Вы тут

Чым сёлета здзіўляла выстава «Белагра-2019»


Маштабная сельскагаспадарчая выстаўка завяршаецца заўтра ў Мінску. Карэспандэнт «Звязды» прайшлася па часовых павільёнах і ацаніла патэнцыял айчыннага АПК.


Ад зярнятка да суперкамбайнаў

Ад МКАДа да Шчомысліцы, дзе ўжо не першы год разгортваецца «Белагра-2019», рукой падаць. Сёлета на гэтым невялічкім адрэзку паміж мегаполісам і вёскай разгарнулася інавацыйная экспазіцыя «Экперыментальнае поле». Хоць калі казаць больш дакладна, то з'явілася яно яшчэ ў верасні 2018-га — падчас сяўбы.

Так Навукова-практычны цэнтр па земляробстве НАН Беларусі прадставіў эксперыментальныя сарты азімай пшаніцы, жыта і ячменю. Усяго ў скарбонцы распрацовак беларускіх вучоных каля чатырох соцень збожжавых, зернебабовых, крупяных, тэхнічных культур і шматгадовых траў. Яны займаюць каля 80% сельскагаспадарчых палёў краіны, а таксама 2,5 мільёна гектараў у найбліжэйшай суседкі — Расіі. «Эксперыментальнае поле» было створана, у першую чаргу, для гасцей выстаўкі, якія прыехалі здалёк і ў будучым могуць стаць новымі партнёрамі Беларусі. Супрацоўнікі Акадэміі навук вырашылі заваёўваць давер не словам, а справай: вось, глядзіце, рэальны вынік нашай працы.

Ход цікавы і ўражвае не толькі спецыялістаў, але і звычайных наведвальнікаў накшталт мяне. Пакуль ад прыпынку да ўваходу на выстаўку дойдзеш, дакладна настроішся на сельскагаспадарчы лад і парадуешся за добры ўраджай.

А дзе ёсць збожжа, там павінна быць і добрая тэхніка. На адкрытай пляцоўцы «Белагра» машынам па традыцыі цесна. Сотні ўзораў сельгастэхнікі быццам з'ехаліся пагрэцца пад чэрвеньскім сонейкам у чаканні ўборкі. Хочаш — лезь у кабіну гомельскага суперкамбайна «Палессе GS2124», хочаш — кіруй падмаскоўным прамысловым дронам для апрацоўкі палёў хімікатамі. Публіка з цікавасцю ўспрыняла навінку ад Мінскага аўтамабільнага завода — самазвал для перавозкі збожжа. Вялікі (даўжыня машыны амаль дзесяць метраў, вышыня — каля трох з паловай) і дужы (можа перавозіць да 19 тон і пры гэтым цягнуць прычэп).

Чорнай ікры па-беларуску не жадаеце?

У спякоту так і хочацца нырнуць у шматлікія басейны, якія на выстаўку прывезлі рыбгасы з усёй краіны. Праўда, месца там ужо занятае. Фарэль, шчупакі, карпы... А між імі — дзіва! —вялізная рыбіна з доўгай «дзюбай», як у качкі.

— Гэта вісланос, — тлумачыць намеснік дырэктара вопытнага рыбгаса «Сялец» Сяргей Стэльмашук, заўважыўшы мае поўныя здзіўлення вочы. — Прывезлі восем гадоў таму па дзяржпраграме з Амерыкі. Выгадная прамысловая рыба: корміцца планктонам, хутка расце і дае чорную ікру. Аднак, каб атрымаць паўнавартаснае патомства, трэба чакаць 12 гадоў. А вось «беларускую» бялугу, якая таксама разводзіцца толькі ў рыбгасах, ужо можна пакаштаваць.

Насупраць воднага царства размясціўся жывёльны свет: коні, каровы, авечкі, козы.

— Зусім як я ў вечар пятніцы, — з усмешкай кажа мінчанка Аліна Іванец, тыкаючы пальчыкам на сонную свінню.

Дзяцей не адцягнуць ад двух дзясяткаў парсючкоў, якія, павіскваючы, топчуцца каля свінаматак. Гладзяць, чэшуць за вушкам і просяць бацькоў «завесці дома такую ж дзюдзю». Усё гэта нагадвае кантактны заапарк, толькі ў якім замест янотаў і шыншыл — тое, што яшчэ сто гадоў таму было амаль у кожнага паважаючага сябе беларуса. «Гарадскія!» — што тут яшчэ сказаць. Я, хоць і сама даўно жыву ў сталіцы, пытаюся ў жывёлаводаў: парсючкоў якой пароды лепш бацькам у вёску прыдбаць?

— А вось нашы — беларуская мясная, беларуская буйная белая і беларуская чорна-пярэстая. Выбар залежыць ад таго, хочацца вам больш сала ці мяса. Але ўсе тры — добры варыянт і для хатніх каўбас, і для катлет. Разводзім мы яшчэ і замежныя пароды — ландрасы, ёркшыры...

— Не-не, чужога неяк не хочацца, — перабіваю на паўслове Алену Яновіч з Навукова-практычнага цэнтра па жывёлагадоўлі НАН Беларусі і тлумачу: — Узялі мы неяк гэтых ландрасаў. Дык у іх жа шкура «дубовая»: ні пачысціць, ні з'есці і нават ад сала не аддзяліць. Дзякуй, але нам толькі сваё падавайце.

Разам з тым сельская гаспадарка — гэта не толькі пра ежу. Пакуль малыя забаўляюцца з парасяткамі і трусамі, а мужчыны прыцэньваюцца да рыбы, жанчын можна знайсці каля стэнда з норкамі. Такога звера жывым не пагладзіш, хоць ён і здаецца надзвычай мілым.

— Сёння норак у Беларусі разводзяць выключна на футра. У асартыменце — 11 колераў, — расказвае дырэктар Маладзечанскай зверагаспадаркі Белкаапсаюза Таццяна Адаміна. — Адна скурка нашай вытворчасці абыдзецца ў суму каля 45 рублёў (з улікам і НДВ і вырабу), жаночае футра сярэдняй даўжыні каштуе ў сярэднім 1600 рублёў.

У палатцы з курамі таксама шмат жанчын.

— Нясушкі і бройлеры ў мяне ёсць. Хачу што-небудзь прыгожае, — кажа маладая гаспадыня, якая прыехала на выстаўку спецыяльна па «экзотыку для вясковага куратніка».

Ёй тут жа прапаноўваюць прыгледзецца да пароды «Мільфлер», якую можна нават у доме трымаць замест папугая. Ганарлівыя і яркія — у суседзяў такіх дакладна не будзе!

Непадалёк на гасцей выстаўкі сумнымі вачыма пазіраюць авечкі, быццам просяцца дадому — на Віцебскае племпрадпрыемства.

— Знакамітая раманаўская парода. З'явілася ў Яраслаўлі яшчэ пры Пятры І — на ежу і вопратку. Раней жа як было: летам мужыкі выходзяць касіць, а ім трэба з сабой мяса ці сала даць на абед. Халадзільнікаў няма. Таму і трымалі авечак. Адну заб'еш — сям'я на тыдзень-другі ежай забяспечана, можна яшчэ і футра з аўчыны зрабіць, — робіць гістарычны экскурс начальнік племаддзела Віцебскага племпрадпрыемства Канстанцін Вараб'ёў. — Цяпер у Беларусі для гэтай жывёлы становішча сапраўды не самае завіднае. Не так проста збыць воўну. Якасная і цёплая, а попыту няма. Хоць бяры і выкідвай. Тое ж самае датычыцца і скур, якія выкарыстоўваюцца ў вытворчасці абутку.

Айчынная авечая скурка каштуе ўсяго каля трох рублёў, у той час як кітайскія — каля васьмі. Тым не меней адзін з найбуйнейшых вытворцаў скуранога абутку краіны працуе менавіта з усходнімі пастаўшчыкамі, грэбуючы беларускім прадуктам.

— З іншага боку, прыватнікі — у хатнюю гаспадарку ці для невялічкіх фермаў — авечак і баранчыкаў набываюць. Нават тут, на выстаўцы, ахвотна робяць замовы. З кожным годам цікавасць да жывёлы пакрысе вяртаецца.


Як усё пачыналася

Першая Усебеларуская выстаўка сельскай гаспадаркі і прамысловасці адкрылася ў сталіцы 10 жніўня 1930 года і працягвалася аж да лістапада!

75 гектараў, 35 павільёнаў і сотні тысяч наведвальнікаў. Гэта было мерапрыемства нават не рэспубліканскага, а ўсесаюзнага маштабу, бо ВДНГ у Маскве з'явілася толькі праз дзевяць гадоў.

За месяц да выстаўкі «Звязда» пісала пра тое, што «нягледзячы на прароцтвы розных ныцікаў і малавераў, выстаўка адкрыецца ў вызначаны тэрмін». Паколькі «тэрмінова абсталёўваецца павільён маслазавода і заліваецца фундамент пад сіласную вежу», а «ў пададдзел паляўніцтва дастаўлены мядзведзь, воўк, лісы, арлы, філіны, выдра і інш.» Ці нават такое: «камплект абсталявання для механічнай падачы кармоў і вывазкі гною з павільёнаў жывёлагадоўлі заказаны ў Амерыцы і знаходзіцца зараз у дарозе». Газета сведчыла, што спецыяльна да выстаўкі прадоўжылі трамвайную лінію.

Па сутнасці дзеля мерапрыемства ў 1930-м з'явіўся «новы культурны асяродак горада Мінска з грандыёзным будаўніцтвам, пачынаючы ад будынкаў клінікі і да самай выстаўкі». Сапраўды былі ўзведзеныя дзясяткі драўляных і каменных павільёнаў, выставачных зал, сталовых і г. д. На выстаўцы працавала 15 аддзелаў: 10 сельскагаспадарчых і 5 — прамысловага сектара (гэта прытым, што да 1939-га палова краіны знаходзілася ў складзе Польшчы). Цікава, што менавіта тут у павільёне «Дзяржбуда» наведвальнікі маглі ўбачыць, як будзе выглядаць будучы Дом урада (яго ўвялі ў эксплуатацыю ў 1934 годзе). А лозунг выстаўкі: «Мінімум штучнасці і максімум натуральнасці» сведчыць, што нават у час «без пестыцыдаў і нітратаў» стаяла пытанне якасці аграпрадукцыі.

Сучасным арганізатарам «Белагра», безумоўна, ёсць чаму павучыцца ў сваіх папярэднікаў. Так, у 1930-м на выстаўцы працавала тры сотні «тлумачоў» — студэнтаў сельскагаспадарчай акадэміі, ветінстытута і розных сталічных універсітэтаў, якія вадзілі бясплатныя экскурсіі. Гэтага дужа не хапае і ў наш час. Звычайнаму наведвальніку, які, умоўна кажучы, зайшоў на выстаўку з вуліцы, надзвычай цяжка разабрацца, што там і дзе. Бо змяшаліся ў кучу «коні, людзі і трактары», а растлумачыць, дзе і што, няма каму.

Ганна КУРАК

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Мінск — Шчомысліца — Мінск

Загаловак у газеце: Тыдзень у стылі «агра»

Выбар рэдакцыі

Культура

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Свята, якое ўжо традыцыйна ладзіцца ў першую нядзелю верасня, сёлета прымае Слонім.

Грамадства

Як працуюць сядзелкі

Як працуюць сядзелкі

Попыт на сядзелак ці медсясцёр, якія могуць даглядаць цяжка хворых людзей на даму, пастаянна расце.

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.