Вы тут

Беларусь і Польшча дамовіліся аб распрацоўцы новых праграм супрацоўніцтва


Беларусь і Польшча дамовіліся аб распрацоўцы новых праграм супрацоўніцтва на 2021—2027 гады. Адбылося гэта падчас ХХІІ Беларуска-польскага эканамічнага форуму «Добрасуседства-2019». Сёлета ў мерапрыемстве ўдзельнічала больш за 440 прадпрымальнікаў з усіх рэгіёнаў Беларусі і 140 польскіх бізнесменаў. Яны прадстаўлялі разнастайныя сферы — сельскую гаспадарку, навуку, адукацыю, ІT. Асаблівы статус падзеі надаў удзел старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіла МЯСНІКОВІЧА і яго польскага калегі, маршала Сената Польшчы Станіслава КАРЧЭЎСКАГА, прадстаўнікоў кіраўніцтва міністэрстваў і дыпламатычных місій дзвюх краін.


«Для Беларусі Польшча — важны і перспектыўны партнёр у Еўрапейскім саюзе. Паміж нашымі краінамі актывізаваўся палітычны дыялог, міжпарламенцкія, міжурадавыя кантакты набылі сістэмны характар, умацоўваюцца гандлёва-эканамічныя сувязі. Гэта, у сваю чаргу, — добры знак і спрыяльныя ўмовы для бізнес-супольнасці. Па выніках 2018 года ўпершыню за апошнія восем гадоў аб'ём узаемнага гандлю дасягнуў 2,55 мільярда долараў ЗША. У Беларусі працуе 339 арганізацый з польскім капіталам. Польскія інвестыцыі ў эканоміку Беларусі за мінулы год склалі 445 мільёнаў долараў ЗША», — паведаміў Міхаіл Мясніковіч.

Польшча займае шостае месца сярод знешнегандлёвых партнёраў Беларусі. Агульныя намаганні перспектыўныя ў рамках ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях». «У гэтых пытаннях нашы краіны зрабілі нямала важных крокаў насустрач. Напрыклад, нядаўна заключаны Дагавор аб утрыманні пагранічных чыгуначных маставых аб'ектаў на беларуска-польскай мяжы, актывізаваліся праекты па аўтамабільных дарогах», — сказаў старшыня Савета Рэспублікі.

Асаблівая ўвага аддаецца інавацыйным, навукова-тэхнічным, трансгранічным, інфраструктурным праектам. Таксама цікавым уяўляецца ўзаемадзеянне ў сферы клетачнай інжынерыі, аховы экасістэм Белавежскай пушчы.

Беларусь і Польшча прэтэндуюць на статус еўрапейскіх лідараў у сферы інавацый. У Польшчы сфарміравана развітая сістэма тэхнапаркаў і інкубатараў, створаны польскі фонд развіцця, дзейнічае праграма па спрашчэнні прадпрымальніцкай дзейнасці «Канстытуцыя для бізнесу». У Беларусі меры па падтрымцы бізнесу, развіцці прыватнай ініцыятывы і ІT-індустрыі знайшлі ўвасабленне ў дэкрэтах Прэзідэнта (№ 7 і № 8). Таму лічбавізацыя і ІT-тэхналогіі — новыя кірункі супрацоўніцтва для краін.

Па словах кіраўніка верхняй палаты парламента, Беларусь — краіна з адкрытай эканомікай, зацікаўленая ў прыцягненні польскіх інвестараў, і не толькі сусветна вядомых. Многія праекты Міхаіл Мясніковіч абмяркоўваў з міністрам прадпрымальніцтва і тэхналогій Польшчы Ядзвігай Эмілевіч падчас візіту ў гэтую дзяржаву ў лютым гэтага года.

Актыўны ўдзел у форуме прымалі і маладыя людзі як на пляцоўках секцый, так і сярод арганізатараў. Найлепшыя іх ініцыятывы неабходна падтрымліваць на ўзроўні стартапаў, каб у будучыні яны перараслі ў бізнес. «За маладзёжнымі кантактамі будучыня нашага супрацоўніцтва. У той жа час гэта ўзаемадзеянне павінна ажыццяўляцца на адкрытай, парытэтнай аснове, не перарастаць у вымыванне кадраў», — заўважыў Міхаіл Мясніковіч.

Падчас размовы з журналістамі старшыня Савета Рэспублікі акцэнтаваў увагу на навінках форуму, які адбыўся ўжо дваццаць другі раз: «Ён прырос не толькі колькасцю ўдзельнікаў, але і сваёй тэматыкай».

Міхаіл Мясніковіч паведаміў пра праграмы партнёрства, аб якіх дамовіліся сенатары: «Нашы праграмы, у тым ліку трансгранічнага супрацоўніцтва, супрацоўніцтва ў рамках рэгіёнаў Буг — Нёман, заканчваюцца 2020-м годам. Гэта праграмы фактычна Еўрасаюза, Беларусі і Украіны. І мы дамовіліся аб тым, што ўжо сёлета прыступім да падрыхтоўкі новай праграмы пасля 2021 года. Мы лічым, што разліковы перыяд — 2021—2027 гады».

Па прычыне больш цесных кантактаў з ЕС у апошнія часы ёсць надзея, што новыя дамоўленасці будуць больш плённыя, чым папярэднія. Акрамя гэтага, Беларусь і Польшча распрацуюць двухбаковую праграму, якая вырашыць пытанні не толькі трансгранічных, але і камерцыйных, адукацыйных праектаў.

Станіслаў Карчэўскі паведаміў пра развіццё навуковага супрацоўніцтва паміж акадэміямі навук і ўніверсітэтамі Беларусі і Польшчы. «Я абсалютна згодны, што наш асноўны прыярытэт — гэта моладзь. Я таксама асабліва рады таму, што наш тавараабарот, інвестыцыі пастаянна растуць, але тым не менш абсалютна прыярытэтным застаецца чалавечае вымярэнне», — канстатаваў маршал Сената Польшчы.

Арганізавала чарговы форум Беларуская гандлёва-прамысловая палата сумесна з Польска-беларускай гандлёва-прамысловай палатай і Польскім агенцтвам інвестыцый і гандлю. Падтрымала мерапрыемства Пасольства Польшчы ў Беларусі.

«Яго ўдзельнікам прапанавана шырокая праграма, якая ўключае дзелавое абмеркаванне пытанняў міжрэгіянальнага супрацоўніцтва і развіцця лагістыкі, інфармацыйных тэхналогій і іншага. У рамках форума таксама праходзяць сустрэчы вучоных, прадстаўнікоў універсітэтаў дзвюх краін, пройдуць перамовы бізнесу, якія несумненна прынясуць і новыя пагадненні, і новыя кантракты», — сказаў на адкрыцці старшыня Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Уладзімір УЛАХОВІЧ.

Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі Уладзімір КАЛТОВІЧ адзначыў, што за лічбамі тавараабароту, інвестыцый схавана галоўнае — гісторыя адносін нашых народаў: «Фундамент сумеснага жыцця фарміруе такі неабходны сёння фундамент партнёрскіх і, галоўнае, мірных адносін».

Міністр расказаў пра магчымасці для замежных прадпрымальнікаў у нашай краіне. «У Беларусі адчынены дзверы для польскага бізнесу, створаны ўсе неабходныя ўмовы для прыбытковай работы, створана сістэма стымулявання і абароны інвестараў. Існуе шэраг спецыяльных прэферэнцыяльных рэжымаў для ўсіх сфер — ад прамысловасці да высокіх тэхналогій, — сказаў Уладзімір Калтовіч. — Я хачу запэўніць польскі бізнес, што нязначныя інвестыцыйныя рызыкі з лішкам будуць перакрывацца гарантаваным доступам да сыравіны, высокаадукаванай, прафесійнай рабочай сілай, а таксама выхадам на шматмільённы рынак еўразійскай эканамічнай прасторы».

Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар БРЫЛА паведаміў, што па выніках чатырох месяцаў бягучага года экспарт беларускай сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання ў Польшчу павялічыўся амаль у два разы ў параўнанні з мінулым. Пры гэтым расце і імпарт.

Падчас цырымоніі адкрыцця былі падпісаны двухбаковыя пагадненні прадпрыемстваў, устаноў аб супрацоўніцтве і ўручаны эканамічныя ўзнагароды імя Юзафа Лахоўскага за значны ўнёсак у развіццё адносін паміж прадпрымальнікамі Беларусі і Польшчы. З беларускага боку яе атрымала прадпрыемства «Санта-Брэмар», з польскага — будаўнічая кампанія Unіbер.

Марыя ДАДАЛКА

Фота БелТА

Загаловак у газеце: Фундамент добрасуседства

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».