Вы тут

Колькі зарабляюць на футболе?


Упершыню з сярэдзіны 1950-х гадоў у фіналах еўрапейскіх футбольных кубкаў апынуліся прадстаўнікі адной краіны. Такога раней проста ніколі не было. Некалькі разоў у фіналах гулялі па тры клубы з адной краіны — Іспаніі, Германіі і Італіі, але ніколі ўсе чатыры. Пяць гадоў Лігу чэмпіёнаў выйгравалі «Барселона» і «Рэал». Мадрыдскі клуб пабіў рэкорд, які трымаўся са стварэння Лігі чэмпіёнаў — ён выйграваў яе тройчы запар. У сезоне 2018/2019 англійскія клубы спынілі дамінаванне іспанскіх. Сёлета фіналістамі футбольнай Лігі Еўропы сталі лонданскія «Чэлсі» і «Арсенал», а Лігі чэмпіёнаў — «Ліверпуль» і «Тотэнхэм Хотспур». Адметна, што тры клубы прадстаўлялі адзін горад — Лондан. Як вядома, перамогу святкавалі «Чэлсі» і «Ліверпуль». Колькі ж зарабляюць наймацнейшыя футбольныя лігі і асобныя клубы?


Мільярды для лігі

Вышэйшая ліга чэмпіянату Англіі ў мінулым сезоне атрымала небывалыя 5,44 мільярда еўра прыбытку, падлічылі аналітыкі Dеlоіttе. Так што ў фінансавым плане, жартуюць аналітыкі, футбольны мяч зараз пераважна «набіты фунтамі». Вынік Прэм'ер-лігі заўважна — на 72 працэнты — большы, чым у нямецкай Бундэслігі, якая стала другой па заробках (3,2 мільярда еўра). Зусім побач з Германіяй апынулася іспанская Ла Ліга (€3,1 млрд), на чацвёртым месцы — італьянская Серыя А (€2,2 млрд). Замыкае топ-5 «залатых» чэмпіянатаў Еўропы французская Ліга 1, якая зарабіла €1,7 млрд.

Сумарна найлепшыя чэмпіянаты Еўропы ў мінулым сезоне атрымалі рэкордныя 15,6 мільярда еўра даходу, паведаміла Fоrbеs. Асноўную частку даходу складаюць правы на паказ матчаў: напрыклад, англійская Прэм'ер-ліга ў сезоне 2017/2018 зарабіла на гэтым 3,2 мільярда еўра — амаль 60 працэнтаў ад агульнай сумы. Гэта ў 2,5 раза больш, чым вяшчальнікі пералічылі Бундэслізе. Па згаданым паказчыку немцы саступаюць таксама іспанцам і італьянцам. Пры гэтым у Германіі найлепшая наведвальнасць у Еўропе: на адзін матч там у сярэднім хадзілі амаль 44 000 чалавек.

Расійскі чэмпіянат у рэйтынгу Dеlоіttе стаў шостым па заробках у мінулым сезоне: агульная сума не перасягнула і мільярда — €813 млн. У адрозненне ад еўрапейскіх топ-чэмпіянатаў, у расійскай Прэм'ер-лізе асноўную частку даходаў прынеслі спонсарскія адлічэнні і рэклама. Правы на паказ матчаў — на трэцім месцы па даходнасці (€112 млн). У дзясятку самых прыбытковых чэмпіянатаў Еўропы таксама ўвайшлі Турцыя, Нідэрланды, Партугалія і Шатландыя.

Уведзены ў 2011 годзе фінансавы фэйр-плэй (FFР), які прымусіў клубы суадносіць выдаткі з даходамі, паступова ператварыў праблемную індустрыю ў паспяховую. У сезоне 2017/18 больш за 100 мільёнаў чалавек убачылі матчы клубных турніраў з трыбун (плюс 6,4 працэнта за год), а 15 камандаў пераадолелі лічбу ў мільён гледачоў за сезон. Прадукт цікавы замежным інвестарам (у 20 лігах яны кантралююць адзін ці больш клубаў топ-лігі) і фундатарам (56 камандаў у 25 лігах рэкламуюць на майках кампаніі не з Еўропы). Клубы актыўна ўкладваюцца ў інфраструктуру: другі год запар агульны аб'ём інвестыцый у стадыёны і іншыя матэрыяльныя актывы камандаў еўрапейскіх топ-ліг перавысіў 1 мільярд долараў.

Клубная бухгалтэрыя

Усе сумарныя значэнні ў справаздачы УЕФА сведчаць аб тым, што еўрапейскі футбол у выдатнай форме. Аднак калі вывучыць складнікі фінансавага поспеху, карцінка перастае быць такой бясхмарнай, адзначае Fоrbеs. З 615 мільёнаў еўра чыстага прыбытку 549 мільёнаў генеруе англійская Прэм'ер-ліга, якая якраз з сезона 2016/2017 жыве па ўмовах новага тэлекантракта. Трохгадовае пагадненне каштавала Skу і Brіtіsh Tеlесоm звыш 5 млрд фунтаў, яшчэ 3 млрд плацяць лізе замежныя вяшчальнікі. Ці варта здзіўляцца, што ў топ-20 рэйтынга па выручцы 10 месцаў займаюць англійскія каманды, а па даходах ад ТБ — 17: сціплыя «Борнмут» (€144 млн) і «Суонсі» (€127 млн) зарабляюць на трансляцыях унутранага чэмпіянату больш за «Ювентус» (€122 млн).

Канкурэнцыю англічанам на першых радках зводных табліц могуць скласці толькі суперклубы з іншых ліг. «Рэал» і «Барселона» больш за ўсіх марнуюць на заробкі — €406 мільёнаў і €378 млн адпаведна. Дортмундская «Барусія» лідзіруе па сярэдняй наведвальнасці — 79 496 гледачоў за матч у сезоне 2017/18, як і бундэсліга ў цэлым. У «ПСЖ» самы высокі паказчык «даходнасці» заўзятара на трыбунах — €86,9 з наведвальніка.

Практычна ва ўсіх паказчыкаў росту еўрафутбола ёсць важнае ўдакладненне аб «суаўтарах» прыгожых лічбаў. Напрыклад, амаль палову ад €2,9 млрд усёй білетнай выручкі генеруюць 20 топ-камандаў, а 40 працэнтаў ад €6,3 мільярда спонсарскіх і камерцыйных даходаў забяспечваюць 38 клубаў з вышэйшых дывізіёнаў Англіі і Германіі. 55 працэнтаў ад сукупнай выручкі еўрапейскага футбола прыносяць тры лігі — англійская (27 %), нямецкая і іспанская (па 14 %). А, напрыклад, уклад Расіі складае чатыры працэнты.

Кампанія Dеlоіttе штогод складае рэйтынг самых эканамічна паспяховых футбольных клубаў свету — Fооtbаll Mоnеу Lеаguе. Справаздача, прысвечаная вынікам сезона 2017/18, і чарговы раз зафіксавала рост сукупнага даходу камандаў з топ-20: з €7,9 млрд да €8,3 млрд. Яго забяспечылі прадстаўнікі пяці вядучых ліг: 9 клубаў з Англіі (6 у першай дзясятцы), 4 — з Італіі, па 3 — з Іспаніі і Германіі, а таксама французскі гранд «ПСЖ».

На першы радок спіса ў мінулым сезоне праз два гады вярнуўся «Рэал» з рэкорднай выручкай у €750,9 млн. Фенаменальнаму росту (плюс €75 млн за год) шмат у чым спрыялі перамогі ў Лізе чэмпіёнаў (трэцяя запар) і ў клубным чэмпіянаце свету (а гэта $5 млн прызавых). Акрамя таго, фінансавую стабільнасць забяспечваюць доўгатэрміновыя кантракты з Аdіdаs і Еmіrаtеs. Дзякуючы міжнароднай папулярнасці «Рэал» зарабляе на камерцыі (спонсарскія здзелкі, мерчандайзінг і перадсезонныя туры) больш за ўсіх у футболе — €356,2 млн (47 % сукупнага даходу). Аднак летась «Рэал» страціў сваю галоўную зорку — Раналду, што негатыўна адабілася на маркетынгавым патэнцыяле клуба. Па выніках бягучага сезона сітуацыя можа змяніцца.

Другое месца рэйтынгу дасталася «Барселоне». €690,4 млн выручкі — вынік росту камерцыйных даходаў (стартаваў новы маечны кантракт з японскай кампаніяй Rаkutеn), паспяховага перадсезоннага турнэ па ЗША і перамогі ў чэмпіянаце Іспаніі. У сезоне 2018/19 у «Барсы» ёсць усе шанцы палепшыць свае паказчыкі: пачалі дзейнічаць рэструктураванае пагадненне з Nіkе і новая здзелка з вытворцам бытавой тэхнікі Bеkо.

«Манчэстар Юнайтэд», які два гады запар узначальваў рэйтынг, апусціўся на трэцюю пазіцыю (€666 млн выручкі), хоць упершыню за некалькі гадоў гуляў у Лізе чэмпіёнаў (выбыў у 1/8 фіналу). На сезон 2018/19 аналітыкі прагназуюць «Юнайтэд» рост даходаў (да Ј615—630 млн) за кошт камерцыйных крыніц: доўгатэрміновых кантактаў з Аdіdаs і Сhеvrоlеt, новых глабальных і рэгіянальных партнёрстваў, а таксама першага «нарукаўнага» спонсарскага пагаднення (Kоhlеr). Але зменшыць адставанне ад лідараў наўрад ці атрымаецца без поспехаў у чэмпіянаце Англіі і Лізе чэмпіёнаў.

«Ювентус» упершыню з сезона 2011/2012 выпаў з першай дзясяткі рэйтынга, нягледзячы на чэмпіёнскі тытул у Італіі і рост камерцыйных даходаў (плюс 19 працэнтаў за кошт здзелкі па стадыёне з Аllіаnz, маечнага кантракта з Суgаmеs і бонусаў ад мерчандайзінга і ліцэнзавання, якімі цяпер займаецца сам клуб). Аднак больш ранні вылет з Лігі чэмпіёнаў і ўдалае выступленне там «Ромы» моцна скарацілі тэледаходы «Юве». Каталізаваць фінансавы рост закліканы Крышціяну Раналду. Яго купля — важная інвестыцыя і з пункту гледжання футбольнага выніку, і з пункту гледжання клубнай эканомікі.

Галоўны прарыў у рэйтынгу-2019 здзейсніла «Рома» — з 24-га месца на 15-е. Дайшоўшы да чвэрцьфіналу Лігі чэмпіёнаў, каманда атрымала €83,8 мільёна ад УЕФА і давяла суму даходаў ад тэлетрансляцый да €166,8 млн (67 працэнтаў ад агульнай выручкі). Але цяпер, пакуль не гатовы новы стадыён «Ромы» (абяцаюць да сезона 2020/2021), фінансавы поспех клуба наўпрост залежыць ад выступленняў у рэйтынгавых спаборніцтвах.

Фактар Клопа

Англійскую Прэм'ер-лігу ўжо даўно называюць самым моцным нацыянальным футбольным турнірам у Еўропе, аднак у апошнія гады падобныя заявы не знаходзілі пацвярджэння ў еўрапейскіх кубках. Цяпер жа пра моц Прэм'ер-лігі сведчыць нават тое, што сёлетні (і мінулагодні!) «Манчэстэр Сіці» не здолеў выйсці нават у паўфінал Лігі чэмпіёнаў; яго спыніў іншы англійскі клуб — лонданскі «Тотэнхэм».

Традыцыйна лічылася, што нацыянальны чэмпіянат для Англіі мае прыярытэт над еўрапейскімі кубкамі. Асабліва гэта датычылася Лігі Еўропы, на матчы якой англійскія клубы часта выстаўлялі другія саставы. Для вядучых клубаў, якія змагаюцца за месца ў першай чацвёрцы, еўрапейскія матчы гуляюцца ў сярэдзіне тыдня — заўсёды дадатковая нагрузка перад уік-эндам, у які праходзіць чарговы тур Прэм'ер-лігі.

Усе змянілі грошы і правілы УЕФА. Ліга чэмпіёнаў заўсёды дазваляла зарабіць. Але ў 2019-м пераможца атрымаў больш за 116 млн еўра, а ўсяго ў гэтым турніры разыгрываецца больш за 1,3 млрд еўра. Канкурэнцыя за лідарства ў англійскай Прэм'ер-лізе прыкметна ўзрасла: да «вялікай чацвёркі» («Арсенал», «Ліверпуль», «Манчэстэр Юнайтэд», «Чэлсі») дадаліся «Манчэстэр Сіці» з яго неабмежаванымі фінансавымі магчымасцямі і «Тотэнхэм» з яго новым стадыёнам на 62 тысячы месцаў, які ўжо называюць найлепшым у Англіі. У гэтых умовах траплянне ў чацвёрку, якое гарантуе пуцёўку ў Лігу чэмпіёнаў, стала жаданым трафеем, займець які не так проста. У 2015 годзе УЕФА абвясціла, што пераможца Лігі Еўропы будзе з гэтага часу атрымліваць месца ў Лізе чэмпіёнаў. У выніку англійскія клубы гулялі ў фінале турніру трэці год запар.

Адзін з сёлетніх трыўмфатараў — «Ліверпуль» — правёў феерычны сезон 2018/2019: толькі на адно ачко адстаў ад «Манчэстэр Сіці» ў гонцы за чэмпіёнства ў Англіі, затое стаў пераможцам Лігі чэмпіёнаў. У гісторыі клуба гэта шосты такі Кубак, апошні раз каманда выйгравала супертрафей у 2005 годзе. Каманда Юргена Клопа гуляла ў фінале самага прэстыжнага сусветнага футбольнага турніру сярод клубаў другі год запар — у мінулым сезоне «Ліверпуль» у вырашальным матчы прайграў мадрыдскаму «Рэалу» з лікам 1:3.

Нямецкага трэнера Юргена Клопа паклікалі ў «Ліверпуль» восенню 2015 года. Легендарны клуб, у рэзюмэ якога значацца 59 трафеяў, вельмі засумаваў па тытулах. Да моманту пераезду ў Англію Клоп ужо паспеў зачараваць заўзятараў сціплага «Майнца» (у 2004-м вывеў каманду ў Бундэслігу) і амбіцыйнай «Барусіі» (двойчы зрабіў чэмпіёнам Германіі — 2011-га і 2012-га гадоў), так што «Ліверпулю» прыйшлося патаргавацца за спецыяліста. Першы кантракт быў разлічаны на тры сезоны і Ј7 млн у год, аднак ужо ў 2016-м пагадненне працягнулі да 2022-га. Па звестках Frаnсе Fооtbаll, зараз галоўны трэнер зарабляе Ј11,2 млн у год (з улікам рэкламных даходаў).

«Тое, што Клоп заўсёды застаецца самім сабой, — чыстая праўда і адзін з ключавых складнікаў яго асобы, адзначае Элмар Невелінг у сваёй кнізе «Юрген Клоп. Гісторыя найвялікшага трэнера». Ён не гуляе ніякіх роляў, ды і, як ён сам кажа, з яго «вельмі дрэнны акцёр». Таму ён не выкарыстоўвае СМІ для нейкіх асабістых мэт. Проста часам ён не разумее, як яго словы можа ўспрыняць шырокая публіка. З-за гэтага яго словы не заўсёды адпавядаюць правілам добрага тону: «Што датычыцца меркавання грамадскасці, то з гэтым мне пашанцавала. Мне абсалютна ўсё роўна. Чхаць я на іх хацеў. Адны заяўляюць, што я «добры хлопец, заўсёды ў справе», а іншыя кажуць, што «гэты даўбаны разумнік мне ўжо гадамі на нервы дзейнічае». Мяне вельмі доўга лічылі пустазвонам. Але калі работа і яе якасць у наяўнасці, то ўжо становіцца не так важна, што ты кажаш грамадскасці». Пра «фактар Клопа» насамрэч сведчаць рэальныя вынікі. На табло і, адпаведна, на рахунках.

Захар БУРАК

Загаловак у газеце: Мяч з фунтамі

Выбар рэдакцыі

Культура

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Больш за 100 літаратараў з усіх рэгіёнаў краіны возьмуць удзел у мерапрыемствах Дня беларускага пісьменства

Свята, якое ўжо традыцыйна ладзіцца ў першую нядзелю верасня, сёлета прымае Слонім.

Грамадства

Як працуюць сядзелкі

Як працуюць сядзелкі

Попыт на сядзелак ці медсясцёр, якія могуць даглядаць цяжка хворых людзей на даму, пастаянна расце.

Культура

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Алесь Родзім: Рабілі «афармілаўку» для калгасаў, вярталіся ў свае падвалы і працягвалі маляваць

Беларускаму складніку Тахелеса прысвечаны арт-фестываль «Міфалагема тысячагоддзя», што адкрыўся ў прасторы Ок16 15 жніўня.