Вы тут

Аб тым, як супрацоўнічаюць Беларусь і Польшча


Гэта было яскрава прадэманстравана падчас круглага стала, які прайшоў у рамках чарговага ХХІІ Беларуска-польскага эканамічнага форуму «Добрасуседства-2019». Прадстаўнікі Гродзенскай і Брэсцкай абласцей, Падляскага і Люблінскага ваяводстваў расказалі, якія трансгранічныя праекты яны ажыццявілі і што плануецца на найбліжэйшы час. Пра важнасць форуму сведчыць і яго высокае прадстаўніцтва. У пасяджэнні прынялі ўдзел старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч і яго польскі калега — кіраўнік польскага Сената Станіслаў Карчэўскі.


Першы намеснік маршалка Падляшскага ваяводства  Марэк Ольбрыш.

Праекты з саліднымі грантамі

Адным з інструментаў супрацоўніцтва сталі трансгранічныя праграмы «Добрасуседства» і «Польшча — Беларусь — Украіна». Краіны-суседкі на ўзроўні рэгіёнаў дамаўляюцца паміж сабой, каб выступіць з аднатыпнымі праектамі. Свае прапановы адпраўляюць на разгляд камісіі ЕС, і калі ўсё будзе адобрана, кожны бок атрымае сродкі на рэалізацыю.

Як расказала выканаўчы дырэктар Цэнтра міжнароднай тэхнічнай дапамогі ЕС у Беларусі Дзіна Ганчарова, такое супрацоўніцтва пачалося 15 гадоў таму. За гэты час было рэалізавана звыш 40 праектаў на суму 34 мільёны рублёў. Абодва бакі ўпэўніліся, што сумесная работа мае вялікі патэнцыял, бо спрыяе вырашэнню важных сацыяльных, эканамічных і культурных пытанняў жыцця. Бюджэт праграмы павялічваецца. Напрыклад, зараз ён складае 113 мільёнаў еўра.

Цяпер ідзе рэалізацыя праграмы «Польшча — Беларусь — Украіна» на 2017—2020 гады. Прайшлі два конкурсы. Па выніках першага было абрана 65 праектаў, палова — з удзелам беларускіх арганізацый, на долю якіх прыпадае 22,5 мільёна еўра. Найбольшая колькасць грантаў рэалізуецца ў Гродзенскай і Брэсцкай абласцях. Яшчэ 780 тысяч еўра выдзелена беларускім арганізацыям на рэалізацыю амаль 30 міні-праектаў. Гэта праекты па развіцці транспартнай інфраструктуры, захаванні гістарычнай спадчыны, экалагічнага кірунку, рэгіянальнага супрацоўніцтва, прадпрымальніцтва, навукі, бяспекі граніцы — усё тое, што спрыяе развіццю пагранічных тэрыторый.

За 15 гадоў фінансаванне вырасла ў пяць разоў, павялічваецца і колькасць сур'ёзных праектаў, бюджэт якіх складае да 10 мільёнаў еўра. Дзіна Ганчарова адзначыла, што цяпер рыхтуецца чарговая праграма на 2021—2027 гады, і беларусы прымуць у ёй актыўны ўдзел.

Шанц у дарожных ініцыятыў

Гродзенскі і Брэсцкі рэгіёны маюць выгаднае геаграфічнае становішча і шырокую сетку пагранічных пунктаў пропуску, што спрыяе наладжванню сувязяў з польскімі партнёрамі. Найбольшы рух, вядома, на аўтамагістралях. Таму папулярнымі становяцца праекты, якія дапамагаюць развіваць транспартную інфраструктуру.

Напрыклад, у Гродзенскім рэгіёне цяпер рэалізуецца адразу чатыры такія праекты. Як адзначыў старшыня Гродзенскага раённага Савета дэпутатаў Ігар Лябецкі, усе яны датычацца паляпшэння ўчасткаў дарог, якія вядуць на Аўгустоўскі канал ці знаходзяцца паблізу.

Новы турыстычны брэнд гродзенцаў — Аўгустоўскі канал — прывабны для замежнікаў, у першую чаргу польскіх турыстаў. Спрыяе пашырэнню сувязяў і бязвізавая зона канала. Мясцовыя ўлады памежных тэрыторый выйшлі з дарожнымі праектамі і атрымалі падтрымку. Агульны бюджэт беларускага боку — амаль 4 мільёны еўра. Па ўсіх праектах атрыманы першыя траншы. Як патлумачыў Ігар Лябецкі, сродкі пайшлі на будаўніцтва дарог, набыццё новай тэхнікі, інфармацыйных знакаў.

Старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Юрый Наркевіч і старшыня Гродзенскага абласнога  Савета дэпутатаў Ігар Жук.

Мытня: пільна і хутка

Каб зручней было наладжваць стасункі, вядзецца работа па ўдасканальванні пагранічнай прасторы. Начальнік Гродзенскай рэгіянальнай мытні Андрэй Кавальчук канстатуе: за апошнія тры гады аўтамабільны паток праз граніцу павялічыўся на траціну. Гэта сведчыць пра ўзаемны рост абароту тавараў і колькасці турыстаў.

У найбліжэйшы час завяршаецца рэканструкцыя самага буйнога на беларуска-польскай граніцы пункта пропуску «Брузгі». Тут будзе ўдасканалена сістэма рэнтген-сканавання. Аб'ем фінансавання ў рамках праекта складзе больш за 3 мільёны еўра. Новыя падыходы дазволяць павялічыць прапускную здольнасць у два разы і дасягнуць лічбы ў 1600 транспартных сродкаў за суткі. Будзе ўзноўлены пешаходны рух, што актуальна для жыхароў памежжа.

Разгрузіць граніцу дазваляюць лагістычныя цэнтры. Яны з'яўляюцца каля буйных пагранпераходаў. Цяпер завяршаецца будаўніцтва такога цэнтра ў пункце пропуску «Бераставіца». На сістэму дагляду ЕС выдзелена 4,5 мільёна еўра ў рамках трансгранічнага праекта. Гэта дазволіць значна павялічыць прапускную здольнасць.

Па гэтай жа лініі вядзецца мадэрнізацыя сістэмы відэанагляду. Між іншым, нядаўна атрымана дапамога ад КНР — тамографы, дэтэктары па распазнаванні выбуховых рэчываў і цікавая навінка — аўтамабіль, які едзе без кіроўцы.

Бяспека пагранічнай прасторы

У гэтым бачаць сваю задачу выратавальныя службы абедзвюх краін, паведаміў намеснік начальніка Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Аляксандр Жамчужнікаў.

Па праекце «Захаваем Белавежскую пушчу разам», які рэалізуецца сумесна з брэсцкімі і польскімі калегамі, набыты камплект тэхнікі, у тым ліку аўтамабілі павышанай праходнасці. На гэтыя мэты было атрымана 870 тысяч еўра.

Па праграме трансгранічнага супрацоўніцтва адбудзецца рэканструкцыя вучэбна-трэніровачнага комплексу, набыццё інвентару для міжнародных спаборніцтваў. Дарэчы, не так даўно Гродна прымала сусветны чэмпіянат па пажарна-выратавальным спорце. На гэты праект з боку ЕС атрымана 450 тысяч еўра.

Яшчэ два праекты распачнуцца ў ліпені. Адзін з іх накіраваны на бяспеку трансгранічнай прасторы ў выпадку экалагічнай катастрофы. Бюджэт беларускага боку складае 750 тысяч еўра. Плануецца набыццё пажарнага аўтапад'ёмніка вышынёй не менш за 50 метраў.

У рамках другога праекта будзе пабудаваны аварыйна-выратавальны комплекс на тэрыторыі Аўгустоўскага канала, а таксама набыты аўтамабіль павышанай праходнасці і катар. Па словах Аляксандра Жамчужнікава, такія праекты дазваляюць палепшыць каардынацыю дзеянняў, скарыстаць новыя тэхналогіі і павысіць кваліфікацыю выратавальнікаў.

Цяпер на чарзе праект па гісторыі пажарнай службы. І гэта даволі значная справа, якая прадугледжвае рэканструкцыю пажарнай каланчы — помніка гісторыі і архітэктуры ў Гродне. На гэтыя мэты, а таксама на вучэбныя праграмы будзе выдаткаваны 1 мільён еўра. Такі ж праект будзе ажыццяўляцца і ў Беластоку.

Міхаіл Мясніковіч, старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь:

— На Беларуска-польскім эканамічным форуме абмяркоўваюцца вельмі актуальныя пытанні. Гэта наша агульная гісторыя, і мы павінны зрабіць унёсак у далейшае развіццё добрасуседскіх адносін. У Гродзенскай і Брэсцкай абласцях рэалізуецца каля 50 сумесных праектаў. Лічу, што іх можа быць значна больш. Ёсць дамова з гандлёва-прамысловымі палатамі і польскай Акадэміяй навук аб правядзенні Форума ідэй, для таго каб такіх сумесных праектаў стала яшчэ больш.

Фота БелТА

Маргарыта Ушкевіч

Загаловак у газеце: Суседзі, якія сябруюць праз мяжу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

Як сапраўдныя мужыкі засвойваюць «жаночую» справу

У апошнія гады тэма раўнапраўя паміж мужчынамі і жанчынамі перажывае новую хвалю росквіту.

Культура

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Згадкі пра Аркадзя Куляшова

Гісторыя аднаго выступлення.