Вы тут

У Беларусі шукаюць месцы пражывання дзікіх хамякоў, суслікаў і палятух


Найбуйнейшая прыродаахоўная грамадская арганізацыя краіны “Ахова птушак Бацькаўшчыны” (АПБ) распачала экалагічную ініцыятыву па захаванні рэліктавай тэрыафаўны Беларусі, якой пагражае знікненне.


Спецыялісты шукаюць калоніі рабых суслікаў і звычайных хамякоў, а таксама месцы пражывання палятух у межах ініцыятывы “Хамяк, суслік і палятуха: выратаваць супергрызуноў!” праекта “Экаманіторынг”, які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ПРААН у партнёрстве з Мінпрыроды.

Асноўная мэта – знайсці і захаваць рэдкія віды грызуноў. Рабы суслік і хамяк – стэпавыя віды, якія ў Беларусі заўсёды жылі побач з сельскагаспадарчымі палеткамі, а палятуха – індыкатар натуральных і малапарушаных экасістэм. Усе яны знаходзяцца ў Чырвонай кнізе Беларусі. Праз скрытны лад жыцця знайсці іх нялёгка. Але з дапамогай добраахвотнікаў і сучасных прыбораў для пошуку спецыялісты ўсё д такі спадзяюцца знайсці новыя месцы, населеныя гэтымі відамі.

Рабы суслік жыў калоніямі ў норках на сухіх лугах цэнтральнай Беларусі, ён актыўны днём. Яго колькасць з 1960 года скарацілася на 98 %. Хамякі жылі на ўскрайках палёў на паўднёвым захадзе краіны, сустракаліся і на паўднёвым усходзе. Цяперашні стан папуляцыі невядомы. Узімку суслікі і хамякі кладуцца ў спячку. Галоўныя пагрозы гэтым відам у Беларусі, калі яны яшчэ засталіся, – пашырэнне сельскагаспадарчых палёў, знішчэнне нор і пасадка лесу ў месцах іх пражывання.

Палятуха – начны лясны звярок, які лічыўся пасля 1996 года зніклым на тэрыторыі Беларусі, пакуль не быў знойдзены ў 2017 годзе спецыялістамі АПБ. Пакуль вядома толькі некалькі тэрыторый на паўночным усходзе краіны, дзе жыве палятуха. Для яе галоўная пагроза – суцэльныя высечкі ў стараўзроставых лясах, фрагментацыя лясоў і высечка дуплістых дрэваў.

— На сённяшні дзень мы зусім мала ведаем пра сучаснае распаўсюджванне вавёркі-палятухі, звычайнага хамяка і рабога сусліка ў Беларусі. Ініцыятыва дазволіць сабраць неабходныя звесткі  і тым самым дазволіць прыняць меры па захаванні гэтых грызуноў, якія аказаліся на мяжы знікнення, — падкрэслівае спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях Сямён ЛЕВЫ. — Падчас ініцыятывы мы апрабуем сучасную апаратуру для пошуку і маніторынгу грызуноў. Усе яны вядуць скрытны лад жыцця, а палятуха і хамяк актыўныя на змярканні і ноччу. Але мы спадзяемся, што людзі, якія ведаюць, дзе яшчэ засталіся калоніі суслікаў і хамякоў, паведамяць нам, і апошні іх прытулак будзе ўратаваны. Калісьці яны лічыліся шкоднікамі для сельскай гаспадаркі, але цяпер гаворка ідзе аб выжыванні нашых грызуноў-супергерояў. Трэба іх выратаваць.

ДАВЕДКА

Ініцыятыва “Хамяк, суслік і палятуха: выратаваць супергрызуноў!” ажыццяўляецца АПБ у партнёрстве з Гарадоцкім лясгасам, эколага-краязнаўчым грамадскім аб’яднаннем “Неруш” і Навукова-практычным цэнтрам НАН Беларусі па біярэсурсах.

Грамадская арганізацыя "Ахова птушак Бацькаўшчыны" (АПБ) — найбуйнейшая прыродаахоўная грамадская арганізацыя Беларусі і з 2005 года — нацыянальны партнёр глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі "BirdLife International", у якую ўваходзяць арганізацыі са 121 краіны. АПБ — гэта больш за 2500 сяброў і валанцёраў і больш за 30000 прыхільнікаў, 100 школьных клубаў і 14 мясцовых аддзяленняў па ўсёй краіне.

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Дзяніс Раманюк: Я раблю этнаграфію «дваццаць пятым» кадрам

Пышныя альбомы, выдадзеныя Дзянісам Раманюком, з задавальненнем трымаюць у хатніх бібліятэках як беларусы, бо адчуваюць гонар за краіну, так і замежнікі, бо невядомую культуру даследуюць праз высакакласны кніжны твор.

Спорт

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барэц Максім Нягода: Пасля кожнага медаля трэба пачынаць з нуля

Барысаўчанін са шматдзетнай сям'і стаў чэмпіёнам кантынента.

Грамадства

«Прэферэнцыі, якія атрымалі вайскоўцы, абумоўлены выказанымі імі думкамі»

«Прэферэнцыі, якія атрымалі вайскоўцы, абумоўлены выказанымі імі думкамі»

«Армія — школа мужнасці, грамадзянскасці і патрыятызму». Паводле сацыялагічнага апытання, з гэтым сцвярджэннем згодны 86 п

Культура

Хто спявае па-беларуску?

Хто спявае па-беларуску?

Адмысловы плэйліст “Звязды” да Дня роднай мовы.