Вы тут

Тры нагоды ўключыць тэлевізар на наступным тыдні


ІІ Еўрапейскія гульні

Фота: minsk2019.by

Спадары балельшчыкі, вы дачакаліся! З 21 чэрвеня ў эфіры тэле- і радыёканалаў Белтэлерадыёкампаніі — галоўныя спартыўныя старты гэтага лета. Каналы «Беларусь 5» і «Беларусь 5. Інтэрнэт» не толькі рыхтуюць вялікую колькасць новых тэматычных праектаў, але і наогул пераходзяць на кругласутачнае вяшчанне.

«Мы плануем паказаць максімальную колькасць спаборніцтваў у эфіры чатырох каналаў: спартыўных «Беларусь 5», «Беларусь 5. Інтэрнет», а таксама «Беларусь 1» і «Беларусь 2», — адзначылі ў медыяхолдынгу. — На пляцоўках Гульняў будуць заняты амаль усе нашы супрацоўнікі, ад каментатараў і спецыяльных карэспандэнтаў да рэжысёраў, аператараў і тэхнічнага персаналу». Тэлевізійнікі абяцаюць індывідуальна падладзіцца пад кожны з відаў спорту: напрыклад, на велагонках камеры будуць усталяваныя на верталётах і байках, а падчас спаборніцтваў па веславанні на байдарках і каноэ — на катамаранах і квадракоптарах. А ўсяго за час Гульняў у эфір выйдзе каля 600 гадзін відэакантэнту!


Героі

На гэтым тыдні ў эфіры «Беларусь 1» пачаўся шматсерыйны цыкл «Незабыты подзвіг», прысвечаны гераізму юных беларусаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Незаслужана забытыя, пастаўленыя пад сумнеў, запісаныя ў разрад «ідэалагічных міфаў» — журналісты Агенцтва тэленавін на працягу года праводзілі ўласнае расследаванне і з дапамогай архіўных дакументаў і ўспамінаў сведкаў згадалі гераічныя ўчынкі дзяцей, якія ўступілі ў бітву з ворагам нароўні з дарослымі. Так, аўтары дакументальнага цыклу ўжо расказалі пра ўраджэнку Віцебшчыны Зіну Партнову, якая, працуючы ў сталоўцы на акупаванай тэрыторыі, атруціла больш за сто нямецкіх афіцэраў.

На чарзе — аповед пра подзвіг партызана-разведчыка Марата Казея, які ў апошнім баі падарваў сябе разам з гітлераўцамі (дарэчы, у гэтым эпізодзе сыграў галоўную ролю яго нашчадак — праўнук сястры Героя Савецкага Саюза, Арыядны Казей), і пра ўраджэнца Быхаўшчыны Марата Казлова — на пачатку вайны яму было ўсяго 11 гадоў, але хлопчык праявіў недзіцячую стойкасць у барацьбе з ворагам... Кожны расказ дапоўнены рэканструкцыяй падзей і інтэрв'ю з экспертамі, гісторыкамі, якія раскрываюць некаторыя малавядомыя факты з жыцця герояў. Новыя серыі цыклу «Незабыты подзвіг» «Беларусь 1» пакажа ўвечары па аўторках.


Кіно плюс

Прыкмета нашых дзён — гістарычныя флэшмобы ў сацыяльных сетках: «Якімі вы былі 10 гадоў таму», «Прыгадайце свае 90-я» і г. д. Штосьці падобнае, але значна больш маштабнае, вырашылі рэалізаваць і тэлевізійнікі. З 16 чэрвеня па нядзелях на АНТ — новы праект «Камера. Матор. Краіна» пра кіно і гісторыю. Вядучая Юлія Мяньшова ў кожным выпуску будзе задаваць тэму гутаркі: браць адзін мастацкі фільм або тэлесерыял савецкага часу ці першага постсавецкага перыяду і на яго прыкладзе ўспамінаць, як жыла краіна і суайчыннікі ў год выхаду фільма на экраны.

Гасцямі студыі стануць непасрэдныя ўдзельнікі здымак — рэжысёры, акцёры, прадзюсары і іншыя людзі, якія сталі папулярнымі ў гэты час. Яны раскажуць, чым адзначыўся канкрэтны год у памяці, што адбывалася ў іхнім жыцці. І, канешне, паглядзяць найбольш уражлівыя ўрыўкі з кінастужак, на якіх вырасла цэлае пакаленне: «Піраты ХХ стагоддзя», «Каліна чырвоная», «Вялікі перапынак», «ТАСС упаўнаважаны заявіць» і многіх, многіх іншых.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».