Вы тут

«Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў» пройдуць з 14 да 16 чэрвеня


Тэатральныя і музычныя фестывалі пад адкрытым небам — з'ява не новая. Напрыклад, Зальцбургскі фэст праходзіць у Аўстрыі, на радзіме Моцарта, яшчэ з 1877 года (на рэгулярнай аснове — з 1920-га), а Фларэнтыйскі музычны май збірае аматараў оперы і акадэмічнай музыкі з 1933 года. Наш беларускі опэн-эйр опернага і балетнага мастацтва — «Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў» — сціпла адлічвае толькі дзясятую гадавіну, але займеў ужо сваіх адданых прыхільнікаў і заўсёднікаў — паглядзець і паслухаць яго прыязджаюць не толькі з іншых гарадоў, але і з іншых краін.


Сёлетні фестываль пройдзе ў старажытным Нясвіжы з 14 да 16 чэрвеня, як заўжды, на некалькіх пляцоўках: ва ўнутраным дворыку і тэатральнай зале рэзідэнцыі Радзівілаў і ў адным з найпрыгажэйшых у Еўропе барочным касцёле Божага Цела.

14 чэрвеня ў тэатральнай зале Нясвіжскага замка адбудзецца канцэрт «Партрэты. Клаўдзія Шульжэнка», на якім прагучаць галоўныя хіты вядомай савецкай спявачкі ў выкананні салісткі Вялікага тэатра Беларусі Алены Сала. У Фарным касцёле дасць канцэрт «Беларуская капэла», рэжысёрам і вядучым якога выступіць кіраўнік калектыву Віктар Скорабагатаў, а ў праграму ўвойдуць арганныя і вакальна-камерныя творы стваральніка нацыянальнай класічнай оперы Станіслава Манюшкі. (У свой час кампазітар амаль 20 гадоў працаваў арганістам у касцёле ў Вільні, таму напісаў даволі шмат твораў рэлігійнага кшталту.) А ўвечары Нясвіж будзе дыхаць паветрам Вероны і затаіўшы дыханне захапляцца шэкспіраўскімі страсцямі «Рамэа і Джульеты» — новую аўтарскую рэдакцыю знакамітага балета прадставіў у бягучым тэатральным сезоне народны артыст СССР і Беларусі, мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра Валянцін Елізар'еў.

У другі фестывальны дзень, 15 чэрвеня, жыхароў і гасцей Нясвіжа чакае ўражальная опера Джакама Пучыні «Тоска» ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Міхаіла Панджавідзэ і яшчэ адзін канцэрт, дакладней нават канцэрт-спектакль, прысвечаны 200-годдзю Станіслава Манюшкі — у ім артысты і рэжысёр пастараюцца перадаць камерную, утульную атмасферу музычнага салона ў шляхецкай сядзібе.

16 чэрвеня струнны квінтэт «Серэнада» і салісты опернай трупы тэатра запрашаюць аматараў кіно ў тэатральную залу Нясвіжскага замка на канцэрт «З песняй па жыцці». Ён складзены з музычных твораў, без якіх сёння ўжо немагчыма ўявіць любімыя фільмы з «залатога фонду» савецкага кінематографа. А завершыць «Вечары...» гала-канцэрт пад адкрытым небам «Зоркі Вялікага ў Нясвіжы», дзе будуць прадстаўлены самыя вядомыя оперныя арыі, хары, куплеты і дуэты, нумары з класічных балетных пастановак, творы сусветнай музычнай спадчыны.

Паралельна з музычнай гасцям прапануюць і насычаную музейную праграму: у Вялікай выставачнай зале гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» адкрыецца экспазіцыя, прысвечаная антычнай культуры, а ў Малой зале можна будзе ўбачыць работы майстра-разьбяра па дрэве Аляксандра Свірыда.

Дарэчы

18 чэрвеня апошні раз у гэтым сезоне беларуская публіка ўбачыць містычную драму «Макбет». Пасля спектакля тры вялізныя кантэйнеры з рэквізітам і дэкарацыямі адправяцца морам на гастролі — на Кіпр. Менавіта тут у канцы лета, з 30 жніўня да 1 верасня, на адкрытай пляцоўцы замка ў Пафасе будзе паказана гэта пастаноўка Міхаіла Панджавідзэ. Як расказалі «Звяздзе» ў Вялікім тэатры Беларусі, у гэтую далёкую паездку адпраўляецца досыць вялікі культурны дэсант — 165 чалавек, уключаючы не толькі салістаў, артыстаў хору і аркестр, але таксама пастановачную і тэхнічную групу.

Вікторыя ЦЕЛЯШУК

Загаловак у газеце: Да Радзівілаў, оперу паслухаць

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.