Вы тут

Пустога двара затычка


Наталля ажывала доўга: тыдні, месяцы, а можа і больш. Для навакольных гэта было непрыкметна. Яна, як заўсёды, хадзіла на работу, усміхалася сваёй адкрытай прыязнай усмешкай. Такую не прапусціш у натоўпе: высокая, яркая, прыгожая, крышачку паўнаватая, але гэта яе не псуе, наадварот, дадае штрышок асабліва мілай прывабнасці. Ну вось як Святлана Ходчанкава ў фільме «Блаславіце жанчыну», у цяперашняй яе камплекцыі на ролю Веры актрысу не ўзялі б, і рэжысёры пра гэта казалі. Ды я не пра тое зараз.


Фота: soulpost.ru

Наталля таксама перыядычна скідвала некалькі кілаграмаў, найбольш па настойванні мужа, але пасля таго нічога істотна не мянялася, ён знаходзіў іншыя хібы ў постаці альбо недахопы ў характары. Яна зноў набірала вагу, ратавалася ад дэпрэсій лекамі, ратавала, як магла, сям'ю. Прытым, бывала, насіла ў спёку сукенкі з рукавамі, каб хаваць сінякі на руках. Калі я пра тое пачула, першую рэакцыю не стрымала: «Ты што, вар'ятка?!»

А яна нават трохі пакрыўдзілася. Стала мне, на дзесяць гадоў старэйшай, даводзіць, што не ўсё так проста ў жыцці, што яна так выхаваная бацькамі, маўляў, развядзёнка — гэта сорам, непрыгожа, азначае, няздатнасць жанчыны да сям'і. Трывала, лічыла абавязкам рабіць усё, каб дачка расла ў поўнай сям'і.

З Наталляй мы некалі працавалі ў адным будынку, яна тады прыйшла ў невялікую фірму маладым спецыялістам у галіне фінансаў. Болей я была, праўда, знаёмая з яе маці, чым з ёй. Ведала, што Наташа вырасла ў сям'і патомных інтэлігентаў. Усё для яе было па раскладзе: вучоба, заняткі музыкай, мовы, гурткі. І расла яна такой ва ўсіх адносінах правільнай дзяўчынкай. Адразу пасля ўніверсітэта выйшла замуж, вядома, па каханні. Выбраннік выглядаў вялікім рамантыкам, бывала, кветкамі выкладваў дарогу ледзь не ад прыпынку да яе кватэры. Толькі вось рамантызм скончыўся амаль адразу пасля вяселля, альбо набыў нейкія новыя асаблівыя формы. Ну, напрыклад, Анатоль ніколі не мог знайсці вартую сябе работу. Ён нідзе не затрымліваўся больш за год-два, а то і ўсяго месяц цягнулася працоўная кар'ера. Перапынкі паміж працоўнымі перыядамі доўжыліся нават гадамі. Гэты час ён паспяхова праводзіў на канапе — днём, а вечарам тушыў пажар душы ў начных клубах і барах. Яго тонкая, ранімая натура патрабавала цэлага калейдаскопа людзей і ўражанняў.

Яна мірылася. Больш за тое, пад раніцу нярэдка сядала за руль, прыязджала ў той самы клуб, развозіла па дамах яго сяброў, бывала, і сябровак. Думаеце, ранкам ён валяўся ў нагах і прасіў прабачэння? Не, раніцой ён незадаволена выгаворваў, што таму і ходзіць па піцейных установах, што ў яго страшная і тоўстая жонка, а яго эстэтычны густ патрабуе задавальнення. Яна тым часам брала крэдыты і абсталёўвала дом. Яму ж ніхто не даў бы крэдыт, банкі давяраюць кліенту са стабільным даходам. Вяла гэты дом як узорная гаспадыня. Напрыклад, у сезон пад сто слоікаў закрывала розных нарыхтовак. Гэта, паводле яе слоў, ад бабулі перадалося. Упрыгожвала побыт, сама станавілася дызайнерам інтэр'ера ў доме і ландшафту ў двары. Усё паспявала... Дачка паспяхова скончыла школу, паступіла на прэстыжны факультэт сталічнай ВНУ. А ёй усё часцей станавілася цесна ў вялікім доме з мужам. І аднойчы, замазаўшы танальным крэмам сіняк на руцэ, неяк раптам вырашыла, што вось цяпер — усё.

— Не думай, што так проста, як зараз гавару, — павольна прамаўляе Наталля. — У мяне перад разводам нібы псіхоз пачаўся, стала ўсю трэсці. Таблеткі не дапамагалі. Людзі параілі аднаго святара. Стала ездзіць у царкву, наведваць службы, гутарыць. І ведаеш, дапамагло. Аднойчы адпусціла. Дачка мяне падтрымала, і маці. Пайшла з адным чамаданам, нічога не хачу ад таго дома, у які за дваццаць гадоў уклала столькі працы.

Думала, што ў сорак з хвосцікам мне нікога больш не трэба, — працягвае яна. — У мяне ж нікога не было акрамя мужа... Потым з'ездзіла раз у адпачынак, сустрэла чалавека. Цяпер нібы намячаюцца нейкія адносіны. І не гэта істотна, самае важнае, што я цяпер адчуваю сябе спакойна, радуюся жыццю. А ён, мой былы, стаў прыходзіць, прасіць прабачэння, гаварыць, што я прыгожая, што я найлепшая. Вось дзіва: была заўсёды горшая, усе дваццаць гадоў, а тут стала найлепшая! Але спазніўся, ён мне ўжо абыякавы, пустога двара затычка. Чаму столькі гадоў трывала, не ведаю. Ажывала доўга, але ўжо ажыла.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».