Вы тут

Прадпрыемства з нямецкім капіталам паспяхова працуе ў глыбінцы


У вёсцы Дзівін, на самай мяжы з Украінай, паспяхова працуе замежнае швейнае прадпрыемства. Цяпер тут занятыя больш за сто чалавек, у пераважнай большасці — жанчыны. А паўтара дзясятка гадоў таму ўсё было зусім іначай. У трохтысячным пасёлку склалася надзвычай напружаная сітуацыя з работай, асабліва пасля закрыцця камбіната надомнай працы прадпрыемства «Брэстмесцпрам».


Жанчыны скардзіліся, хадзілі на прыём да прадстаўнікоў мясцовых органаў улады. Працаўладкаваць жа іх не было куды. А памяшканне былога камбіната плошчай больш за 1200 квадратных метраў пуставала і паступова разбуралася. Айчынныя інвестары не спяшаліся прэзентаваць свае бізнес-праекты ў населеным пункце амаль за сотню кіламетраў ад Брэста.

Кіраўнік нямецкай фірмы «Лангхайнрых» упершыню прыехаў у Дзівін у 2005 годзе. Перад гэтым прадстаўнікі арганізацыі наведвалі розныя рэгіёны вобласці, прыглядаліся да патэнцыйных пляцовак пад будучае прадпрыемства. Гэтым разам зацікаўленасць і гатоўнасць да падтрымкі праявіла кіраўніцтва раёна. Кобрынскі райвыканкам зрабіў усё магчымае, каб зацікавіць інвестара. За кошт мясцовага бюджэту была заасфальтаваная дарога ад шашы да прадпрыемства. Для нямецкага боку важнае значэнне мела таксама блізкасць да мяжы з Еўрасаюзам, аптымальная інфраструктура для дастаўкі грузаў аўтамабільным і чыгуначным транспартам, а яшчэ паўплываў той фактар, што ў Дзівіне былі кваліфікаваныя работнікі.

Адным словам, кіраўніцтва кампаніі прыняло рашэнне адкрыць у Кобрынскім раёне швейную вытворчасць. У сярэдзіне 2005 года прадпрыемства «Лангхайнрых Канфекцыён Бел» было зарэгістраванае. У перакладзе з нямецкай яго назва азначае «Вытворчасць Лангхайрых у Беларусі». Ужо ў жніўні 2005 года ў будынку на ўскрайку Дзівіна пачаўся рамонт. Будаўнікі мянялі дах, бетанавалі падлогу, апрацоўвалі сцены. Праз год будынак было не пазнаць, ён выглядаў як новы. Адначасова ішлі пастаўкі абсталявання і падбор спецыялістаў. З Германіі везлі швейныя машыны, электраабсталяванне, дапаможныя тэхнічныя сродкі.

Па просьбе кіраўніцтва кампаніі Дзівінскі сельвыканкам склаў спісы мясцовых майстрых кройкі і шыцця. У свой час многія з іх працавалі на камбінаце бытавога абслугоўвання, на камбінаце надомнай працы, на ткацкай фабрыцы. Жанчыны мелі добрую прафесійную падрыхтоўку, але не мелі работы. Ім разаслалі запрашэнні на сумоўе. Падборам персаналу займалася менеджар з Германіі Сімона Штольц. Цяперашняя працаўніца прадпрыемства Галіна Брышталь успамінае, як з кожнай прэтэндэнткай гутарылі паасобку і доўга. Потым тых, каго адабрала фрау Штольц, паклікалі на выпрабаванне. Дзівінчанкі два дні паказвалі сваё майстэрства за швейнымі машынкамі. Пасля гэтага некаторых запрасілі на работу. Першая брыгада работніц прыступіла да працы летам 2006 года. Першую партыю абрусаў з нямецкай якасцю, зробленых у Дзівіне, адправілі заказчыку ўвосень гэтага ж года.

— З часам прадпрыемства пашырала вытворчасць, набірала новых работнікаў, і цяпер калектыў налічвае крыху больш за сто чалавек, — расказвае галоўны інжынер фабрыкі Людміла КАРПЕШ. — Сталовую і пасцельную бялізну з Дзівіна набываюць найбуйнейшыя гатэлі свету, чыгуначныя і авіяцыйныя кампаніі, вясковым майстрыхам даводзілася выконваць заказы для VІР-персон з каралеўскіх сем'яў.

Да нядаўняга часу ўся прадукцыя выраблялася з замежнай сыравіны і прадавалася за мяжой. Цяпер акрамя вырабу экспартных партый прадпрыемства актыўна асвойвае беларускі рынак. Камплекты пасцельнай бялізны ад «Лангхайнрых» еўрапейскай якасці маюць беларускі каларыт. Тэхнолагі і майстры выкарыстоўваюць розныя варыяцыі беларускай вышыванкі. Напрыклад, арнамент з васільком упрыгожвае самыя розныя сталовыя камплекты. Прадукцыя вясковых швейнікаў прадаецца ў Кобрыне і ў сталіцы.

У Дзівіне з гонарам расказваюць пра сваё прадпрыемства. Яго работнікі за ўвесь час ніводнага дня не былі ў водпуску за свой кошт. Зарплата выплачваецца заўсёды своечасова, і для сельскай мясцовасці яна вельмі нават неблагая. Большасць работніц жыве ў самім Дзівіне, як, напрыклад, цёзкі па прозвішчы Святлана і Валянціна Баранчук. Гісторыя іх шмат у чым паказальная. Гэта іх першае рабочае месца. Прыкладна ў адзін час павыходзілі замуж, падгадавалі дзяцей, а работу не маглі знайсці: не было асаблівага выбару ў вёсцы. Таму з радасцю прыйшлі, калі быў аб'яўлены набор швачак. На прадпрыемстве з першага дня, асвоілі ўсе аперацыі, цяпер займаюцца раскроем.

А жыхарак суседняга пасёлка Арэхаўскі і вёскі Воса на работу падвозіць мікрааўтобус, які арандуе прадпрыемства. Першая змена пачынаецца ў сем гадзін раніцы. На змену заступаюць два з паловай дзясяткі швачак, а таксама раскладчыцы, раскройшчыцы і іншыя спецыялісты. У бытавым пакоі яны пераапранаюцца ў форму, пакідаюць свае абеды ў халадзільніку, каб падчас перапынку іх разагрэць ды перакусіць. Для гэтага створаны ўсе ўмовы. У прасторным вытворчым цэху чыста, светла, тут падтрымліваюцца аптымальныя для працы ўмовы.

— Двор фабрыкі, навакольная тэрыторыя заўсёды ва ўзорным парадку, — адзначыла старшыня Дзівінскага сельскага Савета Вера ПІКУЛА. — Мноства кветак, дэкаратыўных кустарнікаў, арыгінальная альтанка — участак прадпрыемства служыць упрыгажэннем старадаўняга Дзівіна і падае прыклад іншым.

«Лангхайнрых Канфекцыён Бел» часта аказвае спонсарскую дапамогу грамадскім арганізацыям, дзіцячым калектывам, спартыўным секцыям. Выхаванцы Кобрынскага дзіцячага дома і Кобрынскай дзіцячай вёскі шмат разоў атрымлівалі падарункі ад швейнага прадпрыемства; дапамагалі тут і пачаткоўцам-дзюдаістам, і маленькім артыстам раённага палаца культуры. Словы падзякі на адрас кампаніі гучалі ад кіраўніцтва мясцовай памежнай заставы, ад настаяцельніцы жаночага манастыра, святароў тутэйшых цэркваў. Дырэктар прадпрыемства Валянціна ПАШКЕВІЧ падкрэслівае: «Калі ў нас ёсць магчымасць падтрымаць юны талент, добрае пачынанне, харошую справу, мы гэта робім з задавальненнем».

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Андрэя САЗОНАВА

Кобрынскі раён

Загаловак у газеце: Сотня рабочых месцаў у вёсцы

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».