Вы тут

Адносіны Беларусі і Канады знаходзяцца на першаснай стадыі


Аб гэтым заявіла намеснік старшыні Савета Рэспублікі, нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця Мар'яна Шчоткіна на сустрэчы з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Канады ў Польшчы і Беларусі па сумяшчальніцтве Льюіс Скэнлан. Цікава, што гэта першая сустрэча з прадстаўнікамі Канады ў верхняй палаце Нацыянальнага сходу.


«На мой погляд, кантакты паміж Канадай і Беларуссю знаходзяцца толькі на пачатковай стадыі, — сказала Мар'яна Шчоткіна. — Вядома, тое, што ў нас гандлёвы абарот складае менш за 50 млн долараў, — гэтага вельмі недастаткова. Я са шкадаваннем адзначыла, што тавараабарот упаў. І нават за кароткі перыяд 2019 года тавараабарот знізіўся амаль на 50 %».

Фота БелТА.

Намеснік старшыні Савета Рэспублікі паведаміла, што гэты паказчык склаў менш за 10 млн долараў. На яе думку, гэта сведчыць аб тым, што Беларускай гандлёва-прамысловай палаце і канадскім партнёрам неабходна наладзіць большае ўзаемадзеянне.

Віцэ-спікер верхняй палаты звярнула ўвагу, што ў Канадзе прадстаўлены інтарэсы «МТЗ» і «БелАЗа», аднак гэта ўсё ж толькі пачатак супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў.

«У нас у парламенце створана група дружбы з Канадай, але парламенцкі складнік таксама пакуль вельмі нязначна развіты, — сказала Мар'яна Шчоткіна. — Я разумею, што ў нас гэта пачатак шляху, пачатак вялікага супрацоўніцтва, таму і Сенат, і Палата абшчын [яны складаюць канадскі парламент. — «Звязда»] таксама будуць цікавіцца супрацоўніцтвам з Беларуссю».

Намеснік старшыні Савета Рэспублікі асобна спынілася на гуманітарным складніку адносін. На яе думку, беларускія ўніверсітэты могуць зрабіць шмат для развіцця культурных сувязяў з Канадай.

Таксама віцэ-спікер выказала надзею, што Беларусі ўдасца лепш даведацца пра Канаду праз турызм. Пакуль у нас не вельмі шмат адтуль гасцей, ды і беларусы нячаста наведваюць гэтую дзяржаву. «Мяркую, турыстычныя лініі нам таксама трэба развіваць, мы будзем усяляк гэтаму садзейнічаць», — дадала яна.

Мар'яна Шчоткіна падкрэсліла: Беларусь вельмі шануе Канаду як дзяржаву і яе народ. Гэта ў тым ліку звязана з тым, што Канада адной з першых прыйшла на дапамогу пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС. «Гэта неацэнна, калі ты адчуваеш, што не адзін у гэтым свеце», — канстатавала намеснік старшыні Савета Рэспублікі.

Яна таксама расказала, што з захапленнем успрыняла прызначэнне Льюіс Скэнлан у якасці пасла ў нашу краіну. «Я думаю, што калі за справу бяруцца жанчыны, то гэта справа прасоўваецца значна хутчэй. Мы з вамі павінны зрабіць вельмі шмат для нашых дзяржаў і для людзей, якія жывуць у іх», — адзначыла віцэ-спікер.

Рэзюмуючы сказанае, Мар'яна Шчоткіна пацвердзіла, што Беларусь вельмі зацікаўлена ў развіцці кантактаў з Канадай — перш за ўсё парламенцкіх. Пры гэтым вялікае значэнне для нас мае наладжванне сувязяў па дасягненні Парадку дня ў галіне ўстойлівага развіцця на перыяд да 2030 года.

У адказ Льюіс Скэнлан заявіла, што для Канады найважнейшым прыярытэтам з'яўляецца развіццё эканамічных адносін. Дарэчы, інфармацыя пра іх: у 2018 годзе гандлёвы абарот паміж Беларуссю і Канадай склаў 47,5 млн долараў і скараціўся на 21,4 % да ўзроўню 2017. Істотна знізілася адмоўнае сальда: з 33,8 млн долараў у 2017 годзе да 2,9 млн долараў у 2018 — у 11,5 раза.

За 2018 год з Канады паступіла інвестыцый на суму 6,9 млн долараў (79,6 % да 2017 года), у тым ліку 4,9 млн долараў прамых інвестыцый.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Загаловак у газеце: Пачатак вялікага шляху

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.