Вы тут

Для невідушчых распрацавана сістэма навігацыі па горадзе


Цяпер людзям са слабым зрокам і невідушчым стане прасцей перасоўвацца па Мінску — у сталіцы пачынаюць з'яўляцца маршруты, дзе ўвесь шлях абсталяваны адмысловымі гукавымі прыладамі, якія дапамагаюць арыентавацца ў прасторы.


Адзін з журналістаў тэстуе сістэму на сабе.

Канкрэтна для гэтай мэты распрацавана спецыяльная сістэма навігацыі «Крокі на гукі». Усё, што трэба будзе зрабіць невідушчаму чалавеку, — гэта спампаваць і ўстанавіць бясплатную мабільную праграму на тэлефон і ў далейшым — слухаць яе гукавыя падказкі. У распрацоўцы гэтай мабільнай праграмы, дарэчы, удзельнічалі самі людзі з інваліднасцю па зроку. А калі дакладней, сістэма навігацыі «Крокі на гукі» створана ўстановай рэабілітацыі інвалідаў па зроку «Цэнтр паспяховага чалавека», а ініцыятарам яе стварэння стала кампанія Vоlkswаgеn у Беларусі.

Сутнасць сістэмы ў тым, што калі невідушчы чалавек набліжаецца да аб'екта, які абсталяваны спецыяльным маячком, забяспечаным датчыкамі руху, — за 30—50 метраў да маячка яго смартфон (калі на ім усталяваны названы дадатак) стане вібрыраваць. А потым падаюцца спецыяльныя сігналы, якія могуць папярэджваць пра наяўнасць небяспечнай зоны на шляху — напрыклад, пра яму, бардзюры і г. д. Прычым гук распрацаваны адмысловы, ён не заглушаецца шумам вуліцы. Калі чалавек у будынку, сістэма навігацыі падкажа, дзе знаходзяцца дзверы або лесвіца. Націснуўшы на кнопку «Дадатковае апісанне», можна азнаёміцца з іншымі асаблівасцямі памяшкання — ці ёсць там тамбур, дзе размешчаны туалет і гэтак далей.

Прычым гэта не навігатар — больш правільна было б сказаць, што гэта ўдакладненне да навігатара. Звычайны навігатар таксама дазваляе больш-менш дакладна арыентавацца ў прасторы. Праўда, ёсць адно, але важкае «але»: з яго дапамогай можна апынуцца ў пэўным раёне, але навігатар не падкажа, што вуліца, напрыклад, перакапаная. Асноўны плюс сістэмы «Крокі на гукі» — вельмі дакладная наводка на аб'ект. Дзякуючы гукавому сігналу невідушчы чалавек не пройдзе міма ганка або дзвярэй, а трапіць туды, куды трэба.

Пакуль што дадатак можа пракласці маршрут ад цэнтральнага праўлення Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, якое знаходзіцца на скрыжаванні вуліцы Амуратарскай і Машэрава, — і далей у напрамку да вуліцы Кальварыйскай. Ён ахоплівае такія аб'екты, як Параалімпійскі камітэт, аптэка, пошта, банк, пякарня і гандлёвы цэнтр.

Спецыяльныя гукавыя маячкі ўстаноўлены таксама ў Нацыянальным аэрапорце, у будынку Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Цяпер ажыццяўляецца іх устаноўка на чыгуначным вакзале «Мінск-Пасажырскі» і на іншых сацыяльна значных аб'ектах. Наогул пры пабудове такіх маршрутаў будзе ўлічвацца шмат фактараў. Напрыклад, наколькі часта гэта месца можа наведвацца невідушчымі людзьмі.

— Адны з найважнейшых аб'ектаў, якія неабходна пазначаць гукавымі інфарматарамі, — пешаходныя пераходы, асабліва нерэгуляваныя, а таксама прыпынкі грамадскага транспарту, — кажа дырэктар установы рэабілітацыі інвалідаў па зроку «Цэнтр паспяховага чалавека», намеснік старшыні цэнтральнага праўлення «Беларускага таварыства інвалідаў па зроку» Міхаіл Антоненка. Арганізатары праекта спадзяюцца, што гэтае пытанне ўдасца станоўча вырашыць з ДАІ і Міністэрствам транспарту.

Як працуе сістэма «Крокі на гукі»

1. Бясплатны мабільны дадатак BuzzРоіnt спампоўваецца з Рlау Mаrkеt або Арр Stоrе і ўсталёўваецца на мабільны тэлефон. (Уся інфармацыя ў смартфоне невідушчага чалавека агучваецца з дапамогай спецыялізаваных праграм.)

2. За 50 метраў да інфарматара мабільны тэлефон падае сігнал пра тое, што чалавек знаходзіцца ў зоне дзеяння сістэмы. Дадатак BuzzРоіnt злучаецца з гукавым інфарматарам (маячком) праз Bluеtооth.

3. Праграма агучвае спіс даступных кропак, абсталяваных інфарматарамі.

4. У раздзеле «Дадатковая інфармацыя» можна даведацца больш пра аб'ект і навакольны ландшафт, асаблівасці размяшчэння: прыступкі, бардзюры, колькасць дзвярэй і інш.

5. Актывізаваўшы на мабільным тэлефоне неабходны аб'ект, вы пачуеце гук інфарматара і зможаце вызначыць правільнасць кірунку руху.

У Віцебску падобны маршрут пракладзены ад унітарнага прадпрыемства «Элект», дзе працуе шмат інвалідаў па зроку, і да ТЦСАН Чыгуначнага раёна, з пазначэннем важных пунктаў маршруту па вуліцы Кірава. Сярод іх дзіцячая паліклініка, аптэка і шэраг крам.

Дарэчы, такія гукавыя маякі таксама могуць інфармаваць наведвальнікаў пра паслугі, якія прадстаўляюцца ўстановай, рэжым яе працы, схему размяшчэння аб'ектаў і гэтак далей. Напрыклад, калі адміністрацыя крамы ўсталюе такі інфарматар на ўваходзе ў краму, ён зможа інфармаваць невідушчых і слабавідушчых пакупнікоў пра акцыі гэтай крамы, схему выкладкі тавараў, прапанаваныя зніжкі.

— Інвалід, які сядзіць дома, не вельмі камфортна сябе адчувае і стварае праблемы для навакольных — і для сваіх блізкіх, і для ўладаў, — кажа Міхаіл Антоненка. — А калі ён уключаны ў актыўную дзейнасць, зарабляе і рэальна ўдзельнічае ў жыцці — ён не адчувае сваёй інваліднасці, і навакольныя таксама яе не заўважаюць. Таму што ён працуе як усе, сам забяспечвае сябе... Але для гэтага дзяржаве трэба стварыць умовы, каб інвалід па зроку мог самастойна паехаць на працу, адправіцца на шпацыр ці па справах, сабраць дакументы, зрабіць пакупкі.

***

Дарэчы, пасля прэс-канферэнцыі, прысвечанай дадзенай тэме, яе ўдзельнікі адправіліся на экскурсію па новым агучаным маршруце. Экскурсаводамі сталі людзі з інваліднасцю па зроку. Журналісты таксама змаглі выпрабаваць новую навігацыйную сістэму і адчуць на сабе, як гэта — перасоўвацца па горадзе, калі нічога не бачыш.

«Мне было рэальна страшна, нічога не было зразумела, я адчуваў небяспеку з усіх бакоў. Нават змакрэў...» — прызнаўся мой калега, які прайшоў па маршруце з завязанымі вачыма. А ён жа рухаўся, можна сказаць, у цяплічных умовах: маршрут быў агучаны, а побач ішлі экскурсаводы і відушчыя людзі, якія маглі зарыентаваць і падказаць...

Святлана БУСЬКО

Загаловак у газеце: Ідзі на гукі

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.