Вы тут

Свята «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» пройдзе 15 чэрвеня


Запрашаем усіх аматараў чытання наведаць літаратурнае свята «Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» 15 чэрвеня! 


На мерапрыемства ў Міры збяруцца прадстаўнікі вядучых кніжных выдавецтваў краіны, якія пазнаёмяць чытачоў з навінкамі гістарычнай, мастацкай, дзіцячай літаратуры, з фотаальбомамі пра розныя цікавыя куточкі нашай Радзімы. 

З 10 да 18 гадзін на галоўнай сцэнічнай пляцоўцы будуць праходзіць прэзентацыі кніг пісьменнікаў Беларусі, Расіі і Украіны. Сваю творчасць прадставяць і тыя аўтары, чые кнігі пабачылі свет у Выдавецкім доме «Звязда»: Людміла Рублеўская, Анатоль Бутэвіч, Уладзімір Ліхадзедаў. 

Пісьменнік і грамадзі дзеяч Анатоль Бутэвіч прэзентуе серыю мастацка-публіцыстычных даследаванняў, прысвечаных замкам Беларусі: Мірскаму, Крэўскаму і Нясвіжскаму. Багата ілюстраваныя выданні ўяўляюць сабой зборнікі цікавых гістарычных фактаў, легенд і паданняў. Даведацца пра загадкі і таямніцы замкаў вы зможаце ў 11.30 — 12.00.

Літаратарка Людміла Рублеўская пазнаёміць наведвальнікаў са сваёй серыяй раманаў «Авантуры Пранціша Вырвіча», якая выходзіць у Выдавецкім доме «Звязда» з 2012 года, раскажа пра новую кнігу «Авантуры Вырвіча з банды Чорнага Доктара» гэтай серыі, падзеліцца цікавымі фактамі са здымак фільма па сваіх «раманах прыгодніцкіх і фантасмагарычных». Творы распавядаюць чытачам пра захапляльныя прыгоды шляхціца Пранціша Вырвіча і яго вернага спадарожніка доктара Баўтрамея Лёдніка, жыццё якіх прыйшлося на XVIII стагоддзе — эпоху авантурыстаў і алхімікаў, рыцараў і чароўных дам, палацавых інтрыгаў і крывавых войнаў... Прэзентацыя Людмілы Рублеўскай адбудзецца ў 13.50 — 14.20 на галоўнай сцэне.
Гісторык і калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў прадставіць сваю новую кнігу — альбом «Місія міласэрнасці: ілюстрацыйная гісторыя Чырвонага Крыжа ў Беларусі».

Унікальныя фотаздымкі і паштоўкі, сабраныя аўтарам пад адной вокладкай, расказваюць пра дзейнасць грамадскага аб’яднання на тэрыторыі сучаснай Беларусі з другой паловы ХIХ стагоддзя да 1939 года. 

Прэзентацыі выданняў будуць праходзіць не толькі на галоўнай сцэне, але і ў малой канферэнц-зале замкавага комплекса «Мір». Так, з 17.00 да 17.30 можна будзе пазнаёміцца з новай кнігай Выдавецкага дома «Звязда» — «Роднымі сцяжынкамі» Алеся Карлюкевіча. Краязнаўчыя нарысы і эсэ аўтара дазваляюць здзейсніць падарожжа па гарадах, мястэчках, вёсках краіны, а таксама «сустрэцца» з таленавітымі вучонымі, падарожнікамі, мастакамі, што нарадзіліся на беларускай зямлі

Чакаем усіх аматараў чытання на свяце ў Міры!

Алена КАРПЕНКА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.