Вы тут

Жыхар вёскі Купіск Віктар Залацілін — мецэнат Навагрудка


З жыхаром вёскі Купіск Навагрудскага раёна Віктарам Залаціліным нашыя чытачы ўжо знаёмыя: амаль год таму ў «Звяздзе» і на сайце газеты быў апублікаваны матэрыял пад назвай «Залацілінскае лета». У артыкуле распавядалася пра незвычайны выбар жыццёвых каштоўнасцяў былога жыхара Мінска: прадпрымальнік і педагог вярнуўся ў родную вёску і стаў маляваць — не наракаючы на лёс і нягледзячы на малы рост (у дзяцінстве яго рост спыніўся). Віктар Залацілін стаў вядомым творцам — мастаком-жывапісцам.


Жыве творца ў дзедавай хаце, вядзе невялікую гаспадарку, апрацоўвае агарод. Хату прыстасаваў пад майстэрню, малюе навакольныя краявіды. Стварыў не менш за сотню палотнаў, на якіх увекавечыў прыгожыя станы прыроды Нёманскага краю. Амаль кожны год наладжвае персанальныя выстаўкі. Сваё самотнае жыццё дзеліць з чатырохногім сябрам па мянушцы Вольф з пароды нямецкіх аўчарак.

Сёлета Віктару пайшоў шэсцьдзясят чацвёрты год. Ён па-ранейшаму працавіты, можа днямі сядзець за мальбертам, даводзіць свае творы да дасканаласці. Час ад часу ідзе на нёманскі бераг, балазе, рака адразу за агародам, сядае ў лодку, пераплывае на супрацьлеглы бераг, шукае ў атачэнні прыроды адпаведныя свайму настрою аб'екты і матывы, робіць накіды будучых вобразаў. Калі я наведаў Віктара, ён заканчваў твор пра маляўнічы нёманскі куток (на фота).

Напрыканцы мінулага года Віктар Залацілін падарыў Навагрудку калекцыю сваіх твораў — дваццаць найлепшых палотнаў, якія мастак ствараў на працягу апошніх дзесяці гадоў, упрыгожылі вестыбюльную залу другога паверха Дома культуры горада. Бліскучая падзея і для горада, і для самога творцы — сапраўдны царскі падарунак!

— Я люблю сваіх землякоў, не ўяўляю жыцця без Нёмана, Навагрудак стаў дарагім майму сэрцу горадам, — так проста выказаў матывы высакароднага ўчынку вясковы пенсіянер Віктар Залацілін. — Хто б я быў без сваёй малой радзімы!

Анатоль Кляшчук, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

У Полацку ўпершыню знойдзена пахаванне князя

У Полацку ўпершыню знойдзена пахаванне князя

Сярод знаходак — нямала сенсацый.

Грамадства

З баршчэўнікам змагаюцца нават з дапамогай квадракоптара

З баршчэўнікам змагаюцца нават з дапамогай квадракоптара

Вопыт Віцебшчыны ў знішчэнні баршчэўніку цікавы таму, што тут больш за 80 працэнтаў зараснікаў ад агульнага па краіне.

Грамадства

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Прэтэндэнты на студэнцкі білет здалі тэст па матэматыцы

Пазнаць у гарадскім натоўпе абітурыентаў можна без праблем.

Грамадства

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Як жывуць апошнія жыхары вёскі Вясневічы

Галоўная славутасць Вясневічаў, яе жывая гісторыя — 96-гадовы Аляксей Юркевіч.