Вязу трох дачок у школу. Школа знаходзіцца ў глыбіні шматлікіх двароў, і пад'езд да яе вельмі нязручны: з раніцы пастаянныя заторы і адсутнасць парковачных месцаў. Кожны раз трачу тут ледзь не паўгадзіны толькі на тое, каб заехаць, неяк прыпаркавацца, а потым умудрыцца выехаць (прычым выехаць звычайна цяжэй за ўсё).
Сёння, стоячы ў чарговым заторы, кажу дзецям са злосцю:
— У вашу школу дзяцей трэба з верталётаў на парашутах скідваць.
Старэйшая дачка:
— Было б нядрэнна.
Я:
— Хочацца скокнуць з парашутам?
— Не. Проста, калі б усе скакалі, мы маглі б спакойна да школы пад'язджаць.
А і праўда, было б нядрэнна...
* * *
Пытаюся ў сына пасля першага вучэбнага тыдня:
— Ну і з кім цябе пасадзілі за парту?
— З адной дзяўчынкай.
— Добра, што з дзяўчынкай. (І добра, што з адной.)
— Чаму?
— Ну так бы пасадзілі з якім-небудзь хуліганам.
— Дарэчы, тата, гэта дзяўчынка ўжо шэсць гадоў займаецца тайскім боксам. У яе кожны вечар трэніроўка, а на канікулах зборы.
Ну што я магу сказаць? Цяпер усё залежыць ад сына: калі будзе сябе добра паводзіць, то найбліжэйшыя два гады ён пад надзейнай аховай. А калі дрэнна... Лепш бы з хуліганам пасадзілі.
* * *
Гуляем у парку, далі малодшым дзецям невялікі пакет семак — галубоў пакарміць. Яны пабеглі шукаць галубоў. Хвілін праз дзесяць падыходзім да іх і назіраем наступную карціну: пакет з семкамі амаль поўны, галубы замерлі ў чаканні. А дзеці, не спяшаючыся, чысцяць семкі і кідаюць ім па адной.
Кажам дзецям:
— Вы навошта семкі чысціце?!
— А як яны самі пачысцяць, у іх жа рук няма.
Мне здаецца, такога здзеку з сябе галубы яшчэ не бачылі...
Павел ХОЛАД
Сумесныя праекты ядзерных тэхналогій.
У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.