Вы тут

Што пакажуць беларускія танцоры на чэмпіянаце свету па брэйк-дансе?


23 чэрвеня ў кітайскім Нанкіне адбудзецца чэмпіянат свету па брэйк-дансе. А ў сакавіку ў Мінску прайшоў адбор у зборную Беларусі, падчас якога за права прадстаўляць нашу краіну на ім спаборнічалі танцоры як малодшага, так і старэйшага пакалення з розных гарадоў. Уладзімір ЯНУШКЕВІЧ, вядомы ў танцавальнай тусоўцы як бібой Vоlоdуа, і Аляксандр ВІЛЬБІК — бібой Саlірsо, сталі найлепшымі ў намінацыі 16+ сярод хлопцаў, а прадстаўніца маладога пакалення брэйка Алена КОТ — у той жа намінацыі сярод дзяўчат. Пераможцы расказалі «Чырвонцы. Чырвонай Змене», як яны захоўваюць запал да танца на працягу многіх гадоў, чаму важна трымаць сябе ў добрай фізічнай форме і чаго чакаць ад выступоўцаў на чэмпіянаце свету па брэйку сёлета.


— З чаго ўсё пачалося асабіста для вас?

Ула­дзі­мір Януш­ке­віч (дру­гі зле­ва).

Уладзімір: — Я стаў займацца гэтым кірункам у 2000 годзе, калі мне было 13 гадоў. Тады з іншымі хлопцамі з двара мы вучыліся тэхніцы рухаў па відэакасетах. Усё здавалася нязведаным і не мела вялікай папулярнасці ў нашай краіне. Цяпер жа з кожным годам з'яўляецца больш школ, трэнераў, гатовых весці за сабой, больш спаборніцтваў і фестываляў, і гэта вельмі крута.

Аляксандр: — Брэйк-данс увайшоў у маё жыццё, калі я яшчэ вучыўся ў школе. З тых часоў ён для мяне іграе важную ролю. Імкнуся ўдзельнічаць у разнастайных спаборніцтвах, бо невядома, які конкурс станецца пачаткам чагосьці большага. Прыемна назіраць за тым, як культура брэйка з гадамі мяняецца. Раней заняткі праходзілі на ўзроўні двара або школы, у нас не было добрай тэхнікі выканання танца. Цяпер жа хуткасць навучання дзяцей узрастае, яны схопліваюць усё імгненна.

Алена: — Мне 16, і я займаюся брэйк-дансам пяць гадоў. На трэніроўкі хаджу шэсць разоў у тыдзень — я ўпартая і мэтанакіраваная, выязджаю на спаборніцтвы ў розныя гарады Беларусі і ў Расію. Лічу сябе ўніверсальным танцорам: люблю трэніравацца ў зале як асобна, так і з іншымі ў камандзе. Дарэчы, батлы мяне прыцягваюць больш, чым выступленні без саперніка — у іх больш імправізацыі. Для мяне важны спаборніцкі дух, падабаецца, што ў гэтым кірунку танца няма ніякіх абмежаванняў.

— Хлопцы, вы ўжо больш за дзесяць гадоў вучыце брэйку іншых, але і адначасова самі ўдзельнічаеце ў розных мерапрыемствах. Наколькі для вас важны спаборніцкі дух?

Уладзімір: — Ён звычайна прысутнічае, але танец — справа выпадку: недаспаў або прыехаў з дрэнным настроем — прайграў. Дасведчаныя выступоўцы не ўспрымаюць такія пройгрышы блізка да сэрца: учора атрымалася горш, заўтра будзе нашмат лепш. Мне падабаецца, што брэйк дае магчымасць развіць сябе ў любым кірунку: хтосьці больш музыкальны, нехта — артыстычны. Камусьці падабаецца выступаць на фестывалях і тусоўках, а некаму спаборнічаць. Я імкнуся ахопліваць як мага больш актыўнасцяў.

Аляксандр: — Дарэчы, брэйк для батлаў адрозніваецца ад брэйка для выступленняў. Батл — гэта дыялог, а апошнія хутчэй патрэбныя для таго, каб падаграваць азарт унутры сябе і заводзіць публіку ў зале. Мне падабаецца браць удзел і ў тым, і ў другім.

— Для вас важна тое, як рэагуе публіка падчас выступленняў?

Аляксандр: — А я не думаю пра рэакцыю залы, паглыбляюся ў свае думкі і прытрымліваюся музыкі. Захоўваю спакой у любой сітуацыі і не паддаюся эмоцыям. Прыязджаючы на спаборніцтвы, мы не ведаем, які трэк нам паставяць падчас выступлення. Часам гэта тое, што падабаецца і прыносіць задавальненне, а часам тое, чаго ніяк не чакаеш.

Аляк­сандр Віль­бік.

Алена: — Як бывае ў многіх пачаткоўцаў, спачатку я баялася выступаць перад вялікай аўдыторыяй, але праз некаторы час усе сумненні развеяліся. Каб быць больш упэўненай, пасля кожнага спаборніцтва гляджу на сябе на відэа, часам памногу разоў, аналізую недахопы. Калі сумняваюся ў тэхніцы рухаў, раюся са старэйшымі калегамі. Думаю, уласны стыль у мяне пакуль не сфарміраваны, але я не хвалююся: усё прыходзіць з часам.

— Як часта выязджаеце на спаборніцтвы? Як праходзіла падрыхтоўка да адбору на чэмпіянат свету?

Уладзімір і Аляксандр: — Знаходзіцца ў раз'ездах для нас звычайная справа. Раз-два ў месяц едзем на спаборніцтвы, а бывае і больш — усё залежыць ад таго, ці ёсць вольны час. Да адбору ў зборную асаблівай падрыхтоўкі не было, таму што мы трэніруемся бесперапынна кожны дзень. Але тады было велізарнае жаданне выйграць. І мы рады, што ўсё атрымалася, што зможам годна прадставіць нашу краіну ў Кітаі летам.

Алена: — Перад адборам на чэмпіянат я трэніравалася больш узмоцнена, таму што была выразная мэта — перамагчы. Маё правіла для сцэны гучыць так: калі пачала — не сумнявайся ні ў чым. Ніколі не сачу за рэакцыяй залы, ні аб чым не думаю падчас выступлення. Проста раблю тое, што падабаецца.

Але­на Кот.

— Апошняе пытанне для дзяўчыны: у цябе ёсць яшчэ якія-небудзь захапленні акрамя танцаў?

— Заўсёды была спартыўнай, таму магу развівацца ў любым кірунку. Гуляю ў футбол, баскетбол, валейбол, настольны тэніс. Не загадваю на доўгія гады наперад, але стаць трэнерам — крутая перспектыва. Зараз для мяне няма розніцы, хто мой сапернік: хлопец ці дзяўчына, яму 15 гадоў або 25. Галоўнае — паказаць, на што я здольная. Удзельнічаю як у камандных батлах, так і сольна. Трымаць сябе ў добрай фізічнай форме — абавязковая ўмова для поспеху, таму часта хаджу на сілавыя трэніроўкі. Да таго ж звычайна спаборніцтвы па брэйку доўжацца цэлы дзень, з раніцы да ночы. Брэйк займае амаль увесь вольны час, але гэта таго варта. Хачу стаць запатрабаванай танцоркай і заваяваць Еўропу!

Дар'я ШЛАПАКОВА, студэнтка ІV курса факультэта журналістыкі БДУ

Загаловак у газеце: Нанкін чакае нашых

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.