Вы тут

Што знаходзіцца ў музеях Салігорскага цэнтра творчасці дзяцей


Пад дахам Салігорскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі знаходзяцца ўнікальныя музеі — музей Маці і музей піянерскай арганізацыі і сучаснага дзіцячага руху. Такіх устаноў, бадай, няма больш нідзе ў Беларусі.


У 1985 годзе ў Доме піянераў і школьнікаў Салігорска была заснавана зала піянерскай славы, а ў 1989-м на яе базе стварылі музей. Яго кіраўнік Таццяна Скалабан даўно выйшла з піянерскага ўзросту. Але, нібыта маладая дзяўчына з іскрынкамі ў вачах, гатовая бясконца пра яго расказваць:

— Шматгадовая мэтанакіраваная работа па зборы экспанатаў дазволіла вырасці невялікай зале ў музей з вытрыманай навуковай канцэпцыяй, строгай тэматычнай структурай. У 2010 годзе музею прысвоена званне «народны». У 2016-м ён пацвердзіў гэтае званне. За час майго кіравання ўстановай, з 1986 года, піянерская арганізацыя перажыла развал Савецкага Саюза, перабудову і нарадзілася нанова. 13 верасня 1990 года з'яўляецца днём самавызначэння і стварэння грамадскага аб'яднання «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя».

У пяці раздзелах экспазіцыі шырока прадстаўлены матэрыялы ўзнікнення, станаўлення і дзейнасці піянерскай арганізацыі, пачынаючы з 1922 года. «Гісторыя піянерскага руху» расказвае пра стварэнне самага першага піянерскага атрада ў Маскве ў 1922 годзе на Краснай Прэсні пры 16-й друкарні. Фарміраванне першых піянерскіх атрадаў у Беларусі пачалося з 20 чэрвеня 1922-га.

— У Палескі край піянерскі рух прыйшоў толькі праз два гады. Першы піянерскі атрад на сучаснай Салігоршчыне з'явіўся ў пасёлку Старобін у 1924 годзе. Гісторыя гарадской піянерскай арганізацыі пачынаецца з пабудаванай у 1959 годзе школы, дзе быў створаны першы піянерскі атрад з чатырнаццаці хлопчыкаў і дзяўчынак. Цяпер у Салігорскім раёне налічваецца 30 піянерскіх дружын і больш за 10 тысяч піянераў, — канстатуе Таццяна Віктараўна.

Людзі старэйшага пакалення, якія наведваюць музей, нібы вяртаюцца ў школьнае шчаслівае дзяцінства, пра якое нагадваюць макеты ўсіх піянерскіх значкоў розных эпох, вымпелы, гальштукі, піянерская і школьная форма, сцягі былой арганізацыі імя Леніна. Цікавяцца яны і сучасным рухам, да якога датычацца іх дзеці і ўнукі: экспазіцыя расказвае пра разнастайныя дзіцячыя аб'яднанні ў незалежнай Беларусі. Вось піянерскія гальштукі і значок, якія насілі дзеці да 2009 года, і новы зялёна-чырвоны гальштук і значок, што былі зацверджаны на ХVІІІ злёце Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі 11—13 снежня 2009-га ў адукацыйна-аздараўленчым цэнтры «Зубраня». Цікава, што да гэтага часу дзяцей малодшых класаў называлі «наследнікі». На злёце «наследнікаў» перайменавалі ў акцябрат.

«Арляняты Вялікай Айчыннай вайны» знаёмяць са слаўнымі подзвігамі піянераў Брэсцкай крэпасці, Героя Савецкага Саюза Марата Казея, Зіны Партновай, Валі Коціка, Лёні Голіка і земляка — піянера Алега Вабішчэвіча. Хлопец быў падпольшчыкам, разведчыкам партызанскага атрада. На жаль, яго схапілі і расстралялі фашысты разам з маці.

Усе экспанаты, сабраныя ў гэтым раздзеле, — арыгінальныя. Частка іх прысвечана жыццю і слаўным баявым справам Алены Канстанцінаўны Стэмпкоўскай. Яна нарадзілася ў вёсцы Мазуршчына на Салігоршчыне, была радысткай. Загінула дзяўчына 26 чэрвеня 1942 года, ёй пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Алене Стэмпкоўскай прысвечана кніга «Дзяўчына ў шэрым шынялі». Вельмі каштоўны экспанат — асабістая выніковая картка Алены — арыгінал за 1936—1937 навучальны год. Помняць і ўраджэнца Алтая, лётчыка Георгія Афанасьевіча Кандрацьева, які загінуў у першыя дні вайны ў Салігорскім раёне. Юныя следапыты правялі раскопкі на месцы яго гібелі і знайшлі рэшткі самалёта, якія захоўваюцца ў музеі.

Экспазіцыя «Салігорск малады, ты квітней праз гады» прадстаўляе кнігі, буклеты пра сталіцу шахцёраў, герб горада, фотаздымкі памятных мясцін, а таксама галоўную прадукцыю — калійную і харчовую соль, прадметы шахцёрскай экіпіроўкі.

Экспазіцыя «Нам засталася спадчына» дазваляе ўбачыць першыя школьныя сшыткі, чарніліцу, газніцу, пры якой раней дзеці рабілі ўрокі, навагоднія цацкі, якія адлюстроўваюць асобныя эпохі і навукова-тэхнічны прагрэс. Напрыклад, ёсць цацка, на якой намаляваныя ракета і профіль першага касманаўта Юрыя Гагарына ў скафандры.

Музей стаў візітнай карткай Салігорска, месцам, дзе пазнаецца наша піянерскае мінулае, месцам, дзе збіраюцца шматлікія госці, былыя важатыя, піянерскія актывісты. Тут ва ўрачыстай абстаноўцы прымаюць у піянеры дзяцей, праводзяцца музейныя ўрокі, зборы, круглыя сталы. Работа па пошуку новых экспанатаў не спыняецца. Папаўняецца новымі цікавымі прадметамі і музей Маці.

...Музей Маці — гэта не проста музейная экспазіцыя. Тут сабраны рэальныя факты, успаміны, гісторыі пра лёсы жанчын, якія праславілі Салігоршчыну.

Светлы вобраз маці заўсёды быў і застаецца ўвасабленнем душэўнай цеплыні і чалавечай шчодрасці, крыніцай дабрыні і цярплівасці, прыгажосці і кахання. У Беларусі жанчынам і маці надаецца значная ўвага. У сувязі з гэтым і ўзнікла ідэя стварэння музея Маці ў Салігорску. Ён быў адкрыты 10 кастрычніка 2006 года, у год, аб'яўлены Прэзідэнтам Беларусі Годам маці. Ініцыятар — раённая арганізацыя Беларускага саюза жанчын. Адзін з раздзелаў прысвечаны маці — найлепшым працаўніцам, удастоеным дзяржаўных узнагарод. Гэта жанчыны розных прафесій — настаўнікі, медыкі, будаўнікі, выкладчыкі музыкі. Такіх жанчын у горадзе шмат, і расказваць пра іх можна бясконца. Напрыклад, Ніна Рудэнка прыехала ў малады шахцёрскі горад у 1961 годзе. Ніна Навумаўна прайшла ўсе прыступкі працоўнага росту, узнагароджана медалямі «За доблесную працу», «Працоўная адзнака», ордэнам Кастрычніцкай рэвалюцыі. Гэтая цудоўная жанчына сумяшчала працу з выхаваннем дзяцей, хатнімі клопатамі.

У Салігорску налічваецца каля 1500 шматдзетных сем'яў, у тым ліку 365 сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў са складаным дыягназам. Пачэснае месца ў музеі адведзена Аляксандру Артамонаву. Аляксандр Віктаравіч усынавіў чатырох хлопчыкаў. Пры гэтым выхоўваў ён малых адзін, без жонкі. Нягледзячы на ўсе складанасці, усіх гадаванцаў паставіў на ногі, даў адукацыю. На жаль, Аляксандр Віктаравіч дачасна пайшоў з жыцця. Але памяць пра гэтага чалавека з вялікім сэрцам свята захоўваюць у музеі.

Андрэй і Алена Коўчуры страцілі першых двух немаўлят. Дыягназ ўрачоў-генетыкаў гучаў як прысуд — так будзе ў 75 % выпадкаў. Але каханне вытрымала ўсе выпрабаванні. Сёння ў гэтай сям'і выхоўваюцца чатыры дзяўчынкі — Марына, Алёна, Насця, Васіліса. А самая вялікая шматдзетная сям'я — сям'я Жабенка, якая гадуе трынаццаць родных дзяцей.

Шануюць у музеі памяць жанчын-ветэранаў, якія прайшлі суровымі сцежкамі вайны. Асабліва каштоўныя іх успаміны. Тут жа змешчаны і фотаздымкі жанчын і іх загінулых сыноў — воінаў-інтэрнацыяналістаў. Сярод іх і шматдзетная маці Паліна Муравейка, сын якой не вярнуўся з Афганістана. У 1981 годзе Мікалая прызвалі ў армію. У сакавіку 1983 года хлопец загінуў, не дажыўшы пятнаццаць дзён да свайго дваццацігоддзя. З таго часу Паліна Аляксандраўна перадае боль свайго сэрца ў вершах: «Пад зорным небам за перавалам ужо шмат гадоў салдаты спяць, а дома іх чакае мама, і свечкі ў вокнах ноч гараць». Усяго праз Афганістан прайшло больш за 200 маладых хлопцаў Салігоршчыны, 11 з іх не вярнуліся дамоў.

Жанчын, якія зрабілі значны ўнёсак у развіццё Салігорска, даволі шмат. У ліку іх Ганна Лаўрукевіч — былы мэр сталіцы шахцёраў. Дзякуючы Ганне Мікалаеўне сёння горад упрыгожвае храм Нараджэння Прасвятой Багародзіцы. За арганізацыю яго будаўніцтва яна ўзнагароджана ордэнам Святой Раўнаапостальнай княгіні Вольгі ІІІ ступені. Алена Козырава — старшыня Салігорскага гарадскога Савета жанчын. У 1994 годзе яна стварыла дабрачынны цэнтр «Міласэрнасць», які стаў маральнай і матэрыяльнай падтрымкай для ўсіх, хто апынуўся ў складаных жыццёвых абставінах. Раіса Раманеня — мастак, майстар саломапляцення, кіраўнік заслужанага калектыву студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Беларускі сувенір», узнагароджана шматлікімі дыпломамі Міністэрства культуры, атрымала грант Прэзідэнта Беларусі. Валянціна Кучынская — кіраўнік гуртка «Макрамэ», на працягу многіх гадоў вучыла дзяцей пляценню вузельчыкам. Майстрыхі ўдзельнічаюць у выстаўках-кірмашах «Славянскага базару», іх вырабы куплялі Надзея Бабкіна, Людміла Зыкіна. А жыццёвы шлях жанчыны ад нявесты да бабулі сімвалізуе фотагалерэя з пяці карцін мясцовага мастака.

Ну і, вядома, няпоўным уяўленне пра быт, клопаты, надзеі нашых жанчын, маці, бабуль было б без кутка «Беларускай хаткі» канца ХVІІІ — пачатку ХІХ стагоддзяў. Тут можна пабачыць прадметы, без якіх не абыходзілася ніводная гаспадыня. Драўляны куфар, дзе захоўваліся рэчы. Гліняны посуд, газавая лямпа, маслабойка, драўляны і вугальны прас.А над сталом падвешаны плецены з саломы павук. Лічылася, што ён аберагае дом і сям'ю ад ліха, забірае адмоўную энергетыку. Раз на год іх спальвалі і замянялі новымі. Таксама ў доме абавязкова былі кот і курыца — сімвалы шчасця і шанцавання, дзіцячыя хадункі, люлька і каляска на двух колах, на якой падрослага гадаванца вывозілі на вуліцу.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Ад піянерскай залы да ўнікальнага музея

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».