Вы тут

Сакрэты антыстрэсу


Нарэшце нядзеля. Можна адпачыць ад рэпетытараў і спакойна пасядзець у інтэрнэце. Гартаю стужку — і раптам бачу прыгожае белае кацяня. Пад здымкам чытаю: «Шукаю дом для гэтага мілага стварэння». Я хутка набіраю нумар сваёй сяброўкі, якая даўно марыла пра такога.


І вось мы ўжо на месцы. Стукаем, адчыняюцца дзверы... І нас сустракае вялікі чорны сабака. Побач на пуфіку, скруціўшыся абаранкам, дрэмле пухнатая котка. І толькі потым мы заўважаем гаспадыню.

Лера аказалася вельмі прыемнай і ветлівай дзяўчынай. Яна расказала, што проста не змагла прайсці міма бяздомнага кацяняці. Абагрэла, накарміла, вылечыла і вырашыла знайсці яму гаспадароў. Дарэчы, яе хатнія гадаванцы патрапілі ў дом гэтак жа. Аднойчы зімой дзяўчына заўважыла на лавачцы чорненькага шчанюка з самотнымі вачыма. Ён быў зусім маленькі і дрыжаў ад холаду. Котачка таксама ішла па пятах на вуліцы і жаласна мяўкала.

— Цяпер Сіма і Рэкс — неад'емная частка нашай сям'і. Мы нават ёлку прыбіралі разам! Не ўяўляю жыцця без іх. Яны мой асабісты антыстрэс. Колькі сябе памятаю, наша жыллё заўсёды было поўнае жывёл. Тры каты, два сабакі, хамячок — у нашай кватэры ўсім хапала месца, — успамінае Валерыя Пратасеня.

Жывёлы ладзяць паміж сабой. Разам спяць, гуляюць, ласуюцца пачастункамі, часам сваволяць. Лера настолькі захоплена сваімі ўлюбёнцамі, што нават стварыла асабістую Інстаграм-старонку для коткі. А чаму б і не? Гэта вельмі крэатыўна і міла. Цяпер кожны раз перад сном дзяўчына праглядае акаўнт і назірае за тым, як змяняецца і прыгажэе Сіма.

— Калі б кожная сям'я ўзяла па адным кацяняці або шчанюку, — разважае школьніца, — то ў нас на вуліцах стала б значна менш бадзяжных жывёл.

Падчас гутаркі я звярнула ўвагу на вялікую колькасць медалёў, што віселі на сцяне. Як высветлілася, гэта вынік дзесяцігадовых заняткаў спартыўнай гімнастыкай суразмоўніцы.

— Спорт загартаваў мой характар, навучыў не здавацца і верыць у свае сілы. Калі нешта не ўдавалася адразу, атрымлівалася з дзясятай, дваццатай спробы. Усім рэкамендую сябраваць з фізкультурай, бо гэта здароўе і добры імунітэт, — раіць дзяўчына.

Мой погляд спыніўся і на фартэпіяна ў куце. Няўжо мая новая знаёмая захапляецца яшчэ і музыкай? Аказалася, бабуля Валерыі скончыла музычнае вучылішча і перадала ўнучцы любоў да музыкі. Дзяўчына займалася ў музычнай школе, любіць спяваць і ў складзе хору «Журавачка» пабывала ў многіх краінах на конкурсах і фестывалях.

Прыемна сустракаць на сваім шляху таленавітых людзей з добрым сэрцам. Цяпер мы з Лерай найлепшыя сяброўкі.

Кацярына Квачонак, выпускніца 10 класа СШ № 11 г. Маладзечна

Фота аўтара


Пра аўтара

— Практыка публікацый у газетах вельмі важная і карысная для мяне, бо налета я планую паступаць у БДУ на факультэт журналістыкі, — расказвае
16-гадовая аўтарка. — Калі казаць пра сябе, то я вельмі люблю падарожнічаць, мне падабаецца наведваць розныя краіны, пазнаваць іх культуру. Да таго ж мяне зусім не палохаюць палёты ў самалётах, таму пасля заканчэння ВНУ я хацела б працаваць сцюардэсай. Пакуль гэта толькі мара, але ў чалавека заўсёды павінна быць запаветнае жаданне.

Матэрыял Кацярыны прыйшоў на наш конкурс першым. Віншуем яе з адмысловым дэбютам і жадаем дзяўчыне знайсці кампраміс паміж сваімі марамі і памкненнямі.

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.