Вы тут

Вікторыя Азаранка правяла майстар-клас для юных тэнісістаў


Такія майстар-класы ад экс-першай ракеткі свету сталі ўжо традыцыйнымі. Вяртаючыся дадому ў Мінск, Вікторыя ніколі не забывае пра беларускіх дзяцей. Гэтым разам на адкрытым корце сталічнага Палаца тэніса сабралася каля сотні дзетак і ўсе яны віталі з'яўленне Азаранкі на корце гучнымі апладысментамі.


Спачатку Вікторыя абмянялася ўдарамі з усімі ўдзельнікамі майстар-класа, хтосьці з дзетак ад хвалявання не трапляў па мячы — Віка, нягледзячы на ​​доўгую чаргу, давала ім другі шанц, спрабавала штосьці падказаць і хутка навучыць.

"Не спаць!" — крычала тэнісістка, калі мяч выпадкова ляцеў на трыбуны, дзе сабраліся бацькі і журналісты. Бліжэй да канца гарачага майстар-класа Вікторыя прапанавала юным тэнісістам пагуляць у "караля", пасля чаго былі выяўлены дзве пераможцы. У выніку майстар-клас, запланаваны на 30 хвілін, доўжыўся паўтары гадзіны. Усе засталіся задаволеныя.

Напрыканцы дзеткі атрымалі падарункі ад Беларускай тэніснай федэрацыі, а Віка кветкі і паўторныя апладысменты. Пасля вядомая тэнісістка раздала жадаючым аўтографы і адправілася на прэс-канферэнцыю да журналістаў.

- Вельмі горача, нязвыкла горача для Беларусі, - пачала Вікторыя. - Я даўно не была ў Мінску, але вельмі рада знаходзіцца дома. Выдатна, што з'явілася магчымасць трохі перазарадзіцца і адпачыць, каб пасля распачаць падрыхтоўку да сезона на траве. Думаю, сёння ў нас атрымаўся добры майстар-клас, выйшла паўтары гадзины, але на самай справе вялікая нагрузка дзецям не патрэбна, яны павінны заставацца дзецьмі.

- Вы даўно не былі ў Мінску, чым плануеце заняцца тут?

- Больш за ўсё хочацца, каб Леа пабыў з блізкімі. Яму вельмі падабаецца паліваць кветкі ў садзе, карміць качачак на возеры, лавіць рыбу. Увогуле яму па душы ўсе мерапрыемствы на вуліцы, актыўны адпачынак. Я радуюся таму, як цёпла ён ставіцца да дома і як камфортна тут сябе адчувае.

- Сын быў з вамі ў Парыжы на турніры Ралан Гарос, якія ў яго засталіся ўражанні?

- У Парыжы яму спадабаўся садок, дзе было шмат цацак. Ён казаў мне: "Ідзі працуй! А ў мяне тут свая работа". Яшчэ яму спадабаліся круасаны. Ён ва ўсіх адносінах сціплы. Галоўнае, каб з ім гулялі і надавалі яму шмат увагі.

- Леа праяўляе цікавасць да тэніса?

- Так, учора ён быў са мной на трэніроўцы. Леа любіць кідаць мне мячыкі, у яго добрая каардынацыя. Спорт яму вельмі цікавы. Акрамя тэніса, ён пачаў гуляць у бейсбол, нават станавіўся на канькі. У спорце ў яго будзе магчымасць паспрабаваць усё.

- Пасля родаў Серэна Уільямс зрабіла пост, дзе адзначыла, што яе Алімпія марыць пазнаёміцца ​​з вашым сынам Леа. Атрымалася?

 - Так, яны ўжо пару разоў гулялі разам, але нам усё ж такі цяжка састыкаваць свае графікі. А расклад дзяцей — яшчэ больш складана. Наогул вельмі прыемна бачыць, што шмат дзяўчат прыязджаюць на турніры зараз з сем'ямі.

- Наколькі для вас цяпер важна месца ў сусветным рэйтынгу?

- Рэйтынг уплывае на пасеў. Вядома, на ранніх кругах хацелася б сустракацца з менш высакарэйтынгавымі апаненткамі. З іншага боку, цяпер у першых раўндах таксама даводзіцца складана: ёсць маладыя дзяўчаты, якія яшчэ не здольныя дэманстраваць стабільны тэніс на доўгай дыстанцыі, але якіх на адзін-два матчы хапае. Што ж датычыцца першага нумара Беларусі, то для мяне гэта не галоўная задача. Калі стану першай у свеце, то аўтаматычна буду ёй і ў краіне.

- У іншых беларусак - Арыны Сабаленка, Веры Лапко, Аляксандры Сасновіч - цяпер як быццам нейкі спад. Як думаеце, чаму ён надышоў?

- Па-першае, гэта спорт. Па-другое, людзі вельмі хутка прывыкаюць да добрага. Тыя вынікі, якія назіраліся летась, не зусім звыклыя для нашага тэніса, таму высокія чаканні. Але так не бывае, каб усё было па ўзыходзячай. Спадзяюся, дзяўчаты зробяць правільныя высновы са сваіх паражэнняў і стануць паказваць больш стабільныя вынікі. Магчыма, мінімальны спад і ёсць, аднак усё гэта на кантрасце з мінулым сезонам. А калі параўноўваць з тым, што было два, тры гады таму? Нічога новага.

- У наступным годзе адбудзецца Алімпіяда, мы вас там пабачым?

- У "адзіночцы" ўбачыце дакладна. А наконт пары - пакуль не думала.

- Сёлета вы адзначаеце трыццацігоддзе...

- Ох, ужо пачынаецца? Але па мне не скажаш, так?

- Падвядзіце нейкія прамежкавыя вынікі кар'еры?

- Я не ацэньваю сваю кар'еру, мне занадта рана пра гэта думаць. У мяне ёсць яшчэ высокія мэты, якія пакуль не даюць падводзіць нават прамежкавыя вынікі. Але нават калі скончу заўтра, магу сказаць, што кар'ера атрымалася вельмі паспяховая. Зрэшты, ёсць матывацыя і мэты перад сабой, канцэнтруюся на тым, што адбываецца цяпер, і на будучыні, а не на мінулым. У жыцці ў мяне цяпер цікавы перыяд, я спазнаю сябе, пазнаю нешта новае. Дакладна не адчуваю, што мне хутка 30. Узрост не адчуваецца. Праўда, рада, што ў мяне ўжо ёсць сын, а я працягваю кар'еру. Раней пра гэта не задумвалася, а цяпер разумею, як гэта важна і выдатна: што ёсць сям'я і я займаюся любімай справай. Мора пазітыву, хоць ёсць і цяжкасці, з якімі паспяхова спраўляюся. Можа, калі-небудзь удасца пра гэта напісаць кнігу. Але пакуль рана...

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».