Вы тут

Інвестараў прыцягваюць гарантаваныя даходы


Летась краіна выканала ўсе прагнозныя паказчыкі, звязаныя з прыцягненнем інвестыцый. Як адзначаюць у Міністэрстве эканомікі, такі вынік быў чаканым: работа па ўдасканаленні інвестыцыйнага і дзелавога клімату праводзіцца даўно, сістэмна і планамерна. Штогод фарміруецца план мерапрыемстваў па ўдасканаленні інвестыцыйнага заканадаўства, умоў для вядзення бізнесу ў цэлым.


У рэальны сектар беларускай эканомікі летась паступіла 10,8 мільярда долараў замежных інвестыцый, амаль 80 % з якіх — прамыя. Аб'ём прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове (без уліку запазычанасці за тавары, работы, паслугі) склаў 1,6 мільярда долараў і ўзрос у параўнанні з 2017 годам больш чым на 30 %.

Спрыяльны атрымаўся і сёлетні першы квартал: замежных інвестыцый паступіла на тры мільярды долараў. З іх 83,3 % — прамыя (2,5 мільярда долараў), прамыя на чыстай аснове — 972,9 мільёна долараў.

Праўда, як паведамілі ў Мінэканомікі, рэгіянальная структура размеркавання прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове ўсё гэтак жа застаецца нераўнамернай. Па-ранейшым лідзіруюць цэнтральныя рэгіёны (Мінск — амаль 60 % і Мінская вобласць — 15,5 %), на астатнія вобласці прыпадае ад 2,6 % да 7,6 %.

Цікавяць гандаль, транспарт і апрацоўка

У галіновай структуры замежныя інвестары нязменна праяўляюць найбольшы інтарэс да ўкладання сродкаў у апрацоўчую прамысловасць, фінансавую і страхавую дзейнасць, аптовы і рознічны гандаль, транспартную сферу. Гэтаму спрыяюць гарантаваныя даходы і параўнаўча нізкія выдаткі вытворчасці.

Акрамя таго, перспектыўнымі для інвеставання ў Міністэрстве эканомікі лічаць фармацэўтыку, аграпрамысловы комплекс, інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, вытворчасць арганічнай прадукцыі і развіццё экалагічнага турызму.

У Беларусь інвестуюць каля 60 дзяржаў. На працягу апошніх гадоў асноўныя прамыя інвестары — краіны Еўрапейскага саюза і Расія: на іх долю ў розныя гады прыпадала 50 і больш працэнтаў ад агульнага аб'ёму прамых замежных інвестыцый. Сёлета ў першым квартале прамыя замежныя інвестыцыі з краін Еўрасаюза склалі 54,2 % ад агульнага аб'ёму, з Расіі — 34,7 %.

Як паведамілі ў міністэрстве, істотныя намаганні прыкладаюцца да дыверсіфікацыі інвестыцыйных патокаў. Найбольшы патэнцыял бачны ў Кітая, у тым ліку за кошт праектаў Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень». Кітай упэўнена трымаецца ў дзясятцы найбуйнейшых інвестараў, пры гэтым на сталай аснове вядзецца праца па пераходзе ад звязанага крэдытавання да прамых замежных інвестыцый і спалучэння вытворчых патэнцыялаў.

Канкурэнцыя — залог поспеху

У найбліжэйшай перспектыве плануюць будавацца кааперацыйна-інтэграцыйныя сувязі з краінамі ЕАЭС у сектарах і галінах эканомікі, якія маюць развіты патэнцыял. Гэта дазволіць не толькі павялічыць інвестыцыйныя патокі (за кошт рэалізацыі сумесных праектаў ці паставак абсталявання, сыравіны), але і стабілізаваць рынкі збыту.

У міністэрстве падкрэсліваюць, што канкурэнцыя за прыцягненне інвестыцый увесь час узмацняецца. Нягледзячы на глабальныя тэндэнцыі, у Беларусі назіраецца станоўчая дынаміка. Але гэтага недастаткова для развіцця і стварэння новай эканомікі.

Працягваецца работа над павелічэннем аб'ёму замежных інвестыцый і, галоўнае, іх якасці. Сёлета «планка» ўзнятая: інвестыцыі на чыстай аснове запланаваныя ў аб'ёме 1,6 мільярда долараў. Асноўная задача — эфектыўна карыстацца ўсімі інструментамі прыцягнення інвестараў, у тым ліку магчымасцямі свабодных эканамічных зон, Парка высокіх тэхналогій, у межах інвестдагавораў, якія заключаюцца.

У Міністэрстве эканомікі нагадваюць пра найбліжэйшую такую магчымасць: правядзенне 2 ліпеня ў Парку па дамоўленасці кіраўнікоў Беларусі і Кітая міжнароднага Форуму па рэгіянальным супрацоўніцтве і развіцці ў рамках ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях».

Варвара Марозава

Фота Андрэя Сазонава

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».