Вы тут

Да 30 тысяч балельшчыкаў на час Еўрапейскіх гульняў чакаюць мытнікі


Да старту еўрапейскага спартыўнага форуму засталося паўтара тыдні. Неўзабаве ў Беларусь пачнуць прыбываць спартсмены. Ужо прыбываюць і балельшчыкі. І першае, што яны ўбачаць у краіне, - гэта мытны кантроль.


- Па апошняй інфармацыі, якой мы валодаем, на Еўрапейскія гульні мяркуецца прыбыццё да 30 тысяч замежных балельшчыкаў, - зазначыў начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыі мытнага кантролю ДМК Андрэй Бальшакоў. - Будуць нагружаны ўчасткі на мяжы з Польшчай і Літвой. Гэта тычыцца аўтамабільных пунктаў пропуску. Але Нацыянальны аэрапорт "Мінск" - асноўная кропка, куды прыбудуць балельшчыкі і госці Еўрапейскіх гульняў.

Пры падрыхтоўцы мытнікі вывучалі вопыт першых гульняў, якія праходзілі ў Азербайджане. Акрамя таго, браўся пад увагу і досвед працы падчас чэмпіянату свету па хакеі 2014 года.

- Мы зрабілі вельмі вялікі акэцнт на міжнароднае супрацоўніцтва, - працягнуў Андрэй Бальшакоў. – Дзяржаўны мытны камітэт заключыў мемарандумы з усімі дзяржавамі, якія мяжуюць з Беларуссю. Дакументы маюць на ўвазе арганізацыю ўзаемадзеяння мытных службаў падчас таго, як балельшчыкі будуць перасякаць мяжу. Заадно імі былі вызначаны адказныя асобы на выпадак магчымых няштатных сітуацый.

А вось само праходжанне мяжы мытнікі пастараліся зрабіць як мага зручнейшым. На пунктах пропуску будуць дзейнічаць асобныя калідоры, прызначаныя для гасцей і ўдзельнікаў Гульняў. Ім не давядзецца стаяць у агульнай чарзе. Кіроўцам аўтамабіляў з краін замежжа не трэба будзе запаўняць мытныя дэкларацыі. Андрэй Бальшакоў адзначыў, што ім трэба будзе ўсяго толькі прад'явіць тэхпашпарт і пасля распісацца ў дэкларацыі. Акрамя таго, яны могуць скарыстацца адзіным інтэрнэт-парталам customs.gov.by і падаць усю неабходную інфармацыю загадзя. Час перасячэння мяжы гэта скароціць вельмі прыкметна.

Усе тавары, якія ўвозяцца для арганізацыі і правядзення Еўрапейскіх гульняў, вызваленыя ад выплаты мытных плацяжоў. У тым ліку – і спартыўны рыштунак гульцоў. Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў сумесна з мытняй ўжо стварыла анлайн-базу ўдзельнікаў і тых рэчаў, якія яны ўвозяць у Беларусь.

Пункты пропуску прайшлі праз рэканструкцыю. Напрыклад, "Брузгі" зараз могуць прымаць да 5900 аўтамабіляў, прычым ранейшая лічба не перавышала 5 тысяч. У маі Беларусь атрымала ад Кітая ў рамках міжнароднай тэхніка-эканамічнай дапамогі новыя спецсродкі для надгляду на мяжы, якія ўжо выкарыстоўваюцца ў пунктах пропуску. Гэта мабільныя інспекцыйныя комплексы і спецыяльныя інспекцыйна-надглядныя сістэмы, якія выкарыстоўваюць тэхналогію 3D-тамаграфіі. Яны дазваляюць вызначаць, ці ёсць выбуховыя і наркатычныя рэчывы ў багажы. А вось ускрываць чамаданы і сумкі для гэтага не патрабуецца.

- Мабільны комплекс прызначаны для скарачэння часу правядзення мытнага кантролю, - гаворыць Андрэй Бальшакоў. - Ён дазваляе выключыць фізічны дагляд, ускрыццё транспартнага сродку і разгрузку тавару. Агляд транспартнага сродку з ім зойме 10 хвілін. У выпадку фізічнага кантролю працэдура можа расцягнуцца на гадзіны.

Мытнікі таксама атрымалі 39 дэтэктараў наркатычных і выбуховых рэчываў. Тым самым можна будзе вызначыць наяўнасць іх мікрачасцін на руках чалавека, ручной паклажы, рулі аўтамабіля і іншых прадметах.

- Мы размеркавалі нашы людскія рэзервы такім чынам, каб менавіта на тых рэйсах, калі будуць прылятаць спартсмены і балельшчыкі, максімальна хутка і якасна правесці мытны кантроль, - заявіў начальнік Мінскай рэгіянальнай мытні Аляксандр Валіеў. - Значная праца была праведзена Нацыянальным аэрапортам па ўдасканаленні інфраструктуры. Сёння ўзмоцнена праца ўсіх службаў, якія тут працуюць. Спецыфіка такая, што вельмі важна дамагчыся зладжанасці мытнікаў, памежнікаў, службы авіяцыйнай бяспекі. Пэўныя трэніроўкі мы праводзілі. Мы хочам зрабіць праходжанне мытні найбольш камфортным. Яно не стане менш зручным, чым звычайна. Наадварот, штатная колькасць супрацоўнікаў будзе павялічана.

Але як жа мытнікі пераадолеюць моўны бар'ер?

- Што да Нацыянальнага аэрапорта "Мінск", то 80% супрацоўнікаў вольна валодаюць замежнай мовай. Акрамя таго, ва ўсіх пунктах пропуску павялічана штатная колькасць супрацоўнікаў. Гэта зроблена для таго, каб максімальна скараціць чэргі на мяжы.

Мытнікі таксама паказалі працу кіналагічнай службы і аналізатара слядоў пораху і наркотыкаў на руках.

Валяр'ян ШКЛЕННІК

Фота Андрэя САЗОНАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Як уцягнуць у абарачэнне землі, вызваленыя з-пад інвазійных раслін?

Як уцягнуць у абарачэнне землі, вызваленыя з-пад інвазійных раслін?

Гэта паказалі на прыкладзе Мінскага і Валожынскага раёнаў.

Грамадства

Мужчыны расказваюць пра сваё жыццё ў дэкрэце

Мужчыны расказваюць пра сваё жыццё ў дэкрэце

На сямейным фестывалі «ТатаPro» таты, якія вырашылі пайсці ў дэкрэтны адпачынак або раздзяліць яго з жонкай, падзяліліся сваімі гісторыямі і расказалі пра тонкасці дэкрэта.

Грамадства

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

​Як беларускія вучоныя ствараюць умовы для спартыўных перамог

Спартыўныя дасягненні чалавека прыблізна на 75 % залежаць ад яго генетыкі.