Вы тут

20 узнагарод атрымалі выдаўцы на міжнародным конкурсе «Мастацтва кнігі»


Рэкордны «ўраджай» дыпломаў сабралі беларускія кнігі на ХVІ Міжнародным конкурсе дзяржаў — удзельніц СНД «Мастацтва кнігі», які прайшоў у Баку 30—31 мая. Выдаўцы з нашай краіны атрымалі 20 узнагарод, у тым ліку Гран-пры — яго прысудзілі 3-томнай персанальнай энцыклапедыі «Янка Купала».


Гэты фундаментальны выдавецкі праект, які здзейсніла выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» ў шчыльнай звязцы з літаратурным музеем Янкі Купалы, уключае больш за 3000 ілюстрацый і каля 9000 навуковых артыкулаў, а таксама без перабольшання ўнікальныя матэрыялы: партрэт беларускага класіка работы кітайскага мастака Ао Тэ, звесткі пра перакладчыкаў твораў Купалы на рускую, казахскую, грузінскую, балгарскую, татарскую і іншыя мовы, даследаванні ўплыву творчасці песняра на ўсходнюю і англамоўную літаратуру і г. д. Канкурэнцыю беларускаму выданню складала, між іншым, 35-томная «Расійская энцыклапедыя» — і ўсё ж перамога засталася за нашымі выдаўцамі.

Сёлета ў конкурсе ўдзельнічала больш за 80 выданняў з сямі краін СНД: Азербайджана, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана і Туркменістана. Беларускія выдаўцы прадставілі на суд журы 31 кнігу па 11 намінацыях: «Садружнасць», «Мая краіна», «Кніга для дзяцей і юнацтва», «Дыялог культур», «Навука і інавацыі», «Навуковая літаратура і адукацыя», «Арт-кніга», «Аддрукавана ў Садружнасці», «Мастацтва ілюстрацыі», «Перамога» і «Гран-пры».

«Па кожнай кнізе кожнай краіны ішло сур'ёзнае абмеркаванне і галасаванне, у складзе журы працавалі прадстаўнікі профільных міністэрстваў, кніжнага гандлю, выдаўцы, таму барацьба была сапраўды складаная і творчая, — падзяліўся ўражаннямі дырэктар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Уладзімір АНДРЫЕВІЧ, які ўваходзіў у склад беларускай дэлегацыі. — Але магу сказаць, што нашы кнігі выдзяляліся сярод іншых не толькі дызайнам, якаснай паліграфіяй, але і сваёй сацыяльнай скіраванасцю і глыбокім навуковым падыходам. Магчыма, таму сёлета мы прывезлі як ніколі шмат узнагарод».

Па выніках конкурсу кнігі, якія прадставіла Беларусь, заваявалі 20 прызавых месцаў: Гран-пры, восем першых, два другія, а таксама дзевяць спецыяльных дыпломаў. Напрыклад, праект Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі «Першы буквар. Факсімільнае ўзнаўленне» атрымаў дыплом «Жамчужына культурнай спадчыны».

Прыемна, што ёсць сярод прызёраў і кнігі Выдавецкага дома «Звязда» — у намінацыі «Садружнасць» дыплом другой ступені прысуджаны зборніку «З Бацькаўшчынай у сэрцы», а ў намінацыі «Арт-кніга» спецыяльным дыпломам адзначана выданне «Акварэльны сусвет Вячаслава Паўлаўца».

Міністэрства інфармацыі Беларусі адзначыла падзякамі і граматамі за асабісты ўнёсак у кнігавыдавецкую справу шэраг айчынных мастакоў-ілюстратараў, рэдактараў і выдаўцоў, у тым ліку і кіраўніка Выдавецкага дома «Звязда» Паўла Сухарукава (на фота). А дыпломы пераможцам конкурсу па традыцыі будуць уручаны ў верасні, падчас Маскоўскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Таксама бліжэй пазнаёміцца з выданнямі — пераможцамі міжнароднага і нацыянальнага конкурсаў «Мастацтва кнігі» — можна будзе на святкаванні Дня беларускага пісьменства ў Слоніме.

Дарэчы

Як адзначыла начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Беларусі Алена ПАЎЛАВА, за шаснаццаць гадоў правядзення міжнароднага конкурсу дзяржаў — удзельніц СНД «Мастацтва кнігі» Беларусь лідзіруе па колькасці атрыманых Гран-пры — найвышэйшых узнагарод у нас ажно дзевяць. Наогул за гэты час айчынныя выдаўцы прадставілі на суд прафесіяналаў з краін СНД больш чым 2000 кніг і атрымалі 151 дыплом рознай вартасці.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Загаловак у газеце: Кні­гі, якія пе­ра­ма­га­юць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».