Вы тут

Як святкавалі Ушэсце?


Некалі маці расказвала, што на саракавы дзень пасля Вялікадня выконвалі нейкія перасцярогі ад маланкі. Што гэта за звычай? Можа, былі нейкія яшчэ абавязковыя абрадавыя дзеянні ў гэты дзень? — пытаецца чытачка Святлана Пракаповіч з Буда-Кашалёва.


У беларускім народным календары чацвер на шостым тыдні ці на саракавы дзень пасля Вялікадня (сёлета гэта акурат заўтрашні дзень) носіць назву Ушэсце, Ушэснік, Шоснік, Узнясенне. З аднаго боку, гэта свята прысвячалася ўзыходу Ісуса на неба, з другога, разумелася літаральна як «рост», «пад'ём», «узыходжанне». З гэтай нагоды ў асяроддзі славян узнікала традыцыя выпякаць у гэты дзень «лесвічку» на дзевяць або дванаццаць прыступак, каб Хрысту лягчэй было на неба ўзыходзіць.

Згодна з народнымі павер'ямі, ад Вялікадня да Ушэсця па зямлі вандруюць Хрыстос і апосталы ў жабрацкім адзенні. Яны выпрабоўваюць чалавечую міласэрнасць, адорваюць добрых людзей і караюць злых. У гэты час трэба даваць як мага больш міласціны, а гаспадыні абавязкова пяклі бліны з тонкага цеста: «Хрысту напекчы анучы».

З гэтым былі звязаны і клопаты пра чысціню зямлі: «Увідзіш трэсачку — падымі, увідзіш бумажку — падымі з дарогі: да Вазнясення Хрыстос па зямлі ходзіць». Лічылася, што той, хто на гэтым тыдні будзе наводзіць парадак вакол хаты, на падворку, вуліцы, будзе «ўзнагароджаны» добрымі адносінамі з дзецьмі, а для жанчын такія дзеянні будуць спрыяць лёгкім родам: «асобенна на Ушэсце нада скідаць з свайго пуці камнікі, штобы роды былі харошымі, і тады, гавораць, харашо, хто да Ушэсця дарожкі прыбірая, тот з глаз парушынкі вынімая... А вабшчэ, да Ушэсця нада ўсягда прыбіраць, штоб дзеці дарогу дамоў зналі» (чытаем у запісах з першакрыніц).

З нядзелі да чацвярга на шостым тыдні пасля Вялікадня жанчынам забаранялася хадзіць з непакрытай галавой, інакш галава будзе балець.

Адной з найбольш цікавых і непаўторных з'яў беларускай культуры можна назваць абрад, які ў народным асяроддзі атрымаў назву «Страла», «Ваджэнне стралы», «Пахаванне стралы»,  «Сула». Рэгіён бытавання гэтага абраду лакалізаваны ў межах Гомельскай, Бранскай і Чарнігаўскай абласцей, але своеасаблівым эпіцэнтрам найбольш пашыранага існавання абраду з'яўляецца Веткаўскі раён.

Ужо сама назва свята сведчыць пра тое, што асноўнай ідэяй яно было звернута да ўшанавання, уміласціўлення і ўтаймавання адной з наймагутнейшых і непрадказальных сіл прыроды — маланкі, якая пускала на зямлю вогненныя перуновы стрэлы. Яны прыносілі чалавеку шмат бяды: маглі спаліць хату, хлеў, свіран, гумно, палажыць жыта. Год ад году чалавек шукаў розныя шляхі, каб перасцерагчы сябе і сваё жытло ад пракляцця нябёсаў.

Асноўнымі ўдзельнікамі абрадавых падзей былі жанчыны і дзяўчаты. Хлопцы і мужчыны маглі прымаць удзел толькі ў святочных забавах, гульнях, ігрышчах, але яны, як правіла, не дапускаліся да ўдзелу ў ваджэнні карагодаў.

Абрадавая дзея пачыналася адначасова на розных ускрайках вёскі — на пачатку кожнай вуліцы. Гурт жанчын рухаўся ад хаты да хаты, адпаведна колькасць удзельнікаў паступова павялічвалася. Прычым жанчыны ішлі не ў адвольным парадку, натоўпам, а ў адпаведнасці з патрабаваннямі абраду: рукі «перапляталі васьмёркай» (нешта накшталт заплеценай касы або звітай вяроўкі). Такім чынам яны ўтваралі суцэльны адналінейны танок, які нагадваў «стралу»: няйначай як малюнак нябёсаў, прасякнутых зігзагамі маланак, пераносіўся на зямлю, і людзі паўтаралі ўзоры космасу, імітуючы разрады прыроднай стыхіі. Вялікі гурт жанчын рухаўся па вёсцы, каля кожнай хаты прыпыняўся, каб закруціць у кола наступнага ўдзельніка, і хутка запаўняў усю шырыню вуліцы.

Паступова гурты ўдзельнікаў набліжаліся да скрыжавання вуліц (своеасаблівага абрадавага цэнтра вясковай прасторы), на якім пачыналі вадзіць кругавыя карагоды. Сімволіка гэтага абрадавага дзеяння даволі празрыстая і зразумелая: замыкаючы падворкі ў магічнае кола, гурты аднавяскоўцаў актам калектыўнай магіі імкнуліся адвесці прыродную стыхію, ставячы перад ёю непераадольную заслону.

Нарэшце, сабраўшыся разам усёй вёскай, людзі рушылі за яе межы, быццам выводзілі «перуновую стралу» за межы свайго ўладарання, каб «пахаваць» яе на ўскрайку жытнёвага поля. Семантыка гэтага дзеяння і месца яго выканання таксама зразумелыя: перуновую стралу «пахавалі», а вось яе спадарожніка — дождж — прывялі да таго месца, якому вельмі хутка спатрэбіцца нябесная вільгаць.

Можна толькі падзівіцца таму, як нашы далёкія продкі выпрацавалі цэлую сістэму або комплекс сродкаў сімвалічнай перасцярогі сябе, сваёй хаты, гаспадаркі і жытнёвых палеткаў ад Маланкі і Перуна. У аснове той бясконцай колькасці варыянтаў ляжаў адзіны прынцып — асацыятыўнага мыслення, які быў скіраваны на рэалізацыю надзвычай важнай ідэі.

А яшчэ лічылася, што на Ушэсце можна вымаліць любую просьбу, калі знайсці ўдаву, якая пасля смерці мужа дзесяць гадоў жыла адна, ці жанчыну 33-х гадоў і праз яе папрасіць тое, што вам вельмі патрэбна. Толькі трэба, каб знойдзеная вамі «прасіцелька» прыйшла ў вашу хату і каля абразоў шчыра памалілася і прамовіла вашу просьбу.

Гэта быў «знакавы» дзень для прадказання надвор'я на будучыню:

Ушэсце з дажджом, Ілья (2 жніўня) з навальніцай.

Як не будзе дажджу на Ушэсце, дык не будзе шэсць тыдняў.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК

Дасылайце свае пытанні пра карані і прыстасаванасць да сучаснага жыцця каляндарных і сямейна-побытавых народных традыцый і абрадаў на паштовы або электронны адрас рэдакцыі з пазнакай «Пра радзіннае».

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».