Вы тут

Чым жыве сталічны дзіцячы дом №2


Сяргея маці кінула ў радзільні, збегла, і яе так і не знайшлі... Ваня і Максім — са шматдзетнай сям'і, у іх ёсць яшчэ два браты і дзве сястры, а маці вялікага сямейства, якой крыху за 25, нядаўна нарадзіла сёмае дзіця. Падобныя гісторыі, на жаль, зусім не выключэнне ў сталічным дзіцячым доме № 2. Напрыканцы лета яго расфарміруюць, бо дзесяць дзяцей выпусцяцца ў дарослае жыццё, нехта пойдзе на ўсынаўленне. Бацькоў дваіх малых адновяць у правах на дзяцей. Тым, хто застанецца, падбяруць іншыя формы выхавання, у прыватнасці, накіруюць у сямейныя дзіцячыя дамы, і гэта значна лепш, чым у дзетдоме, упэўнена яго дырэктар з больш як 30-гадовым стажам Валянціна ЗЯНЕВІЧ.


«Рэстаранны» лад жыцця

З мая 1988 года яна прыйшла сюды пасля змены трох дырэктараў, якія мяняліся ледзьве не штогод, і засталася на ўвесь час існавання ўстановы. Сёлета Валянціна Пятроўна адзначыла сваё 70-годдзе, аднак сіл і імпэту на гадаванцаў у дырэктара хопіць яшчэ на доўгія гады. Нездарма ж яна некалькі разоў бабуля, у тым ліку і праз былых выпускнікоў, якія і ў дарослым жыцці не забываюцца на тую, што імкнулася дапамагчы.

— У мяне пакуль пачуццё, што я ўсё жыццё тут буду працаваць, — смяецца яна. — Хоць сяброўкі і здзіўляюцца, як я столькі гадоў жыву на гэтым вулкане.

Прыходзячы на работу, дырэктар заўсёды пытаецца ў дзяжурнай: ці ўсе здаровыя, ці ўсе на месцы, ці ўсё добра? Так пачуццё адказнасці за падапечных станавілася пастаянным. Дырэктар дагэтуль не можа дазволіць сабе пайсці на бальнічны, у яе назбіралася ўжо 114 дзён адпачынку.

Кажа, што ўсе гады работы з дзецьмі стараецца вырашаць тры задачы. Выхаваць малых паўнавартаснымі грамадзянамі краіны, каб ніхто не мог абразіць іх фразай «ты дзетдомавец, што з цябе ўзяць», дамагчыся, каб малыя не паўтарылі памылак сваіх бацькоў, а яшчэ — стварылі ўласныя сем'і.

Жы­ха­ры дзі­ця­ча­га до­ма заўж­ды ста­ра­юц­ца він­ша­ваць тую,  хто за­мя­ніў ім ма­ці.

— Прыходзіш на работу, а там нехта захварэў, камусьці трэба новы дзённік, некаму цыркуль... У нас зараз 64 дзіцяці, і гэта як мінімум 64 праблемы штодня, — дзеліцца дырэктар.

Яна часта ўспамінае словы сваёй аднакурсніцы па філфаку паэткі Яўгеніі Янішчыц, што «чалавек цягам дня пражывае шмат сацыяльных роляў: работніка, пакупніка ў краме, пасажыра ў аўтобусе. І ад таго, наколькі ён сацыялізаваны, залежыць у выніку поспех яго жыцця».

— Дзяцей трэба рыхтаваць да гэтых сацыяльных роляў, каб яны разумелі, што ўсё ў жыцці даецца працай, каб ведалі кошт капейцы. А такі «рэстаранны» вобраз жыцця ў дзетдоме, калі ўсё гатовае і па раскладзе, мае адмоўны адбітак. Шкада, што пры такой установе нельга стварыць гаспадарку і грады, — кажа яна.

Валянціна Пятроўна ўпэўнена, што сучасныя дзеці больш разняволеныя, чым іх папярэднікі, знікла наіўнасць, яны хутчэй адаптуюцца да жыцця. Матэрыяльнае забеспячэнне ў іх таксама значна лепшае, чым было раней, і яны не жывуць у закрытай прасторы. Маюць кішэнныя грошы, ходзяць у бібліятэку, кіно і г. д.

«Поле цудаў» і «гадзіна чытання»

Гэ­тыя дрэ­вы 30 га­доў та­му ды­рэк­тар ба­чы­ла зу­сім ма­лень­кі­мі.

Пасля абеду дом ажывае, бо дзеці вяртаюцца са школ — вучацца яны ў звычайных установах разам з аднагодкамі, што жывуць з бацькамі.

— Тым не менш станаўленне асобы ў нашых дзяцей значна больш маруднае, чым у хатніх, — заўважае Валянціна Зяневіч. — Мама не прыкладвала іх да грудзей, не фарміравала ўстойлівага псіхалагічнага статусу, і гэта сказваецца і фізічна, і сэнсарна. У іх маруднае ўспрыманне, памяць, увага, лагічнае мысленне.

Тое, што недадалі ў дзяцінстве, трэба навёрстваць, а для гэтага патрэбна добрая эмацыянальная накладка, якую ствараюць праз гульні.

У дзетдоме 13 гурткоў рознага кірунку. Для лепшага засваення школьнай праграмы гуляюць у «Поле цудаў», у клубе «Знатакі» фарміруюць логіку і мысленне, а на занятках у «Таленавітых суразмоўцах» вучацца культуры паводзін і стасункаў.

Не­ка­то­рыя дзе­ці жы­вуць тут шмат га­доў. Ду­ся —  ма­лод­шая з ча­ты­рох дзя­цей у сва­ёй ма­ту­лі — тут ня­даў­на,  але ад­ра­зу ста­ла лю­бі­мі­цай Ва­лян­ці­ны Пят­роў­ны.

Для фізічнай падрыхтоўкі ёсць «Палёты на спартыўную планету», футбол, эстафеты. А каб навучыцца абслугоўваць сябе, гатуюць у кафэ «Пальчыкі абліжаш» і «Гатуем самі». Малыя атрымліваюць па 10 рублёў на кішэнныя расходы і з гэтых грошай набываюць у краме разам з выхавацелем неабходныя інгрэдыенты. Заадно і вучацца арыентавацца ў цэнах. Нешта прыносяць і самі выхавацелі. Дзеці ўмеюць карыстацца мікрахвалёўкай і пральнай машынкай. Дні нараджэння адзначаюцца як дома, з тортам, свечкамі і падарункам, які заказвае імяніннік. Так што цяперашнія выпускнікі не будуць пакутаваць ад думкі, чаму «макарона цвёрдая». Пасля вячэры штодня наступае «Гадзіна чытання».

З бацькамі і без іх

Толькі двое з 64 гадаванцаў дзетдома біялагічныя сіроты, у якіх няма жывых бацькоў. Гэта дзеці, якія нарадзіліся ў Нігерыі. Фаціме ў лістападзе будзе 18, хутчэй за ўсё яна паедзе ў Італію на ўдачарэнне, якое там магчыма да 23 гадоў. Абу — 17, яго, пэўна, возьмуць у дзіцячы дом сямейнага тыпу. У Нігерыі засталася іх старэйшая сястра, якая ўжо сама мае дзетак.

У дзя­во­чай спаль­ні ўтуль­на і чыс­та.

У астатніх дзяцей нехта ёсць, і сваякі, часам, прыходзяць. Вось і цяпер на канапе жанчына чакае Дусю. Дзяўчынка — малодшая з яе чатырох дзяцей, двое з якіх у СПЦ Цэнтральнага раёна, адзін — з бацькам. Усе яны ад розных мужчын.

Большасць малых у дзіцячым доме наведваюць рэдка, аднак дырэкцыя падтрымлівае гэтыя стасункі. Кепскае пра бацькоў тут не гавораць.

— Генетычныя праблемы ў дзетак пачынаюць праяўляцца ў падлеткавым перыядзе, гадоў пасля 14, і тут асабліва трэба працаваць. Лёс сваіх выпускнікоў мы адсочваем яшчэ два гады пасля інтэрната. Тых, хто да нас заходзіць, стараемся і пакарміць, бо ведаем, што з гэтым у іх могуць быць цяжкасці, — кажа Валянціна Пятроўна.

Італьянская мама ці беларуская ўтульнасць?

30 дзяцей летам на ўсе тры месяцы паедуць у Італію на аздараўленне. І гэта добра, бо дапамагае дзецям сфарміраваць сямейную пазіцыю, якая павінна існаваць у грамадстве, лічыць дырэктар.

— Якім бы добрым ні быў дзіцячы дом, але гэта дзяржаўная ўстанова са сваімі строгімі законамі і парадкамі, хоць мы і ствараем цёплую абстаноўку.

Фа­ці­ма — адна з нямногіх дзяцей, чыіх бацькоў няма ў жывых.

Дзіцячы дом № 2 месціцца ў пераабсталяваным будынку дзіцячага садка. Тут цяпер шэсць груп: дашкольнікі, дзве групы дзяўчынак і тры групы хлопчыкаў. Падбіраць малых у групы стараюцца па ўзросце.

Сацыяльныя сіроты, пэўна, будуць працягваць з'яўляцца ў Беларусі, аднак няхай яны лепш жывуць з клапатлівымі апекунамі ды прыёмнымі бацькамі, чым з небяспечнымі роднымі ці ў дзіцячых дамах. Тым больш што закрыццё дзетдамоў і накіраванне малых у сем'і ці дамы сямейнага тыпу дапаможа ім у будучым не прывыкнуць спекуляваць ярлыком «беднай сіраты», якому ўсё дазволена і ўсе павінны, падкрэслівае дырэктар.

Ірына СІДАРОК

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.