Вы тут

Вітанні Радзімы


Спадчына генія не можа быць манапалізавана адным народам, яго талент належыць усяму чалавецтву — такая думка аб’яднала ўдзельнікаў навукова-практычнага форуму «Мастацкая прастора Еўропы ХІХ—ХХ ст. і Станіслаў Манюшка: гісторыя, сучасны стан». Акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Каваленя падкрэсліў: «Час даў нам магчымасць у творчай атмасферы ўшанаваць памяць вялікага патрыёта Беларусі, Польшчы, Літвы».


Мелодыі твораў Станіслава Манюшкі сустракалі гасцей форуму ў сценах Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. 200-я гадавіна нараджэння музыканта стала нагодай для сустрэчы спецыялістаў з Беларусі, Польшчы, Літвы, Расіі, Украіны, Казахстана і Малдовы. Госці маглі пазнаёміцца з навуковымі выданнямі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН, выстаўкай аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я.  Коласа, дзе былі прадстаўлены каштоўныя выданні ў музычнай галіне. Наладзілі продаж кніг беларускіх выдаўцоў, прысвечаных творчасці Станіслава Манюшкі, культуры краіны і яе славутасцям.

Аб стваральніку першай беларускай і польскай опер у Беларусі даведаліся толькі ў 1969-м — напярэдадні 150-гадовага юбілею. А творчасць Станіслава Манюшкі да абвяшчэння незалежнасці рэспублікі вывучалася выключна ў раздзеле «Замежная музыка». Цяпер можна сказаць: Манюшка — не толькі ўраджэнец беларускай зямлі, ён яшчэ і вялікі беларускі кампазітар, — пры тым, што даследаванне яго творчасці ідзе не так актыўна, як хацелася б. Няпросты шлях вывучэння спадчыны кампазітара адзначыў мастацкі кіраўнік «Беларускай капэлы», заслужаны артыст Беларусі Віктар Скорабагатаў:

— ...Збіралі ноты. У Мінску былі толькі лічаныя адзінкі. Ездзілі ў камандзіроўкі: Пецярбург, Маскву, Вільнюс, Варшаву, Лондан… Падчас наведвання пасёлка Азёрны, дзе яшчэ ў 1969 г. на радзіме Манюшкі В. Несцяровічам быў заснаваны адзіны ў свеце музей кампазітара, са здзіўленнем заўважылі досыць багаты нотазбор. Праўда, да таго часу і самі сабралі немалы. Акрамя таго, вельмі дапамагалі А. Мальдзіс, У. Мархель, Я. Янушкевіч, якія ў фондах бібліятэкі імя Я. Коласа выявілі некаторыя з першых выданняў Станіслава Манюшкі, каталог яго вакальных твораў, а ў замежных архівах невядомыя да таго часу лісты, рукапісы твораў. На сёння ў бібліятэцы «Беларускай капэлы» вялікі збор нот Манюшкі. Нашай бібліятэкай карыстаюцца і прафесіяналы, і аматары з розных куткоў Беларусі. Для правядзення фестывалю ў Акадэміі музыкі ў гонар 200-годдзя Станіслава Манюшкі практычна ўвесь нотны матэрыял быў прадстаўлены «Беларускай капэлай», як і для канцэрта ў Вялікім тэатры.

Пра культурныя падзеі на радзіме славутага беларуса паведаміла намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Кацярына Дулава:

— У красавіку пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь адбыліся міжнародныя навуковыя чытанні памяці Лідзіі Мухарынскай у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Пад патранатам Нацыянальнай камісіі Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА адбыўся Міжнародны музычны фестываль да 200-годдзя з дня нараджэння Манюшкі. У яго межах аматарам музыкі кампазітара былі прадстаўлены сцэны з оперы «Галька» віленскай рэдакцыі ў пастаноўцы опернай студыі акадэміі, канцэрт па старонках твораў кампазітара з удзелам студэнтаў кафедры опернай падрыхтоўкі і харэаграфіі, канцэрт з удзелам студэнтаў акадэміі з ліку лаўрэатаў і дыпламантаў І Рэспубліканскага адкрытага конкурсу вакалістаў імя Станіслава Манюшкі. Закрыццё фестывалю адбылося ў вялікай канцэртнай зале Белдзяржфілармоніі, дзе прайшоў канцэрт у рамках узаемадзеяння вышэйшых навучальных устаноў-партнёраў — Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і Кракаўскай музычнай акадэміі пры падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску. Упершыню ў Беларусі быў выдадзены выдатны твор Станіслава Манюшкі «Крымскія санеты» на словы А. Міцкевіча.

Прадстаўнікі Беларусі возьмуць удзел у міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай Манюшку, якая адбудзецца ў чэрвені ў Літоўскай нацыянальнай бібліятэцы імя М. Мажвідаса. Хор беларускай акадэміі музыкі выступіць у канцэрце да 200-годдзя Станіслава Манюшкі ў Кракаўскай музычнай акадэміі.

— Радасна, што на працягу гэтага года разнастайныя культурныя праекты рэалізоўваюцца ў форме дыялогу, адзначыў дырэктар Польскага інстытута ў Мінску Цэзарый Карпінскі. — Ва ўсіх гарадах і рэгіёнах Польшчы праводзяцца шматлікія святочныя мерапрыемствы. Сенат Польшчы аб’явіў 2019-ты годам Станіслава Манюшкі.

Падчас форуму прадставілі дакументальны фільм тэлеканала «Беларусь 3» пра лёс кампазітара, які быў звязаны з некалькімі краінамі.

Ганна ВАРОНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».