Вы тут

Брэсцкія ратавальнікі рэгулярна атрымліваюць гранты ад Еўрасаюза


Каля дзесяці гадоў брэсцкія ратавальнікі ўдзельнічаюць у якасці заяўнікаў або партнёраў у праграме трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча—Беларусь—Украіна». Гэта дае добрыя магчымасці для далейшага развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы і ўкаранення перадавых тэхналогій.


Скрыншот з youtube.com

Любому турысту ў нас скажуць, што на Брэстчыне захавалася нямала мясцін, якія амаль не кранула цывілізацыя: густыя лясы Белавежскай пушчы, забалочаныя поймы Прыпяці і Піны, іншыя прыродныя славутасці. Яны назапашвалі свой прыродны патэнцыял многія стагоддзі, а знішчаныя могуць быць за лічаныя гадзіны. Бо пажары на тарфяніках, у лясах, нярэдка справакаваныя неабачлівасцю чалавека, — шматгадовая праблема ў памежных рэгіёнах Беларусі, Украіны, Польшчы. Маючы пачатак на тэрыторыі адной з краін, пажар пагражае суседнім. Брэсцкія ратавальнікі ў свой час прапанавалі комплексны падыход у вырашэнні гэтай праблемы. Для захавання ўнікальнай прыроднай разнастайнасці і абароны насельніцтва ад наступстваў пажараў у экасістэмах узнікла неабходнасць у кааперацыі паміж мясцовымі ўладамі, пажарна-выратавальнымі службамі, грамадскімі арганізацыямі трох краін. Так з'явіліся сумесныя праекты «Захаваем Белавежскую пушчу разам», «Развіццё трансгранічнага супрацоўніцтва для абароны людзей і навакольнага асяроддзя на памежнай тэрыторыі Польшчы і Беларусі» ды іншыя.

У праграме трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча—Беларусь—Украіна» выратавальнікі ўпершыню прынялі ўдзел некалькі гадоў таму. Іх праект называўся «Удасканаленне сістэмы грамадскага ўдзелу ў папярэджанні і ліквідацыі экалагічных катастроф у еўрарэгіёне «Буг». Мэтай праекта вызначалася пераламаць сітуацыю з вясновымі паламі травы. Тады ў вобласці сітуацыя была больш чым напружанай, баявыя разлікі пастаянна выязджалі на тушэнне палаючай расліннасці. Акрамя таго, востра стаяла праблема дзіцячага свавольства з агнём. Выдзеленыя сродкі ў памеры аднаго мільёна еўра дазволілі пабудаваць у абласным цэнтры міжнародны валанцёрскі цэнтр выратавальнікаў з канферэнц-залай, гасцініцай, вучэбна-трэніровачнай базай, выдаць цэлы шэраг найменняў папулярнай літаратуры.

Адной з самых значных сумесных спраў выратавальнікі называюць праект «Захаваем Белавежскую пушчу разам». Тады за мільён еўра ўдалося набыць 30 адзінак тэхнікі, у тым ліку чатыры дзесяцітонныя цыстэрны з поўным наборам абсталявання. Гэты праект прызнаны адным з найлепшых у сферы бяспекі. На ўрачыстае падвядзенне вынікаў праекта прыехалі калегі брэсцкіх выратавальнікаў з Польшчы. Разам залажылі алею сяброўства з маладых дубкоў.

Супрацоўніцтва з суседзямі і Еўрасаюзам працягваецца. Удзел у кожным чарговым этапе праграмы дазволіў за кошт грантавых сродкаў набыць тэхніку павышанай праходнасці для тушэння тарфянікаў, а таксама адпрацаваць з польскімі і ўкраінскімі калегамі алгарытм ліквідацыі надзвычайных сітуацый на пагранічнай тэрыторыі.

— Вялікая ўвага на гэтым шляху аддаецца рабоце з дзецьмі і моладдзю, — расказаў начальнік Цэнтра прапаганды бяспекі жыццядзейнасці Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Мікалай КУЗЬМІЦКІ. — Па праграме «Моладзь памежжа разам за бяспеку» з бюджэтам у паўмільёна еўра ў адным з падраздзяленняў МНС па вуліцы Савецкай Канстытуцыі была створана музейная экспазіцыя пажарнай службы Брэстчыны з інтэрактыўнымі элементамі.

— Зараз дзякуючы праграме пачынаецца рэканструкцыя былой армейскай казармы па вуліцы Лейтэнанта Рабцава. Тут будзе абласны цэнтр бяспекі, абсталяваны з выкарыстаннем сучасных тэхналогій, — працягвае Мікалай Кузьміцкі. — Найноўшыя тэхналогіі паслужаць стварэнню тэматычных інтэрактыўных зон, дзе дарослыя разам з дзецьмі ў гульнявой форме змогуць прайсці навучанне. Яны атрымаюць як тэарэтычныя веды, так і практычныя навыкі. Праекціроўшчыкі прадугледзелі зоны не толькі па лініі МНС, але і па ўсіх аспектах бяспекі. Распрацоўшчыкі ідэі спадзяюцца, што ў выхадныя людзі будуць хадзіць сюды сем'ямі, нібы ў аквапарк. У новым цэнтры прадугледжана таксама база для навучання і ўдасканалення навыкаў супрацоўнікаў МНС пры выкарыстанні віртуальнай рэальнасці.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Аўтацыстэрна для пушчы, музей, вучэбны цэнтр

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.