Вы тут

Эканамічны форум у Смаргоні завяршыўся шэрагам падпісаных кантрактаў


Эканамічны форум аб'ядноўвае тры паўночныя раёны Гродзеншчыны — Астравецкі, Смаргонскі і Ашмянскі. Сёлета прадстаўнікі бізнес-колаў Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы, Латвіі і Украіны сабраліся ў Смаргоні, каб абмеркаваць магчымасці супрацоўніцтва ў сферах энергетыкі, лагістыкі і турызму. Упершыню форум стаў пляцоўкай прэзентацыі школьных стартап-праектаў і святам для аматараў пачаставацца арыгінальнымі абаранкамі.


Астравец — з перспектывай АЭС

Усе тры паўночныя раёны паспяхова развіваюцца, не спыняюцца на дасягнутым, а шукаюць новыя магчымасці і перспектывы для супрацоўніцтва.

Самым дынамічным можна назваць Астравец — горад атамшчыкаў. Будаўніцтва першай беларускай атамнай станцыі літаральна пераўтварыла маленькі гарадок. Ён значна вырас, развіваецца інфраструктура. Для замежных інвестараў раён прывабны яшчэ і тым, што знаходзіцца на мяжы з Еўрасаюзам і мае шырокую транспартную сетку — чыгунку і аўтатрасу, якая злучаецца з міжнароднай. Гэты кірунак — адзін з самых перспектыўных для прыцягнення інвестыцый.

— Генеральным планам развіцця горада энергетыкаў закладзена будаўніцтва лагістычнага комплекса побач з чыгункай, — адзначыў старшыня Астравецкага райвыканкама Ігар Шалудзін. — Замежны інвестар рэалізаваў адзін такі праект побач з міжнародным пунктам пропуску «Катлоўка», дзе працуе электронная чарга. Прывабным з'яўляецца інвеставанне ў аб'екты прыдарожнага сэрвісу. На ажыўленай развязцы ў Астраўцы ёсць магчымасць пабудаваць такі шматфункцыянальны аб'ект.

Ёсць перспектывы для размяшчэння буйных вытворчых прадпрыемстваў. Сваіх інвестараў чакаюць дзве пляцоўкі са зручнымі пад'язнымі шляхамі.

Знаёмства з рэгіёнам падчас форуму прынесла свае вынікі. Так, паміж Астравецкім райвыканкамам і фондам развіцця расійска-беларускага супрацоўніцтва «Белыя росы» Санкт-Пецярбурга падпісаны дагавор аб сумеснай рабоце.

Як адзначыла прэзідэнт фонда Ірына Рогава, форум вельмі спрыяльны для беларуска-расійскага эканамічнага ўзаемадзеяння. Дзякуючы такім сустрэчам абодва бакі падпісалі пагадненне аб пастаўках беларускай прадукцыі ў Расію.

Ашмяны — не толькі край легендаў і паданняў

Сапраўды, раён валодае высокім гісторыка-культурным патэнцыялам. Але не толькі. Як паведаміў падчас прэзентацыі раёна яго кіраўнік Міраслаў Сарасек, выгаднае геаграфічнае становішча дало падставу шырокаму спектру супрацоўніцтва.

— У нас падпісана 12 пагадненняў з рознымі рэгіёнамі шасці краін. Чарговы міжнародны форум дае новы імпульс для ўсталявання далейшых бізнес-кантактаў, — адзначыў Міраслаў Сарасек.

У рэгіёна нямала цікавых прапаноў для інвестараў у розных сферах дзейнасці. І дзелавыя партнёры адгукаюцца. Так адбылося і гэтым разам. У рамках эканамічнага форуму «Паўночны вектар» гравійна-сартавальны завод «Баруны» знайшоў партнёра на пастаўку будматэрыялаў. Кантракт на пастаўку крухмалу падпісаны паміж гальшанскім прадпрыемствам і літоўскай фірмай. Сума кантракта складае 120 тысяч долараў, а гэта 10 працэнтаў ад усёй гадавой выручкі прадпрыемства.

Падчас форуму адбылося падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Ашмянскім райвыканкамам і польскай гмінай Сувалкі.

Форум плюс абаранкі

Новыя кантакты з'явіліся падчас міжнароднага форуму і ў гаспадароў — смаргонцаў. Нядаўна гарады-пабрацімы — Арзамас і Смаргонь — заключылі пагадненне аб супрацоўніцтве. Цяпер разглядаецца пытанне сумеснай работы Арзамаскага машынабудаўнічага і Смаргонскага агрэгатнага заводаў. Плануецца адкрыццё філіяла беларускага прадпрыемства ў Расіі. Падпісаны пагадненні паміж Смаргонскім райвыканкамам і гмінай Востраў Мазавецка Польскай Рэспублікі.

Сёлета ў праграме форума з'явіліся дзве новыя секцыі. На адной з іх былі прадстаўлены найлепшыя стартап-праекты моладзі трох раёнаў. Яшчэ адна секцыя была прысвечана вытворчасці абаранкаў у краіне. У ёй прынялі ўдзел хлебапёкі з усёй Беларусі, прадстаўнікі прыватнага бізнесу.

«Паўночны вектар» становіцца не толькі месцам для дзелавых кантактаў, але і сапраўдным святам. Падчас форуму прайшоў фестываль-кірмаш «Смаргонскія абаранкі» — новае брэндавае свята аднаго з прамысловых раёнаў Гродзеншчыны. Горад прэтэндуе на тое, каб стаць сталіцай абаранак. Калісьці слава пра гэты беларускі пачастунак разляталася па ўсёй Еўропе. Цяпер у раёне ўзнаўляюць гэтыя традыцыі.

Іван Жук, першы намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама:

— У трох паўночных раёнах вобласці — Астравецкім, Ашмянскім і Смаргонскім — засяроджаны значны вытворчы патэнцыял. Тут размешчаны прадпрыемствы цяжкай, харчовай, лёгкай, дрэваапрацоўчай прамысловасці, будаўнічыя арганізацыі. Памежнае становішча спрыяе развіццю міжнароднай кааперацыі з суседзямі — літоўскімі і польскімі партнёрамі. У цэлым паўночны рэгіён вельмі перспектыўны, і ў будучыні яго чакае бурнае развіццё, асабліва з улікам будаўніцтва АЭС, першы блок якой увойдзе ў строй у канцы гэтага года.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: «Паўночны вектар» з новымі брэндамі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Полацку ўпершыню знойдзена пахаванне князя

У Полацку ўпершыню знойдзена пахаванне князя

Сярод знаходак — нямала сенсацый.

Грамадства

З баршчэўнікам змагаюцца нават з дапамогай квадракоптара

З баршчэўнікам змагаюцца нават з дапамогай квадракоптара

Вопыт Віцебшчыны ў знішчэнні баршчэўніку цікавы таму, што тут больш за 80 працэнтаў зараснікаў ад агульнага па краіне.

Грамадства

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Пазнаць у гарадскім натоўпе абітурыентаў можна без праблем.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.