Вы тут

Беларусы ўпершыню ўдзельнічаюць ў Лісабонскім кніжным кірмашы


Дэлегацыя беларускіх кнігавыдаўцоў, якія прадстаўляюць міністэрствы інфармацыі і адукацыі нашай краіны, працуюць на 89-м Лісабонскім кніжным кірмашы ў Партугаліі. З шэрагам пытанняў адносна ўдзелу Беларусі ў гэтым прадстаўнічым еўрапейскім свяце кнігі мы звярнуліся да кіраўніка дэлегацыі — дырэктара ААТ «Паліграфкамбінат імя Якуба Коласа» Ігара МАЛАНЯКА.


— Ігар Мікалаевіч, здаецца, упершыню беларусы ўдзельнічаюць у кірмашы ў Лісабоне?

— Так. Прынамсі, нам нічога не вядома пра ранейшы ўдзел беларускіх выдаўцоў, паліграфістаў у сапраўды грандыёзным выставачным праекце. Кірмаш у Партугаліі ладзіцца з 29 мая да 16 чэрвеня. Уражваюць бясконцыя рады кіёскаў, павільёнаў, дзе выкладзена прадукцыя выдавецтваў, дарэчы, не толькі кнігі, але і газеты, часопісы. Плошча пад гэта дзейства прадстаўлена па традыцыі ў парку Эдуарда VІІ. Кірмаш праводзіцца з 1930-х гадоў. І гэта свята стала культурным здабыткам у Партугаліі.

— Што ўжо прыкмецілі асаблівага ў праграме 89-га Лісабонскага кніжнага кірмашу?

— Шмат лекцый, шмат сустрэч з пісьменнікамі. Такой жывой камунікацыі, прызнацца, у нас не хапае. Мы яшчэ толькі вучымся гэтаму, яшчэ толькі развіваем асяроддзе зносін пісьменніка з чытачамі. Відаць па ўсім, што наведвальнікі ў задавальненні ад набыцця кніг — як навінак, так і букіністычнай кнігі. Уражвае гнуткая сістэма зніжак. На дзіцячую літаратуру зніжкі складаюць да 50 працэнтаў ад кошту кнігі. Таму бацькі і ідуць на кірмаш з малымі дзецьмі, таму тут проста тоўпяцца падлеткі.

— На якіх мовах прадстаўлены кнігі на кірмашы?

— Канешне ж, найперш — на партугальскай. Але шмат кніг і на англійскай, рускай, іншых мовах. Ёсць кнігі і на беларускай мове. І гэта не толькі з асартыменту, які мы прывезлі з Беларусі.

— Значыць, можна выбудоўваць кнігагандлёвую лагістыку і з Партугаліяй?

— Чаму б і не?! Мяркуйце самі, краіна не так і далёка ад Беларусі. Па-другое, статыстыка сведчыць, што беларусы едуць у Партугалію. І не толькі адпачываць, але і па справах, на сталае месца работы. Да ўсяго астатняга, мы і ў Мінску можам выдаваць кнігі на англійскай і нават партугальскай мовах, якія, канешне ж, маглі б быць запатрабаваныя і ў Лісабоне.

— Ігар Мікалаевіч, хто яшчэ, акрамя паліграфкамбіната імя Якуба Коласа, працуе на беларускім стэндзе на кірмашы ў Лісабоне?

— Нашу краіну прадстаўляюць выдавецтвы «Народная асвета», «Мастацкая літаратура», «Пачатковая школа». Мае калегі і па выстаўцы, і па супрацы ў кнігавыдавецкай справе адкрываюць для сябе новы кніжны свет, бяруць на ўзбраенне той вопыт, які, зразумела, прыдасца ў Беларусі. Як не павучыцца на тым кніжным кірмашы, дзе экспанентамі з'яўляюцца 328 суб'ектаў кніжнай, паліграфічнай справы? А наведвае Лісабонскі кірмаш звычайна каля 500 тысяч чалавек.

— Што ж, поспехаў вам у знаёмстве з новымі прасторамі кніжнага свету!

Гутарыў Сяргей Шычко

Загаловак у газеце: Беларускія кніжнікі — у Партугаліі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».