Вы тут

Хлопчыкі-двайняты з беларускай сям'і здымаюцца ў серыялах Беларусі і Расіі


Браты Яфім і Міхаіл Цубы з чатырох гадоў здымаюцца ў кіно, працуюць мадэлямі ў Італіі і Кітаі, рэкламуючы вядомыя брэнды дзіцячага адзення, прымаюць удзел у тыднях моды, пры гэтым не перарываючы навучання ў школе і займаючыся спортам. Пра тое, як хлопчыкі трапілі ў кіно і моду, як да гэтага ставіцца тата і чым давялося ахвяраваць дзеля іх заняткаў маме, сям'я Цубаў расказала ў сваім першым інтэрв'ю.


«Сярод дзяцей з усяго свету Міша аказаўся адзіным беларусам»

Мы сустракаемся на адным з мінскіх стадыёнаў, у шчыльным графіку хлопчыкаў складана знайсці вольную гадзінку. У Яфіма вось-вось пачнецца трэніроўка, Міша прыйшоў на стадыён за кампанію з братам. Мама двайнят Марыя відавочна хвалюецца, кажа, што для хлопцаў гэта першае інтэрв'ю, таму ёй самой цікава, як яны будуць сябе паводзіць падчас яго. А вось самі браты ў выдатным настроі і ўжо рвуцца ў размову.

Цяпер Яфіму і Міхаілу дзевяць гадоў, здымацца ў кіно хлопцы пачалі пяць гадоў таму. Тады Марыя ўбачыла інфармацыю, што ў адзін з фільмаў патрабуюцца дзяўчынкі-блізняткі, але ўсё роўна вырашыла паспрабаваць. «Мне самой заўсёды вельмі падабалася кіно. Спрабавала здымацца ў эпізодах і масоўках, потым усё гэта пераключылася на дзяцей, — расказвае яна. — У лісце на кастынг напісала, што калі не атрымаецца знайсці дзяўчынак, то ёсць хлопчыкі. Праз нейкі час нас папрасілі прыйсці на тыя пробы, і мае дзеці падышлі». Так, дэбютам братоў Цубаў у кіно стаў фільм «Фарца».

Неўзабаве ў сферы іх інтарэсаў з'явіўся і мадэльны бізнес. «У Мішы былі праблемы з нагамі: ён касалапіў, таму я вырашыла аддаць дзяцей у мадэльнае агенцтва, доўга шукала школу, выбірала, — дзеліцца мама хлопчыкаў. — Адна са школ не спадабалася дзецям, а я прыхільнік таго, што калі ім не падабаецца, то хадзіць туды не варта».

Так атрымалася, што мадэльная школа не толькі дапамагла паправіць паходку, але і «перарасла» ў нешта большае. Летась Мішу Цубу запрасілі папрацаваць у Італіі, там ён рэкламаваў вядомую марку адзення Dsquаrеd. Сярод 15 дзяцей з усяго свету Міша аказаўся адзіным беларусам. А нядаўна сям'я вярнулася з Кітая: хлопцы з мамай знаходзіліся там два месяцы, увесь гэты час у іх былі здымкі ў розных праектах.

«Я вельмі доўга думала, ці варта туды ехаць, — расказвае Марыя. — Сур'ёзна размаўляла з дзецьмі, не хавала ад іх таго, што яны едуць у Кітай працаваць, што гэта не адпачынак, што, магчыма, будзе складана. Толькі пасля таго як яны абдумалі і я дзесяць разоў усё ўзважыла, мы рызыкнулі».

— А мы доўга не разважалі, — уключаецца ў размову Міша. — Бо ў Італію лётаў толькі я, а мама і Яфім ні разу не лёталі на самалёце. Ім трэба было гэта паспрабаваць, прытым у мамы якраз быў дзень нараджэння, атрымліваецца, мы падарылі ёй гэтую паездку.

«Аб няўдалых кастынгах стараюся не нагадваць»

Яфім адзначае, што працаваць у Кітаі было складана, бо часам здымацца даводзілася целы дзень, часта без выхадных. «Але мне ўсё роўна спадабалася, — кажа хлопчык. — У некаторыя дні ўсё ж такі атрымлівалася адпачываць, мы пабывалі ў парках і заапарку». У Мішы работы было менш. «У Кітаі запатрабаваны пэўны рост, — тлумачыць Марыя. — Міша яго ўжо трохі перарос».

Самыя вялікія складанасці, з якімі даводзіцца сутыкацца хлопчыкам на здымках, — гэта доўгія рабочыя змены і чаканне, у гэтым выпадку ратуюць цацкі і тэлефоны. Яшчэ адзін складаны момант для дзяцей — кастынгі, дакладней іх вынікі. «Калі хлопцы не праходзяць адбор на якую-небудзь ролю ці праект, моцна не хвалююцца, слёз з-за гэтага дакладна не было ніколі, — прызнаецца Марыя. — Але ўсё роўна аб няўдалых кастынгах я стараюся ім не нагадваць».

Арганізацыйнымі пытаннямі хлопцаў займаецца мама, яна ж дапамагае ім вучыць тэксты сцэнарыяў, аднак у той жа час Марыя сур'ёзна сочыць за графікам дзяцей, каб расклад сыноў быў не перагружаны. «Я лічу, што ў першую чаргу ў дзяцей павінны быць адэкватныя бацькі, — кажа яна. — Людзі павінны разумець, ці трэба той ці іншы занятак дзіцяці, ці можа дзіця гэтым займацца, ці хоча яно. Я бачу сітуацыі, калі нашмат больш гэтага хочуць бацькі і думаюць, што іх дзеці ўжо зоркі, але толку ад такіх заняткаў мала. Не скажу, што я не ганаруся сваімі хлопчыкамі, безумоўна, мне прыемна, калі кажуць аб іх поспехах. Але ж яны самі хочуць гэтым займацца! Напрыклад, у нас абодва сыны спрабавалі сябе ў футболе, але Мішу не падабаецца гуляць, а Яфіма з нараджэння цягне да мяча. Я не стала нікога прымушаць, адзін застаўся ў футболе, другі ў якасці спорту абраў для сябе фехтаванне».

Самі хлопцы сцвярджаюць, што для іх складанасцяў са здымкамі не існуе наогул, яны не саромеюцца грымёраў і фатографаў, дарослых партнёраў па кінапляцоўцы і рэжысёраў. «Калі нашы дарослыя калегі добрыя, то мы добра ладзім, а калі сварацца з намі, то даводзіцца складана», — усміхаецца Яфім.

Хлопцы, нягледзячы на свой узрост, працуюць, як і дарослыя, па кантрактах, за якія атрымліваюць грошы. Марыя прызнаецца, што ў Беларусі яны, вядома, невялікія, хоць працуюць дзеці нараўне з дарослымі. «Вядома, у першую чаргу я прымаю рашэнне, ці пойдзе ў той ці іншы праект дзіця, але за грашыма мы не гонімся. Калі праект цікавы, пагаджаемся без пытанняў». Напрыклад, зараз Яфім здымаецца ў фільме пра Янку Купалу, дзе іграе маленькага паэта.

— Мне вельмі падабаецца гэтая роля, — расказвае хлопчык. — Па сюжэце бацька забараняе мне вучыцца, таму што сам усё жыццё быў працаўніком, а я вельмі гэтага хачу. Але пазней ён усё ж адпраўляе мяне ў школу і нават дорыць кнігу. Мой герой па-вар'яцку шчаслівы, — прыгадвае самую запамінальную сцэну Яфім.

Плануецца, што беларускі фільм пра вядомага паэта выйдзе на вялікія экраны ўжо ў другой палове 2019 года.

«У школе мы вядомыя»

Сёння на рахунку хлопчыкаў ужо ёсць нядрэнны вопыт, здымкі ў такіх серыялах, як «Колер саспелай вішні», «Мы ўсё роўна будзем разам», «Чорная кроў», «Смешнае каханне». Марыя ўсяляк спыняе нават найменшыя намёкі сыноў на зорнасць, хоць Міша расказвае, што ў школе іх з братам практычна ўсе пазнаюць. «Некаторыя падыходзяць адразу пасля выхаду фільмаў, кажуць пра тое, што бачылі нас у тэлевізары». «Так, у школе мы вядомыя», — дадае Яфім. А Марыя кажа, што просіць сыноў не афішаваць свае дасягненні. «Яны яшчэ не зоркі, так, штосьці ў іх атрымліваецца, але яны яшчэ маленькія, хлопчыкам вучыцца і вучыцца. Кожны раз пра гэта ім кажу».

У кіно Міша і Яфім запатрабаваныя больш па адным, а не ў якасці братоў, хлопцы нават адзначаюць, што паміж імі ёсць здаровая канкурэнцыя, але пры гэтым яны ўсё роўна сябруюць. «Аднойчы адбылася такая гісторыя: Яфім збіраўся на кастынг спрабавацца на ролю, а мне не было з кім застацца дома, таму мама ўзяла і мяне, — расказвае Міша. — Яфім прачытаў тэкст, але ў яго адбыўся такі «касяк» — ён перайграў. Пра гэта яму сказаў рэжысёр. Тады паспрабавацца на ролю вырашыў я — і атрымалася».

Міша ўжо ўпэўнены ў сваёй будучыні. «Я ведаю: я прафесійны акцёр, і буду ім, калі стану дарослым, ніколі не здраджу кіно». Мама хлопцаў здзіўлена кажа, што нават для яе гэта адкрыццё. Яфім таксама не хавае здзіўлення, бо пакуль менавіта ў яго больш акцёрскіх работ. «Я думаю, як вырасту, калі не атрымаецца з мадэльнай і акцёрскай справай, пайсці ў футбалісты, калі не атрымаецца з футболам, буду фехтавальшчыкам, карацей, падумаю, кім быць», — губляецца Яфім. І дадае, што наогул марыць сыграць ролю касманаўта. Марыя ў сваю чаргу адзначае, што галоўнае, чаго б ёй хацелася, — вырасціць з хлопцаў добрых людзей, а калі праз год яны скажуць, што не жадаюць больш хадзіць па подыуме і здымацца ў кіно, яна трохі засумуе (усё ж такі выдаткавана вельмі шмат сіл, у тым ліку дзеля хлопчыкаў жанчына кінула сваю работу), але прыме выбар сыноў.

Мама маленькіх акцёраў кажа, што часцей за ўсё сустракаецца з пазітыўнай ацэнкай таго, што сыны выбралі публічныя заняткі ў юным узросце. «Нават наш тата ў самым пачатку быў вельмі супраць, а потым убачыў, што ў дзяцей атрымліваецца, што ім гэта падабаецца, і прызвычаіўся, — расказвае Марыя. — Бабулі, дзядулі таксама падтрымліваюць унукаў, ганарацца імі і замілоўваюцца, калі бачаць іх на экранах». «Вядома, яны ж любяць серыялы», — дадае Міша.

Напрыканцы Марыя адзначае, што ў акцёрскай і мадэльнай мітусні хлопцы не забываюць пра вучобу, разумеюць, што яна ім вельмі патрэбна. Нават знаходзячыся ў Кітаі, браты штодня выходзілі на сувязь з настаўніцай, каб не адставаць ад школьнай праграмы.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Фота з асабістага архіва сям'і

Загаловак у газеце: Маленькімі ножкамі на вялікія подыумы

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.