Вы тут

У Глыбоцкім раёне добрыя паказчыкі выкарыстання нерухомасці


Чарговы выязны прэзідыум Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў адбыўся ў Глыбоцкім раёне таму, што тут вельмі добрыя паказчыкі выкарыстання нерухомасці. Гэтая тэма была ў цэнтры ўвагі народных выбраннікаў. Мясцовыя дэпутаты паказалі калегам будынкі, якія цяпер выкарыстоўваюцца ў якасці вытворчых і гандлёвых плошчаў, пазнаёмілі з іх гаспадарамі — дзелавымі людзьмі, якія рэалізавалі інвестыцыйныя праекты.


Старшыня аблсавета Уладзімір Цярэнцьеў канстатаваў, што глыбоцкі вопыт неабходна пераймаць. Тут выкарыстоўваецца прыкладна 93 % нерухомасці, няма праблем з паступленнем у бюджэт грошай за арэнду.

А сакрэт поспеху просты: на ўсіх узроўнях мясцовай улады трэба, як у Глыбоцкім раёне, падыходзіць да ўцягвання ў эканамічны абарот дзяржаўнай маёмасці не фармальна. Калі дэпутацкі корпус актыўна працуе з інвестарамі, ён можа многае.

Спікер «абласнога парламента» папрасіў, дарэчы, больш актыўна расказваць пра магчымасці выкарыстання нерухомасці. Канешне, параўнаўча вопытныя прадпрымальнікі ў курсе. А іх землякі, якія падумваюць заняцца сваёй справай? Наўрад ці. Наогул дэпутаты могуць больш актыўна рэкламаваць бізнес-магчымасці выкарыстання аб'ектаў нерухомасці, упэўнены старшыня аблсавета.

Па сутнасці, калі нерухомасць пачынаюць выкарыстоўваць, паралельна вырашаецца некалькі задач. Зразумела, уласнік будзе займацца і добраўпарадкаваннем навакольнай тэрыторыі. Ствараюцца працоўныя месцы, адпаведна вырашаецца праблема занятасці. Нярэдка арганізуецца экспарт прадукцыі, у бюджэт пералічваюцца падаткі...

Галаўны боль мясцовай улады: нерухомасці шмат, а тых, хто хоча яе купіць, мала. Напрыклад, на прэзідыуме было агучана, што за пяць месяцаў бягучага года ў вобласці ўцягнулі ў абарот толькі 50 аб'ектаў, або 10 % ад запланаванага. Знеслі або дэмантавалі 13 будынкаў і збудаванняў, а плануецца на працягу года 201. Ці паспеюць разбурыць астатняе? Адказ напрошваецца адмоўны.

Нягледзячы на даручэнне кіраўніцтва аблвыканкама па прадстаўленні ў абласны тэрытарыяльны фонд дзяржаўнай маёмасці да 1 красавіка дакументаў для правядзення аўкцыёнаў, на сённяшні дзень не прынятыя рашэнні больш чым па 40 аб'ектах з 323 запланаваных. Гэты факт, як канстатаваў кіраўнік фонду Віктар Зайцаў, — вынік нізкай выканальніцкай дысцыпліны асобных спецыялістаў на месцах, таксама ён сведчыць пра нездавальняючае вядзенне бухгалтарскага ўліку, фармалізм пры правядзенні штогадовых інвентарызацый.

Удзельнікі мерапрыемства не хавалі праблем, якія нярэдка перашкаджаюць у рабоце з нерухомасцю. Напрыклад, старшыня Глыбоцкага раённага савета Галіна Унуковіч расказала пра будынак школы, які можна набыць за базавую велічыню. Дык і добра, у чым цяжкасці? Але ж, аказваецца, каб аформіць суправаджальную дакументацыю на аб'ект, трэба вельмі патраціцца, і ў выніку базавая ператвараецца ў дзясяткі тысяч рублёў.

У любым выпадку мясцовая ўлада, разумеючы праблемы інвестараў, павінна дапамагаць ім на ўсіх этапах: ад экскурсіі на аб'екты, якія могуць зацікавіць, да нюансаў выкарыстання падчас эксплуатацыі.

Дэпутатаў пазнаёмілі з прадпрымальнікамі, якімі маглі б ганарыцца ў кожным раёне. Адзін з іх валодае гатэлем. Гаспадар стварае каля будынка прыгожы зялёны куточак. Ён жа паралельна займаецца бізнесам у сферах дрэваапрацоўкі, прыдарожнага сэрвісу. Цікава, што старанным працаўнікам, якім дапамагае пазбавіцца ад алкагольнай залежнасці, ён да зарплаты выплачвае і прэмію — каля 100 рублёў.

Шмат добрых уражанняў народныя выбраннікі атрымалі падчас наведвання прадпрыемства, якое займаецца вырабам вулічнага дэкору з металу. Яно дзейнічае ў будынку, які доўгі час не эксплуатаваўся. Тут могуць зрабіць, напрыклад, дэкаратыўны масток і сабраць яго на месцы, ці карэту, як і скульптуру паштальёна, калі будзе такі заказ.

Каб такіх прыкладаў эфектыўнага выкарыстання нерухомасці было больш, трэба не пакідаць пытанне ўцягвання нерухомасці ў абарот «на потым». У кожнага аб'екта ёсць плюсы, якія трэба актыўна рэкламаваць. І вельмі важна адшукаць тых, каму прасцей будзе прапанаваць нешта з нерухомасці, улічыўшы вытворчыя і іншыя задачы. Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі выязнога прэзідыума.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: Нерухомасць павінна «рухацца»

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.