, разгінаецца і раптам бачыць, што за некалькі крокаў ад яго па калені ў вадзе стаіць нейкае стварэнне ў выглядзе дзяўчыны з распушчанымі валасамі і ў далонях трымае... жабку.

Хлопец аслупянеў. А «стварэнне», заўважыўшы гэта, не знайшло нічога лепшага, як паказаць рукою на могілкі ды сказаць:

— Я адтуль...

А потым, бачачы, што з хлопцам па-ранейшаму нешта не так, яшчэ і дадаць:

— Мае ўсе там...

Гаварыла потым, што трактарыст забыўся вядро — вавёркай сігануў да трактара, ускочыў у кабіну і праз імгненне знік за гарызонтам. 

...Можна было б яшчэ нешта ўспомніць з тых вясёлых часоў, але ж, мусіць, хопіць, бо і так зразумела: захацеў жаніцца ці замуж пайсці — з богам! Потым будзе што ўспомніць.

Іван Гаральчук, г. Мінск

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар

Ад яе ж заўсёднае кароткае: пішыце! Свет захаваўся таму, што смяяўся... І думаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».