Вы тут

Мемарыяльную дошку з выявай музыканта Чэслава Немена адкрылі ў Гродне


Адкрыццё мемарыяльнай дошкі з выявай знакамітага музыканта адбылося ў Гродне з удзелам прадстаўнікоў улад Беларусі і Польшчы, а таксама ўдавы музыканта.

На ўрачыстасці прысутнічаў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч, маршал Сената Польшчы Станіслаў Карчэўскі, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Беларусі Артур Міхальскі. І гэта невыпадкова, бо музыкант і спявак Чэслаў Немен належыць абедзвюм краінам. У Беларусі ён нарадзіўся і правёў юнацкія гады, а ў Польшчы заявіў пра сябе як таленавіты творца, вядомы ва ўсім свеце. Сёлета яму споўнілася б 80 гадоў.


Мемарыяльную дошку ўсталявалі на будынку былога музычна-педагагічнага вучылішча Гродна, дзе цяпер знаходзіцца гуманітарны каледж. Тут у сярэдзіне 50-х гадоў вучыўся будучы рок-музыкант, які стварыў свой асобны стыль і быў вельмі папулярны ў 60—70-я гады. Самы вядомы яго твор — «Дзіўны гэты свет». А песню «Ці яшчэ памятаеш мяне?» узяла ў свой рэпертуар зорка кіно і спявачка Марлен Дзітрых.

Многія гродзенцы, якія прыйшлі на ўрачыстае адкрыццё, захапляліся творчасцю свайго земляка. Барбара — адна з тых, хто пабываў на яго канцэрце ў 1976 годзе. Гэта быў знакаміты тур па Савецкім Саюзе, у рамках якога Немен выступіў у Гродне і Мінску. Жанчына ўспамінае, што спявак выйшаў на сцэну са сваім інструментам, які гучаў як цэлы аркестр.

— Я чула, што ён сам змайстраваў яго, — згадвае Барбара. — у той час Чэслаў быў ужо вядомы музыкант. Ён спяваў дзесьці гадзіну, і ўваход быў вольны. Лічу, што Немена нельга паўтарыць, ён унікальны.

На гэтым канцэрце пабываў і вядомы гродзенскі краязнаўца, уладальнік музея гарадскога побыту Януш Паруліс. Яго маленькая дачка паднесла тады музыканту кветкі. Але самая нечаканая падзея адбылася пасля канцэрта. Позна вечарам, расказвае Паруліс, да яго нехта пастукаў у акно. Адкрыў — а там стаіць Чэслаў. Аказваецца, ён прывёз сваім сябрам па вучылішчы электрагітару — вельмі вялікі дэфіцыт у той час. Але сяброў не застаў і пайшоў да суседняга дома. Такім чынам, малады тады Януш дапамог Немену знайсці сваіх калег-музыкантаў, якія гралі непадалёку, у парку.

— Я не ведаў тады, што буду мець свой музей, а то, можа, і сам купіў бы ў яго тую гітару, — кажа Паруліс. — Гэта быў наш кумір, ён тут вучыўся, і мы ведалі пра яго. У мяне ёсць яго пласцінкі, запісы...

Сам аўтар бронзавага партрэта, вядомы гродзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў, таксама з ліку фанатаў. Пры рабоце над вобразам карыстаўся фотаздымкамі, якія дала жонка музыканта. Шмат часу занялі ўзгадненні — было прапанавана 10 эскізаў. Але самым складаным стаў вызначаны тэрмін — ён быў надзвычай кароткі. Трэба бало працаваць і дзень і ноч, кажа аўтар. Узніклі праблемы з матэрыялам, доўга шукалі італьянскі граніт і знайшлі на адным з прадпрыемстваў у Гродзенскім раёне.

Дарэчы, удава спевака Малгажата Немен-Выджыцка высока ацаніла гэту работу. Яна прыехала на адкрыццё мемарыяльнай дошкі з Варшавы. Сама Малгажата таксама творчая асоба — у 70—80-я гады яна была вядомай мадэллю, а яшчэ яна мастачка і актрыса.

Падчас урачыстасці мне давялося пагутарыць з гэтай ветлівай жанчынай. Яна прызналася, што вельмі рада пабываць тут, у Гродне, дзе ўшаноўваюць памяць яе мужа. Дарэчы, яна і сама шэсць гадоў таму рабіла тут фотавыстаўку «Чэслаў Немен у аб'ектыве сваёй жонкі», а дачка Наталля выступіла ў драмтэатры з песнямі свайго бацькі.

У Польшчы, паведаміла Малгажата, Немен і цяпер вельмі папулярны. Нават школы названы яго імем. Яна расказала, як была ўзрушана, калі дзеці прысягалі на сцягах з яго выявай. Многія выконваюць песні спевака ў новых версіях.

На дзіва, у Польшчы няма музея Чэслава Немена. Малгажата лабіруе гэтую ідэю, робіць захады ў розныя інстанцыі, у тым ліку міністэрства культуры.

— Гэта справа не аднаго дня, — кажа жанчына. — Але я аптымістка і веру, што такі музей будзе. Можа, прысвечаны не толькі аднаму Чэславу, але і іншым музыкантам той эпохі, яго паплечнікам, якіх ужо няма сярод нас.

Пакуль у Польшчы толькі падступаюцца да стварэння музея, у Беларусі ён ужо ёсць. Магчыма — адзіны ў свеце. І знаходзіцца ён на радзіме спевака, у вёсцы Старыя Васілішкі Шчучынскага раёна, у тым самым доме, дзе музыкант нарадзіўся і пражыў 19 гадоў, пакуль сям'я Выджыцкіх не пераехала ў Польшчу. Дом тады прадалі, а пазней у ім размясцілі склад і краму. І толькі ў 2010 годзе адкрылі тут музей.

Трэба сказаць, што паломніцтва на радзіму спевака пачалося пасля яго смерці ў 2004 годзе. Усіх цікавіла: адкуль родам такі феномен? Уладзімір Сінюта працаваў тады старшынёй сельскага савета.

— Мне было няёмка, што сядзіба ў заняпадзе, плот паваліўся, на даху дзірка, падворак зарос бур'яном, — расказвае Уладзімір Уладзіміравіч. — Я нешта рабіў, каб змяніць гэты выгляд, а пасля выхаду на пенсію мяне запрасілі працаваць у музеі.

На радзіму Немена едуць турысты з Беларусі, Польшчы, Расіі і наогул з усяго свету. Напрыклад, летась тут пабывала каля сямі тысяч чалавек. Мясцовыя жыхары, а іх каля трох дзясяткаў, як могуць добраўпарадкоўваюць свае сядзібы, менш робіцца пустых дамоў. За два гады восем такіх дамоў набылі гаспадароў.

У планах — і аднаўленне дома-музея Чэслава Немена. Сёлета мяркуюць змяніць дах, зняць шыфер і пакласці драўляную гонту, як гэта было пры Выджыцкіх. Дарэчы, дому больш за сто гадоў, яго будаваў дзед Чэслава ў 1918 годзе. Цяпер тут ёсць пакой, які дае ўяўленне пра эпоху 50-х гадоў, а другая палова — непасрэдна музей творчасці музыканта.

Праўда, Малгажата, якая таксама пабывала ў музеі, звярнула ўвагу на тое, што некаторыя пласцінкі — пірацкія. Маўляў, Чэслаў заўсёды дбаў пра аўтарскія правы. Калі на канцэрце яго прасілі пакінуць аўтограф на такой пласцінцы, ён адмаўляў.

Што датычыцца новых альбомаў, то такое выданне рыхтуецца сумесна з польскім радыё, паведаміла Малгажата Немен. Але яна пакуль не афішуе новы праект. Адзначыла толькі, што вядуцца перагаворы, удакладняюцца ўмовы, каб атрымаць такі прадукт, які будзе актуальны і які будуць слухаць. Дарэчы, пры жыцці спевака выйшаў 21 альбом.

І хоць Чэслаў Немен большую частку жыцця пражыў у Польшчы, яго вельмі цягнула на малую радзіму. Аднойчы ён на пару гадзін завітаў сюды на таксі аж з Масквы, дзе быў на гастролях. Яго сувязь з гэтымі мясцінамі адлюстроўвае і псеўданім — Немен — ад назвы ракі Нёман, якая працякала недалёка ад дома Выджыцкіх. Цяпер на сядзібе стаіць скульптура спевака, а каля яе расце квітнеючы куст з мядовым водарам. Букет кветак з яго дырэктар музея ўручыў жонцы спевака як прывітанне ад яго малой радзімы.

Фота БелТА

Маргарыта Ушкевіч

Загаловак у газеце: Чэслаў Немен. Вяртанне ў бронзе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Як праходзіў ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812»

Трэці раз ваенна-гістарычны фестываль «Мір-1812» на два дні перанёс пасёлак больш чым на два стагоддзі назад. 

Грамадства

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Ці заўсёды выгадна афармляць бальнічны

Сярод знаёмых у мяне ёсць шмат жанчын, якія звяртаюцца да ўрача пры любым занядужанні і пры кожнай магчымасці афармляюць бальнічны ліст. 

Культура

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Чаму сучаснае беларускае кіно «невялікае»?

Пісьменнік і дысідэнт Андрэй Сіняўскі, калі расказваў пра ўтрыраваную дробязнасць савецкай «цывілізацыі», прывёў у прыклад аповесць Міхаіла

Грамадства

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Беларусь і Расія зблізілі пазіцыі па праграме рэалізацыі дагавора аб Саюзнай дзяржаве

Аб гэтым заявіў старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы са старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Мацвіенка.