Вы тут

Ці варта купляць патрыманыя рэчы


У эпоху суцэльнага «сэканд-хэнду», калі нават зоркі эстрады не грэбуюць купіць сабе нешта, што было ва ўжыванні, простаму чалавеку з народу варта ўсё ж такі задумацца — ці купляць яму старыя рэчы? Ці ў нас з вамі так шмат грошай, каб марнаваць іх на тое, што ўжо далёка не «па пяць»?


Ёсць тавары, якія паспяваюць паслужыць некалькім індывідам, але становяцца ад гэтага нават лепшымі, а ёсць такія, што цалкам аддаюць сябе аднаму ўладальніку. Ёсць людзі, якія купляюць толькі новае, таму што яно «заўсёды лепшае», а ёсць тыя, хто шукае выгаду ў любой куплі і не адмовіцца ад ужыванага. Паспрабуем разабрацца, у якіх выпадках «паношанае» і сапраўды (на погляд аўтара гэтых радкоў) больш выгаднае, чым «свежае».

Нерухомасць і аўтамабілі

У нашай мясцовасці, дзе зімы халодныя, дамы заўсёды было прынята будаваць «на вякі». Просты якасны драўляны дом стаяў ад 50 да 70 гадоў. Старыя дамы з чырвонай цэглы стаяць яшчэ і цяпер. Нават у сучасныя «панэлькі» закладваецца рэсурс прыкладна на 50 гадоў.

Сучасны шматкватэрны дом мае сваю спецыфіку. Па ўласным вопыце скажу: у першыя пяць гадоў ён становіцца толькі лепшым: канструкцыя дае ўсаджванне, знікаюць усе агрэхі будаўнікоў, уладкоўваецца тэрыторыя, вакол будуюцца супермаркеты, дзіцячыя садкі і яшчэ шмат чаго. Праз дзесяць гадоў ваш раён робіцца сапраўды «спальным».

Значна траціць у якасці шматкватэрны дом пачынае гадоў праз 20—40 (усё залежыць ад будаўнікоў і матэрыялаў). Але і гэта яшчэ не прысуд, а толькі падстава для рамонту, замены труб, уцяплення сцен і іншага. Таму існуе рынак другаснага жылля, і ў доўгатэрміновай перспектыве ён будзе большы, чым рынак новабудоўляў.

Усё напісанае пра кватэры з невялікімі карэкціроўкамі справядліва для капітальных прыватных дамоў. Але нават часовыя індывідуальныя збудаванні звычайна не ідуць пад знос цалкам. Іх рамантуюць і дабудоўваюць, вядома, у тым выпадку, калі месца ліквіднае.

У лецішчаў і гаражоў свая гісторыя. Людзі позняга савецкага часу пабудавалі велізарную колькасць гаражоў і дач. Ладная доля гэтых будынкаў ужо не патрэбна ні ім самім, ні іх дзецям. Вынік — падзенне цэн у разы. Цяпер купіць гараж або дачу ў невялікім мястэчку (а часам і ў абласным цэнтры) можна ў 2-3 разы танней, чым будаваць. Агульная выснова — купляць нерухомасць, якая была ва ўжыванні, але не занадта старая, звычайна выгадней.

Калі шматкватэрны дом адзначыў дзесяць гадоў і можа лічыцца новым, то 10-гадовая машына альбо патрабуе павышанай увагі, альбо пераходзіць у катэгорыю «аўтамабільнага хламу». Нашы зімовыя дарогі пры актыўнай эксплуатацыі транспарту хутка раз'ядаюць соллю дно аўто. Ужо за тры гады большасць машын траціць ад 25 % да 45 % першапачатковай цаны.

Як параўнаць выгаду набыцця новага ці старога аўтамабіля? Новую машыну выгадна купляць, калі за час эксплуатацыі яна прынясе першаму ўладальніку больш, чым страціць у цане. Прыклад — таксіст, які зарабляе за пяць гадоў язды на новай машыне больш, чым яна губляе ў кошце за гэтыя пяць гадоў. Сукупныя страты ад рамонту перавышаюць выгаду ад набыцця ўтрыманага аўто. Прыклад — той жа таксіст, які выдаткаваў бы на рамонт чвэрць рабочага часу, і ўсе іншыя прафесіі, дзе «час — грошы».

Патрыманы аўтамабіль выгадны, калі ім карыстаюцца параўнаўча мала. Аўтамабіль, які прастаяў у гаражы, давядзецца прадаваць прыкладна за тую ж цану, што і той, які ўвесь час працаваў. Ён не зношваецца, але проста «старэе». Таму купляць новую машыну для паездак на дачу відавочна нявыгадна.

Спартыўны інвентар, «ювелірка»

Неаднастайная, але даволі дарагая катэгорыя тавараў. Сюды ўвойдуць і веласіпеды, і трэнажоры, і гіры. Большасць такіх тавараў мала губляюць у працэсе выкарыстання. Гіры, гантэлі, штангі практычна не зношваюцца, а вось прадаюцца яны часам па непрыдатным кошце.

Новая чыгунная гіра вагой 24 кілаграмы ацэньваецца ў 90—215 рублёў, такую ж старую гіру можна купіць па цане металалому пры самастойным вынасе — каля 8—10 рублёў, а часам і наогул атрымаць бясплатна.

У лік выгадных набыткаў заўсёды ўваходзяць патрыманыя ўпрыгажэнні з каштоўных камянёў і металаў, гісторыя набыцця якіх не выклікае сумненняў. Карыстаецца попытам якасны (без сколаў і расколін) посуд з золата, срэбра і фарфору. Не будзе ўдалым набыццё таннай біжутэрыі і серыйнага заводскага посуду: іх у патрыманым стане можна прадаць толькі вельмі танна.

Бытавая тэхніка

Для тэлефонаў, фотаапаратаў, ноўтбукаў і іншай нестацыянарнай тэхнікі можна лічыць правілам падзенне кошту на 50 % праз год іх выкарыстання.

Тут пакупніку трэба мець звышздольнасць умення знайсці рэч у выдатным стане, якая праслужыць яшчэ хоць бы два-тры гады. Тады арыфметыка на баку патрыманай рэчы. Яшчэ адна разумная падстава для набыцця такой тэхнікі — калі рэч патрэбная, але грошай на новую няма. Але калі кошт ужыванага тавару набліжаецца да цаны новага і няма гарантыі, што прылада не зламаецца праз два дні, то лепш пашукаць крэдыт або растэрміноўку на новую рэч.

Абутак і адзенне

Тут важны момант — ступень зносу. Так, футры і скураныя курткі пры правільным выкарыстанні вельмі «цягавітыя». Іншая справа, калі выбіраеш рэчы на адзін раз. Найлепшы прыклад — вясельныя сукенкі, якія захоўваюць выгляд і якасць, бо яны патрэбны ўсяго на два-тры дні. Усе рэчы, зробленыя з тонкіх тканін, а таксама штодзённы абутак трацяць свае вартасці вельмі хутка. Вырашальным крытэрыем таксама будзе цана. Дасведчаныя пакупнікі кажуць, што старое адзенне і абутак лепш браць не даражэй за траціну ад першапачатковай цаны новых.

Увесь працэс выбару, па сутнасці, складаецца з асабістай ацэнкі спалучэння цаны і якасці з улікам знешніх умоў і ўласнага густу. Вось і ўсё.

Сяргей КУРКАЧ

Загаловак у газеце: Калі «па тры» лепш, чым «па пяць»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Полацку ўпершыню знойдзена пахаванне князя

У Полацку ўпершыню знойдзена пахаванне князя

Сярод знаходак — нямала сенсацый.

Грамадства

З баршчэўнікам змагаюцца нават з дапамогай квадракоптара

З баршчэўнікам змагаюцца нават з дапамогай квадракоптара

Вопыт Віцебшчыны ў знішчэнні баршчэўніку цікавы таму, што тут больш за 80 працэнтаў зараснікаў ад агульнага па краіне.

Грамадства

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Пазнаць у гарадскім натоўпе абітурыентаў можна без праблем.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.