Вы тут

Калі арэндная кватэра можа стаць сацыяльнай?


У першых чыслах мая ў нашай краіне была прынятая новая рэдакцыя Жыллёвага кодэкса, якая ўнесла змены ў пытанні рэгулявання атрымання жылля з Дзяржаўнага фонду. Пра тое, як змяніліся падыходы да выдзялення арэнднага і сацыяльнага жылля, расказала намеснік начальніка аддзела юрыдычнай работы і кадраў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі Вольга Герман.


Сіротам не пакой, а асобнае памяшканне

Навіна нумар адзін. Цяпер тыя, хто мае права на сацыяльнае жыллё, але пражывае ў арэндным, могуць перавесці яго ў разрад сацыяльнага. Дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, па заяве апекуна або папячыцеля маюць магчымасць змяніць статус арэнднага жылля, наймальнікамі якога з'яўляюцца, і не плаціць за карыстанне квадратнымі метрамі. Акрамя дзяцей-сірот такое права прадугледжана для 17 катэгорый грамадзян, якія па законе могуць прэтэндаваць на атрыманне сацыяльнага жылля.

Навіна нумар два. Раней выканаўчыя ўлады маглі даць людзям, якія маюць права на сацыяльнае жыллё, пакой з агульнай кухняй. Сем'ям з дзецьмі-інвалідамі або людзям з цяжкімі хранічнымі захворваннямі жыць у такіх умовах было складана. Таму ў кодэкс унеслі змяненне: абавязалі мясцовыя ўлады даваць сацыяльнае жыллё ў выглядзе асобных кватэр. Дзеці-сіроты, дзеці, што засталіся без апекі бацькоў, і іншыя катэгорыі грамадзян, якія маюць права на сацыяльнае жыллё, заўсёды будуць атрымліваць асобную кватэру, а не пакой.

Безбар'ерны доступ

Новы Жыллёвы кодэкс уносіць яшчэ адну важную папраўку. Цяпер людзям з інваліднасцю, што карыстаюцца дзяржжылфондам, выканкам павінен знайсці такі варыянт жылля, які будзе адпавядаць іх фізічнаму стану, гэта значыць забяспечыць безбар'ерны доступ у кватэру, каб чалавек змог выходзіць на вуліцу і паўнапраўна жыць у грамадстве. «Па яго заяве выканкам павінен знайсці варыянты добраўпарадкаванага жылля, якія будуць забяспечаны неабходнай інфраструктурай, размяшчацца на першым-другім паверхах», — адзначыла Вольга Герман.

Працягваць можна, прыватызаваць нельга

Па існуючых правілах пры засяленні людзей у арэнднае жыллё іх здымаюць з чаргі на льготнае будаўніцтва, і яны становяцца закладнікамі арэндных метраў, прыватызаваць якія па заканадаўстве нельга. Варыянт прыватызацыі арэнднага жылля па-ранейшаму не разглядаецца і не абмяркоўваецца.

У выпадку атрымання арэнднай кватэры, якая забяспечвае ўсіх членаў сям'і квадратнымі метрамі ў дастатковай меры, сям'я ўсё гэтак жа будзе здымацца з чаргі тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Гэты падыход захаваны, паколькі арэнднае жыллё даецца наймальнікам у пастаяннае (!) карыстанне. Калі чалавек выконвае ўсе свае абавязацельствы па аплаце камунальных паслуг і спраўна плаціць за карыстанне жылым памяшканнем, кожныя пяць гадоў выканкам абавязаны працягваць дагавор найму. Гэта значыць, дзяржава гарантуе людзям, што пры выкананні ўмоў дагавора яны змогуць жыць у арэндным жыллі столькі, колькі захочуць.

Выключэнне складаюць супрацоўнікі, якія атрымалі арэндную кватэру на перыяд працоўных і службовых адносін. Як і раней, іх не будуць здымаць з чаргі тых, хто мае патрэбу, бо ў выпадку спынення працоўных адносін яны абавязаны будуць вызваліць такую кватэру.

У запасе — каля 142 тысяч кватэр

Найбольш запатрабавана дзяржаўнае здымнае жыллё ў сталіцы. На адну кватэру камерцыйнага выкарыстання ў Мінску паступае ад 50 да 200 заявак.

Прыкладна 30 % арэнднага жылля прызначана для тых, хто мае першачарговае права на яго атрыманне. У іх ліку маладыя спецыялісты, служачыя, якія атрымалі адукацыю за кошт рэспубліканскага ці мясцовага бюджэту, работнікі пры назначэнні на пасаду ў выпадку пераезду з іншага населенага пункта. Яшчэ прыкладна 10 % арэндных кватэр выдзяляецца вайскоўцам і прыраўнаваным да іх асобам.

Астатнія 60 % прапанаванага арэнднага жылля дзяржжылфонду даецца грамадзянам, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Але пры адсутнасці прэтэндэнтаў з ліку чаргавікоў (такая сітуацыя можа быць у невялікіх гарадах і вёсках) засяліцца могуць і іншыя катэгорыі грамадзян.

Вольга Герман адзначыла, што рынак арэнднага жылля ў краіне развіваецца з 2014 года. Новая рэдакцыя Жыллёвага кодэкса сістэматызуе прававыя нарматыўныя акты ў сферы жыллёвых праваадносін, у тым ліку карэктуе пытанні рэгулявання арэнднага жылля. У цэлым арэндны жыллёвы фонд у краіне, па звестках на 1 красавіка гэтага года, налічвае 142 410 кватэр, з іх 121 тысяча — тыя, што раней адносіліся да службовых жылых памяшканняў і выдзяляліся па дагаворах найму.

Сёлета плануецца пабудаваць яшчэ 135 тысяч квадратных метраў арэнднага жылля. Больш за ўсё яго з'явіцца ў Гродзенскай вобласці (33,25 тысячы квадратных метраў), а таксама ў Гомельскай (28,35 тысячы квадратных метраў) і Брэсцкай (26,25 тысячы квадратных метраў). У Мінску ўвядуць у эксплуатацыю 11,4 тысячы «квадратаў», у Мінскай і Віцебскай абласцях — па 10,5 тысячы квадратных метраў.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Вясковая робататэхніка

Вясковая робататэхніка

Як у вясковай школе з'явіўся SТEM-цэнтр.

Грамадства

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

Як адбываюць пакаранне асуджаныя да абмежавання волі «ў хатніх умовах»

«Хатняя хімія» — гэта турма, толькі на свабодзе», — з сарказмам кажуць самі асуджаныя пра абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Здароўе

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

​Як абараніць сябе ад кардыялагічных праблем у халодны перыяд?

Менавіта зімой павялічваецца колькасць інфарктаў і павышаецца артэрыяльны ціск.

Культура

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Успаміны пра Яўгенію Янішчыц

Піша Зіновій Прыгодзіч.