Вы тут

Магістраль гатова сустрэць ІІ Еўрапейскія гульні


Яшчэ трохі — і ў сталіцы з'явіцца больш за 30 тысяч турыстаў на ІІ Еўрапейскіх гульнях. Падрыхтоўка да гэтай падзеі на аб'ектах чыгуначнай станцыі Мінск-Пасажырскі амаль завершана. Пра тое, як тут будуць сустракаць гасцей горада, расказалі журналістам.


— Вакзал станцыі Мінск-Пасажырскі — гэта першы пункт прызначэння, куды прыязджаюць турысты, каб пазнаёміцца са сталіцай. Таму для нас было важна зрабіць усё магчымае, каб ім было ўтульна. Праца па ўдасканаленні аб'ектаў праводзілася паўтара года. Мы замянілі большасць паказальнікаў і табло, устанавілі новыя даведачныя тэрміналы і тэрміналы самаабслугоўвання, абнавілі сістэму кандыцыянавання. На тэрыторыі вакзала ёсць бясплатны wі-fі, у выпадку неабходнасці кожны можа звязацца з кантакт-цэнтрам. Таксама для арганізацыі камфорту турыстаў больш за 200 супрацоўнікаў Беларускай чыгункі прайшлі навучанне на курсах англійскай мовы, — адзначыў начальнік станцыі Мінск-Пасажырскі Віктар НІЗОХІН.

Змяненняў да летняй спартыўнай падзеі зроблена нямала. Для асоб з абмежаванымі магчымасцямі створана безбар'ернае асяроддзе: для зручнасці арыентавання тых, хто слаба бачыць, на лесвіцах нанесены спецыяльныя палосы бяспекі жоўтага колеру, а на ўсіх уваходных дзвярах вакзала — жоўтыя кругі. На Прывакзальнай плошчы, каля будынка гасцініцы «Экспрэс», выкладзеныя тактыльная плітка і накіравальныя лініі. Рамонт у самім будынку ўсё яшчэ працягваецца, у хуткім часе 29 нумароў адновяць свой знешні выгляд. Дарэчы, надпісы ў ліфтах гасцінічнага комплексу прадубляваныя шрыфтам Брайля.

Змянілася і сістэма руху цягнікоў, пра што расказаў начальнік пасажырскай службы Беларускай чыгункі Аляксандр ДРОЖА:

— З 22 да 30 чэрвеня на ўчастку Мінск—Масюкоўшчына штодня будуць курсіраваць 57 цягнікоў, у зваротным напрамку — 62 цягнікі. Па маршруце, дзе знаходзяцца тры буйныя аб'екты — стадыён «Дынама», «Мінск-Арэна» і Вяслярны канал — колькасць саставаў павялічыцца ўдвая. Паміж Масквой і Мінскам графік праездаў будзе складацца з васьмі пар цягнікоў, паміж Санкт-Пецярбургам і Мінскам ды Кіевам і Мінскам — па дзве пары. З 16 чэрвеня да 14 ліпеня будзе курсіраваць дадатковы цягнік «Брэст—Варшава».

Супрацоўнік Беларускай чыгункі дадаў, што аплаціць квіткі можна ў чыгуначных касах, праз плацежна-даведачныя тэрміналы самаабслугоўвання, за наяўны разлік і з дапамогай смарт-картак і бескантактавых банкаўскіх картак.

А якія змяненні чакаюць турыстаў і жыхароў сталіцы, калі зайсці ў будынак вакзала? Былі заменены эскалатары, кандыцыянеры ў касавых залах, праведзены рамонт санітарных вузлоў і пакоя адпачынку для пасажыраў з дзецьмі. Мадэрнізаваны элементы прасторавай навігацыі — піктаграмы і інфармацыйныя паказальнікі. У зале чакання абсталявана 36 спецыяльных месцаў для людзей, якія карыстаюцца кіямі, шэсць месцаў для людзей, што перасоўваюцца на інвалідных калясках. На першым паверсе ўжо функцыянуе Інфармацыйны цэнтр Еўрапейскіх гульняў, супрацоўнікі якога на англійскай мове дадуць карысныя і патрэбныя звесткі, сарыентуюць па горадзе, спартыўных аб'ектах і транспарце.

Цікава, што асаблівай папулярнасцю падчас правядзення Еўрапейскіх гульняў карыстаецца прагляд спаборніцтваў у зале чакання. Трансляцыя на вакзале будзе праводзіцца на чатырох экранах. Для таго каб прыцягнуць і зацікавіць турыстаў, у холе ўсталявалі фотазону, якая пасля свята будзе мяняцца ў адпаведнасці з парой года. На прывакзальнай плошчы гасцей будзе сустракаць талісман гульняў лісяня Лёсік, а таксама неад'емнымі атрыбутамі падзеі стануць тэматычныя плакаты на станцыях, вакзалах і цягніках Беларускай чыгункі. Работнікам магістралі будуць дапамагаць валанцёры.

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота Ганны ЗАНКАВІЧ

Загаловак у газеце: Сардэчна запрашаем!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».