Вы тут

Рэалізуецца Нацыянальны план дзеянняў па развіцці «зялёнай» эканомікі


У апошнія 25 гадоў экалагічная палітыка Беларусі накіравана на комплекснае рашэнне задач, што датычацца зніжэння антрапагеннай нагрузкі на экасістэмы, павышэння выкарыстання аднаўляльных рэсурсаў. З 2016 да 2020 года ў краіне рэалізуецца Нацыянальны план дзеянняў па развіцці «зялёнай» эканомікі.


Як расказала начальнік галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі, міжнароднага супрацоўніцтва і навукі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Кацярына КУЗНЯЦОВА, адно з такіх мерапрыемстваў — рэалізацыя інстытута «зялёных» закупак з мэтай прасоўвання ідэі спажывання і вытворчасці экалагічна чыстых прадуктаў.

У апошнія гады Беларусь разам з сусветнай супольнасцю прытрымліваецца вектара ўстойлівага развіцця, закліканага ўзгадніць намаганні па эканамічным росце, які павінен не шкодзіць якасці навакольнага асяроддзя і забяспечваць пры гэтым сацыяльную справядлівасць. Сёлета тэма ўстойлівага развіцця гарадоў стане цэнтральнай падчас юбілейнага XV Рэспубліканскага экалагічнага форуму, які пройдзе 7 і 8 чэрвеня ў Навагрудку.

Па словах Кацярыны Кузняцовай, вялікая работа ў краіне вядзецца для развіцця аднаўляльных крыніц энергіі. На 1 студзеня 2019 года сумарная электрычная магутнасць установак АКЭ склала 402,8 МВт — гэта 55 фотаэлектрычных, ці сонечных, станцый, 51 гідраэлектрастанцыя, 98 ветраўстановак. Дарэчы, найбуйнейшы ветрапарк у краіне пабудаваны менавіта ў Навагрудку. Там дзейнічае шэсць аб'яднаных ветраэнергетычных установак магутнасцю 9 МВт.

Электраэнергія паціху «захоплівае» і пасажырскі транспарт. Так, у пачатку 2019 года доля электрыфікаванага грамадскага транспарту ў Мінску склала 39,2 % ад агульнай колькасці пасажырскага наземнага транспарту, які эксплуатуе КУП «Мінсктранс». Развіваецца і сістэма зарадных станцый — яны будуюцца ў месцах стаянкі аўтамабіляў, на буйных аўтамагістралях і аб'ектах прыдарожнага сэрвісу. У мінулым годзе ПА «Беларуснафта» ўвяла ў эксплуатацыю 65 такіх станцый.

Каб вывучыць перспектывы развіцця электратранспарту ў Беларусі, Мінпрыроды і ПРААН плануюць рэалізаваць адпаведны праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі. Першыя вынікі гэтай работы яны разлічваюць атрымаць праз год-паўтара.

У апошнія гады ў Беларусі ўсё больш гарадоў далучаецца да такой міжнароднай ініцыятывы, як «Пагадненне мэраў па клімаце і энергіі». Галоўная яго мэта — устойлівае энергетычнае развіццё на мясцовым узроўні, прыняцце мер па змякчэнні наступстваў змены клімату. Сёння падпісантамі ініцыятывы з'яўляецца больш за 40 беларускіх гарадоў.

Як расказала начальнік упраўлення рэгулявання ўздзеянняў на атмасфернае паветра, змену клімату і экспертызы Мінпрыроды Наталля АЛЕЙНІКАВА, далучаючыся да гэтай ініцыятывы, гарады і раёны бяруць на сябе абавязацельствы скараціць да 2030 года выкіды парніковых газаў на 30 %. Мясцовыя ўлады імкнуцца рабіць усё магчымае, каб стварыць зручнае асяроддзе пражывання для насельніцтва:

— Іншыя гарады, што пакуль не далучыліся да «Пагаднення мэраў», павінны ведаць: неабходна выкарыстоўваць усе крыніцы для ўкаранення такіх інавацый, каб рухацца да разумнага «зялёнага» горада і ствараць для сваіх людзей камфортныя ўмовы пражывання.


minpriroda.gov.by

5 чэрвеня ў нашай краіне адзначаецца Дзень аховы навакольнага асяроддзя. Сваё віншаванне з нагоды свята адрасаваў і міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Андрэй ХУДЫК:

Дарагія сябры!

Сардэчна віншую вас са святам – Днём аховы навакольнага асяроддзя!

Гэты дзень асаблівы не толькі для спецыялістаў, занятых у сферы аховы прыроды. Я адрасую віншаванні і прадстаўнікам навуковых, грамадскіх, валанцёрскіх арганізацый, і проста чулым, неабыякавым людзям – усім, хто па абавязку службы і па прызванні, грамадзянскім абавязку і асабістай ініцыятыве садзейнічае зберажэнню прыродных багаццяў.

Сёння праблемы экалогіі стаяць у шэрагу самых важных, вызначаючы ўзровень дабрабыту ўсёй сусветнай цывілізацыі. Захаваць навакольнае асяроддзе і прыродныя рэсурсы для будучых пакаленняў – наша агульная і прыярытэтная задача.

Эфектыўнае кіраванне прыроднымі рэсурсамі – адзін з важнейшых накірункаў устойлівага развіцця нашай дзяржавы, які непасрэдна ўплывае на захаванне флоры і фаўны планеты, а галоўнае – на якасць жыцця і здароўе мільёнаў людзей. Праблемы рацыянальнага прыродакарыстання, паляпшэння экалагічнага становішча – у ліку нашых нацыянальных прыярытэтаў. Несумненна, гэта тая сфера дзейнасці, дзе неабходна ўмацоўваць узаемадзеянне органаў улады, інстытутаў грамадзянскай супольнасці, дзелавых колаў.

Невыпадкова ў Беларусі 2018-2020 гады праходзяць пад знакам Года малой радзімы. Дзякуючы зладжанай рабоце спецыялістаў прыродаахоўных арганізацый у рэспубліцы штогод дасягаюцца значныя поспехі ў сферы экалогіі і прыродакарыстання.

Беларусь паслядоўна ўкараняе “зялёныя” стандарты, якія змяншаюць негатыўны ўплыў чалавечай дзейнасці на наваколле і здароўе людзей за кошт разумнага выкарыстання рэсурсаў.

З кожным годам да аховы навакольнага асяроддзя далучаецца ўсё больш жыхароў нашай краіны. Асаблівай павагі заслугоўвае маладзёжны экалагічны рух, удзельнікамі якога сталі ўжо больш за пяць тысяч студэнтаў і неабыякавых да экалагічных праблем прадстаўнікоў маладога пакалення.

Дазвольце падзякаваць усім, хто стаіць на варце прыроды, за стваральную працу і прафесіяналізм, за адданасць і вернасць справе. Жадаю вам моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, поспехаў у працы, энергіі і аптымізму! Упэўнены, што сумеснымі намаганнямі мы зможам зберагчы і прымножыць багацце і прыгажосць беларускай зямлі.

 

Вераніка КОЛАСАВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.