Вы тут

Тэст праз адценні ружовага


У прынцыпе, было зразумела, чаго чакаць ад артыста Івана Труса. І калі выпадае «Убачыць ружовага слана», то з ім у галоўнай ролі, — разважала да пачатку. Пад канец зразумела: ёсць іншая прычына, каб глядзець, пры тым, што Трус нерэальна шалёны.


Ён то крычыць, то шапоча, то мітусіцца ў роспачы, а потым сціхае, зноў уздымае градус напружання, заходзіцца ў істэрыцы і ў прыступе гневу пераступае мяжу — сціскае шыю жанчыны рукамі… Але галоўны жах яго героя Леві не ў тым, што не ўмее кантраляваць эмоцыі. А ў тым, як і з-за чаго яны ўзнікаюць, чаму не даюць чалавеку быць шчаслівым у рэчаіснасці і будаваць сваю будучыню, — а ён пра гэта вельмі марыць.

Ружовыя мары і змрочная рэчаіснасць сышліся ў спектаклі Міжнароднага тэатральнага праекта HоmоСоsmоs. П’еса сучаснага эстонскага драматурга Пірэт Яакс «Убачыць ружовага слана» ў 2011 годзе атрымала галоўную прэмію конкурсу Эстонскага тэатральнага агенцтва, пазней яе пераклалі на 7 моў свету. Яна заслугоўвае ўвагі, таму што паказвае чалавека ў незвычайных абставінах: герой імкнецца балансаваць на мяжы рэчаіснасці і трызнення, часам наогул губляецца паміж жыццём і галюцынацыямі. І тэарэтычна ёсць разуменне: так, верагодна, бывае. Іншае — уявіць гэта разам з галоўным героем Леві, які пачуваецца закутым ва ўласнае ўяўленне, услед за ім паглыбіцца ў стан, за якім — чалавечая бездань…

Менавіта п’еса — яе пабудова, дзе інтрыга захоўваецца да самых апошніх сцэн, — насамрэч рухавік спектакля, які паставіў у Беларусі эстонскі рэжысёр Калеў Куду. П’еса вядзе артыстаў, задаючы ўмовы іх існавання на сцэне. Гэта не значыць, што за іх усё прапісана драматургам і застаецца толькі агучыць. У розных артыстаў паспяховы мужчына Леві можа быць іншы (і нават у нас HоmоСоsmоs дае магчымасць у гэтым упэўніцца). Не меншая таямніца — яго жанчыны. Іх дзве. Але гэта не банальны любоўны трохкутнік, за калізіямі якога назіраеш частку спектакля. А потым — бац! Піраміда адносінаў, якую глядач ужо выбудаваў праз успрыманне дзеі, дзесьці пасля сярэдзіны пачынае ламацца.

Па-сучаснаму стрыманы інтэр’ер кватэры, дзе ўсё густоўна: на сценах выявы мастацкага фота (ён і яна), кубы-пуфікі, подыум-стол і, галоўнае, — белы дыван. Леві — маньяк чысціні! У гэтай прасторы раскатваецца рэха: ён кліча яе. Спачатку ціха — шэптам. Але шэпт у яго (і нашай) галаве гучыць як енк. Мікрафоны (яны звісаюць нібыта стыльныя свяцільні), у якія час ад часу прамаўляецца частка тэксту, даюць цудоўную ілюзію гуку, які працінае, вырываецца знутры. Так клічуць жанчыну-мару, жанчыну-здань, якая не напружвае сваім існаваннем. І яна прыходзіць. Рэальная гламурная паненка адразу расквечвае прастору жыцця Леві. Ёй вельмі пасуе ружовы колер. І тут заўважаеш, што і герой імкнецца адпавядаць — вонкава, але хоць бы драбніцамі ружовага. Гармоніі не атрымліваецца: дзяўчына-стыль аказваецца дзяўчынай-схемай. Ні кроплі жывой эмоцыі. Ні каліва спачування беднаму Леві, які вельмі пакутуе з-за Сімоны (артыстка Кацярына Бондарава). Што не так з паненкай?

Паступова прыходзіць адказ, калі ў кола злучаюцца ўсе дэталі: бутэлькі і шклянкі, дзіцячы роварчык, целыманекены і нават фрызуры дзвюх жанчын з жыцця Леві, бо яны вельмі розныя. І была б гэтая гісторыя проста побытавымі разборкамі з сямейным гвалтам — так, вельмі балючая тэма, якая крычыць у цішыні шмат якіх дамоў… Але гульня светлавых плямаў стварае містычна-бязлітасны фон, за якім тлумачэнне ўсяго, што адбываецца ў адной з клетак-кватэр моднага «Ружовага слана», дома, дзе Леві жыве і дэградуе ў кампаніі дарагіх напояў, Сімоны і ненавязлівай, хутчэй фонавай Катрын (так яна выглядала ў выкананні Настассі Бабровай — і, можа быць, у гэтым логіка персанажа, які месцамі быў сыграны нясмела, няроўна).

Ружовая метафара спрацоўвае ў спектаклі таму, што колеравыя акцэнты вельмі тонка расставіла мастак-пастаноўшчык Кацярына Шымановіч. Тут няма татальнага ружовага, але ён урываецца ў аповед як татальная эмоцыя. Гэтая эмоцыя распараджаецца галоўным героем, а не наадварот. Нават у тыя моманты, калі, здаецца, ён здольны зрабіць чалавечы выбар, эмоцыя зносіць дах і не пакідае надзеі — як у сітуацыі з Джэкам Лонданам…

Як толькі аскепкі надзей Леві рассыпаюцца цалкам, глядач можа ўздыхнуць: скончыўся няпросты шлях, калі даводзілася прадзірацца скрозь заблытаны сюжэт, паступова мяняючы для сябе вызначэнне: пра што ж гэтая пастаноўка? Не толькі лав-сторы, не столькі трохкутнік, не меладрама вакол нараджэння дзіцяці, не крымінальны трылер з забойствам. Але элементы ўсяго гэтага прысутнічаюць. І нават калі месцамі ўвага зніжалася (не спрацавалі звязкі паміж некаторымі сцэнамі, крыху прамаруджваўся тэмп, не заўсёды артысты ўпэўнена і пераканаўча пачуваліся ў скуры сваіх герояў, а тут вельмі патрэбна іх разумець, згодна з характарыстыкамі, якія прамаўляюцца тэкстам), то выніковая нечаканасць гісторыі — і тое, як напружана ты яе складваў-звязваў у адно цэлае, — даюць адчуванне палёгкі, нягледзячы на тое, што зло нібыта і перамагае. Яно перамагае героя. У прысутных ёсць магчымасць пачувацца героямі: з намі павінна быць усё ў парадку. Такая вось тэатральная кадзіроўка, лёгкая форма. Таму што жудасны стан, калі чалавек губляе сябе і ператвараецца ў залежнага, псіхічна нестабільнага чалавека, перададзены, — у тым ліку дзякуючы ігры артыста Леві. Праўда, іграць было што. Падобна на тое, як у «Лаліце» Набокава раскрываецца псіхалогія педафіла знутры, тут нас паглыбілі ў заблытаную свядомасць алкаголіка і хатняга тырана. І гэта не бяскрыўдны стан чалавека, які ў сваёй хаце робіць, што хоча.

Падчас прагляду гледачам даводзілася быць калі не саўдзельнікамі, то і не назіральнікамі гібелі чалавека — так арганізаваны прагляд спектакля ў прасторы HІDЕ. Тут фактычна няма мяжы паміж гледачамі і акцёрамі. Менавіта для такіх складаных гутарак пра чалавека падыходзяць такія адкрытыя ва ўсіх сэнсах умовы. Мы да іх яшчэ не прывыклі. Тым не менш жаданне ісці на нешта «такое — эксперыментальнае» ёсць. Глядацкая прывычка ўмацоўваецца жаданнем людзей тэатра ставіць такое, дзе чалавек падаецца не стандартна-схематычна, дзе ён жыве і дае адчуванне жыцця.

Ларыса ЦІМОШЫК

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.