Вы тут

Абітурыенты здалі першае ЦТ па беларускай мове


Учарашні дзень атрымаўся гарачы ва ўсіх сэнсах: у 30-градусную спёку ў Беларусі стартавала цэнтралізаванае тэсціраванне. Нябесная канцылярыя аказалася да абітурыентаў нялітасцівай...

Беларускую мову (а менавіта з тэста па роднай мове і распачаўся экзаменацыйны марафон) сёлета пажадала здаваць больш як 22 тысячы абітурыентаў. Для параўнання: на рускую мову зарэгістравалася амаль 63 тысячы чалавек.


Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт — адзін з 40 пунктаў правядзення ЦТ у нашай краіне. Учора ў шасці яго аўдыторыях павінны былі пісаць тэст 452 чалавекі, але, як заўсёды, пэўны працэнт з тых, хто зарэгістраваўся, на экзамен не прыйшлі. Рускую мову ў БДМУ будуць здаваць 798 чалавек, для іх давялося «браніраваць» ужо 11 аўдыторый.

Заблытацца ў калідорах медуніверсітэта немагчыма. Уся лагістыка добра прадуманая, паўсюль размешчаны паказальнікі-падказкі. На ўваходзе ўсе абітурыенты праходзяць строгі фэйс-кантроль: арганізатары супастаўляюць фота ў дакументах, так бы мовіць, з «арыгіналам». З ксеракопіяй пашпарта абітурыентаў не прапусцяць, як і з вадзіцельскім пасведчаннем. Перад аўдыторыяй абітурыенты праходзяць яшчэ адзін пашпартны кантроль і цягнуць нумар свайго месца ў аўдыторыі. Ад яго будзе залежаць варыянт тэста.

Высвятляецца, што адна з абітурыентак прыйшла на экзамен з даведкай з органаў унутраных спраў замест пашпарта, але паколькі фатаграфіі ў гэтым дакуменце няма, яе на экзамен прапусціць не могуць — раяць пазней звярнуцца з «правільнай даведкай» у дзяржкамісію, каб быць дапушчанай да ўдзелу ў ЦТ у рэзервовы дзень.

— Шчыра кажучы, легкадумнасць абітурыентаў, якія здаюць пашпарт для адкрыцця візы ў час правядзення ЦТ ці для нейкіх іншых працэдур, нас здзіўляе. Няўжо для іх гэта больш важнае, чым прыёмная кампанія і паступленне? — заўважае сакратар арганізацыйнай камісіі па правядзенні цэнтралізаванага тэсціравання на базе БДМУ Яўген ЧАРНАВУС. — Мы маем права прапусціць абітурыента на ЦТ толькі з арыгіналам пашпарта, даведкай з відам на жыхарства або даведкай з органаў МУС устаноўленай формы, якая сведчыць аб страце галоўнага дакумента.

Мінчанка Аксана СПІЧАКОВА, Кірыл КАЛЯГА з Докшыц, Дар'я ЯРАШЭВІЧ з Ганцавіцкага раёна і Мікіта Еўстаф'еў з гарадскога пасёлка Гарадзея Нясвіжскага раёна пазнаёміліся і пасябравалі на падрыхтоўчым аддзяленні БДМУ. Ніхто з іх не сумняваўся, якую мову ім здаваць на ЦТ, — вядома, беларускую!

Склад арганізацыйнай камісіі па правядзенні ЦТ у медуніверсітэце застаецца стабільным шмат гадоў. У ВНУ склалася сапраўдная каманда, дзе ўсе адно аднаму давяраюць і ў кожнага ёсць свая зона адказнасці. Усе працэдурныя моманты і маршруты перамяшчэння па будынку ўніверсітэта добра прадуманы. Пакінуць недзе па дарозе ў экзаменацыйную аўдыторыю шпаргалкі ці тэхнічныя прылады, каб потым імі скарыстацца, у абітурыентаў не атрымаецца. А вось спробы скарыстацца сучаснымі ўстройствамі падчас напісання тэста ў аўдыторыях раней фіксаваліся.

— Колькі гадоў таму быў выпадак, калі малады чалавек адмаўляўся зняць на час экзамену сваю «шчаслівую кепку», але галаўны ўбор закрываў палову яго твару. І яму ўсё ж такі давялося гэта зрабіць, — расказвае Яўген Чарнавус. — Між іншым, у БДМУ ва ўсіх аўдыторыях, дзе праходзіць ЦТ, вядзецца відэаназіранне. Здараюцца і ўвогуле сітуацыі, якія ні ў адным дакуменце не прапішаш. На тэст да нас прыйшоў з дзяжурства супрацоўнік органаў унутраных спраў з... табельнай зброяй. Здаць яе на час экзамену ён не меў права, а мы, у сваю чаргу, не маглі дапусціць яго на экзамен, бо пералік прадметаў, якія можна браць з сабой у аўдыторыю, дакладна прапісаны. Выклікалі яго калег, каб тыя забралі табельную зброю.

Рэдкі год абыходзіцца без казусных сітуацый. І парушальнікі правілаў правядзення ЦТ, на жаль, выяўляюцца кожны год. Члены арганізацыйнай камісіі прыгадалі выпадак з дзяўчынай — пакуль яна пісала тэст, ніякіх прэтэнзій да яе паводзін не было. А вось калі абітурыентка ўжо здавала сваю экзаменацыйную работу, з яе пашпарта выпала шпаргалка. Ці карысталася яна ёй, невядома. Але правілы ёсць правілы. За такія паводзіны абітурыенты заўсёды адхіляюцца ад экзамену і вынікі іх тэста анулююцца. Таксама не мае значэння, ці карыстаўся ты мабільным тэлефонам. Але калі яго ў цябе знойдуць, ты імгненна будзеш выстаўлены з экзаменацыйнай аўдыторыі.

— Некаторыя абітурыенты быццам бы свядома выпрабоўваюць сістэму ЦТ на трываласць. Напрыклад, прыносяць на экзамен ручку з зялёным, чырвоным і сінім чарнілам, хоць мы заўсёды тлумачым ім, што чорная гелевая ручка патрабуецца для таго, каб сканер затым мог максімальна дакладна і карэктна распазнаць вашы адказы, — падкрэслівае Яўген Чарнавус. — Мы нават гатовы даць ім запасныя ручкі, якія ў нас заўсёды ёсць у запасе. Іх забаранілі трымаць у аўдыторыях, каб не было аніякіх падазрэнняў, што хтосьці з арганізатараў можа паўплываць на вынікі экзамену, але калі такая неабходнасць узнікае, мы можам перадаць ручку непасрэдна абітурыенту, які мае ў ёй патрэбу. І ўсё роўна кожны год бачым тэставыя работы, запоўненыя рознакаляровым чарнілам. Ёсць абітурыенты, для якіх тэставы экзамен — гэта спорт: яны запаўняюць бланк адказаў за лічаныя хвіліны, прычым метадам прыгожага малюнку. А раптам пашанцуе? Увогуле мы ставімся да абітурыентаў вельмі лаяльна, дазваляем ім праносіць з сабой пітную ваду, хоць яна ў кожнай аўдыторыі абавязкова стаіць на асобным століку.

У медпункце заступілі на вахту маладыя ўрачы-кардыёлагі Мікіта ВОЛКАЎ і Віталь ВАРАБ'ЁЎ. Ім знайшлася работа яшчэ да пачатку экзамену. Адна з дзяўчат перахвалявалася і звярнулася па дапамогу, але хлопцы хутка вярнулі яе ў строй. Рэктар БДМУ Анатоль СІКОРСКІ кажа: «Здараецца, што медыцынская дапамога патрабуецца не толькі абітурыентам, але і іх бацькам, якія чакаюць на вуліцы. Яны хвалююцца нават больш за сваіх дзяцей». Абітурыентам карысна ведаць: у тым выпадку, калі самаадчуванне рэзка пагоршыцца падчас экзамену, гэты факт абавязкова павінен засведчыць медыцынскі работнік. З медыцынскай даведкай будзе дадзена магчымасць пераздаць гэту дысцыпліну ў рэзервовы дзень. Але падоўжыць тэрмін выканання тэставай работы арганізатары, якія прысутнічаюць у аўдыторыі, не маюць права.

А палове адзінаццатай на вачах у журналістаў арганізацыйная камісія разам з прадстаўнікамі Камітэта дзяржкантролю адчыніла сейф, куды ў 7 гадзін раніцы былі змешчаны матэрыялы цэнтралізаванага тэсціравання. Іх дастаўкай па краіне займаюцца кур'еры фельд'егерскай службы. Матэрыялы ЦТ дастаўляюцца ў апламбаваных сумках накшталт інкасатарскіх.

Для дастаўкі тэстаў ва ўсе аўдыторыі, дзе праходзіць цэнтралізаванае тэсціраванне, рыхтуюцца спецыяльныя пакеты з сакрэтнай стужкай, якія проста немагчыма ўскрыць непрыкметна, скажам, на шляху ад сейфа да аўдыторыі. Як толькі цэласць стужкі парушаецца, на ёй праступаюць схаваныя ад вачэй сімвалы. Да таго ж на кожным пакеце ёсць ярлычок, дзе нанесены нумар і штрых-код, што дазваляе ідэнтыфікаваць пакеты пры іх вяртанні з пунктаў тэсціравання ў Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў.

На кожную аўдыторыю запаўняецца акт, у якім пазначана не толькі колькасць бланкаў, але і іх нумары, таму чужыя бланкі апынуцца ў пакеце не могуць. Да таго ж і арганізатары ЦТ у аўдыторыі пацвярджаюць сваім подпісам, што менавіта гэты бланк знаходзіўся ў экзаменацыйнай аўдыторыі.

Да прыёмнай кампаніі прыцягнута па краіне больш як 250 супрацоўнікаў Камітэта дзяржаўнага кантролю, якія павінны адсочваць усе яе ключавыя моманты: ад правядзення тэставых выпрабаванняў да падачы дакументаў у прыёмныя камісіі і залічэння. Іх «вахта» закончыцца толькі пасля завяршэння залічэння ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Супрацоўнікі камітэта па ўсёй краіне дапамагаюць забяспечваць захаванасць пакетаў з тэставымі заданнямі і бланкаў адказаў. У іх суправаджэнні ажыццяўляецца транспарціроўка сумак з Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў у пункты правядзення тэсціравання. Разам з імі прадстаўнікі арганізацыйных камісій па ўсёй краіне ўскрывалі ўчора апячатаныя сейфы, дзе захоўваліся пакеты са згаданымі паперамі і г. д.

— Наша задача — забяспечыць кантроль за тым, каб роўныя магчымасці пры паступленні былі для ўсіх, — падкрэслівае кіраўнік рабочай групы Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў, начальнік галоўнага ўпраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы Камітэта дзяржкантролю Павел ПІНЧУК. — Для аператыўнага рэагавання на звароты абітурыентаў і іх бацькоў па пытаннях уступных іспытаў працуе тэлефон «гарачай лініі» рабочай групы ў Мінску (8 017 327 66 80). Але звяртацца ў штаб-кватэру можна і для асабістага прыёму. Я б параіў абітурыентам быць больш уважлівымі і сканцэнтраванымі і падчас азнаямлення з педагагічнымі тэстамі, і падчас іх рашэння, і падчас унясення сваіх варыянтаў у бланк адказаў. Уважлівасць патрабуецца нават пры запаўненні вобласці рэгістрацыі. Літаральна ўсе нюансы маюць значэнне. Пастарайцеся захоўваць спакой, хоць гэта і няпроста.

У 10.45 пакеты з бланкамі адказаў і тэставымі заданнямі дастаўляюцца ў экзаменацыйныя аўдыторыі. Градус напружання расце. Абітурыентам даюць апошнія кансультацыі: што рабіць, калі раптам яны адчуюць сабе дрэнна, або калі скончыцца папера для чарнавіка... Удзельнікам ЦТ забараняецца мяняцца месцамі, выкарыстоўваць чужую дапамогу пры выкананні тэставых заданняў, размаўляць з іншымі ўдзельнікамі ЦТ, карыстацца любымі сродкамі сувязі. Абітурыент, які парушыў патрабаванні, адхіляецца ад удзелу ў ЦТ. Яго бланк адказаў пагашаецца, а ў пропуску робіцца пазнака «Выдалены за парушэнні».

У 11.00 пакет з бланкамі адказаў ускрываецца, а затым і з тэставымі заданнямі. Пасля ўскрыцця пакета з педагагічнымі тэстамі абітурыенты ў аўдыторыю ўжо не дапускаюцца. Адлік часу пайшоў...

Напрыканцы дня стала вядома, што падчас правядзення ў краіне ЦТ па беларускай мове парушальнікаў у аўдыторыях не выяўлена. На экзамен не прыйшлі 977 чалавек, якія зарэгістраваліся на тэсціраванне. І чатыры абітурыенты не змаглі дапісаць тэст па медыцынскіх паказаннях. Яны змогуць гэта зрабіць у рэзервовы дзень.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Адлік пачаўся

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам спецыялістам Нацбанка

Тонкае мастацтва дабрабыту. Складаем сямейны бюджэт разам спецыялістам Нацбанка

2020 год паставіў усіх нас перад неабходнасцю дакладна планаваць свае выдаткі.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Вясёлыя гісторыі чытачоў

Класiкаў трэба ведаць…, Быў бы араты, будзе й прыганяты, Па малiну…

Эканоміка

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

«Мы выказалi прапановы, i нас пачулi». Як дзяржаўныя прэферэнцыi дапамагаюць падтрымаць суб'ектаў гаспадарання

У бiзнес-колах Гродзеншчыны лiчаць, што меры па падтрымцы эканомiкi з'явiлiся своечасова.