Вы тут

Нюансы бязвізавага ўезду падчас ІІ Еўрапейскіх гульняў растлумачылі спецыялісты


Да старту вялікай падзеі застаецца 17 дзён, а першыя госці ўжо пачынаюць прыбываць у Беларусь. Чакаецца, што ў рамках Еўрапейскіх гульняў нашу краіну наведае каля 30 тысяч замежнікаў, па статыстыцы продажу квіткоў найбольшай цікавасцю мерапрыемства карыстаецца ў грамадзян Расіі, Ірландыі, Латвіі, Польшчы і Літвы. Спецыялісты прагназуюць, што большасць турыстаў будуць трапляць у краіну праз Нацыянальны аэрапорт Мінск.


Адзін білет — адзін уезд

Адной з галоўных задач у гэты месяц з'яўляецца забеспячэнне камфортнага рэжыму для наведвання Гульняў удзельнікамі, балельшчыкамі і прадстаўнікамі СМІ. У рамках падрыхтоўкі да форуму была праведзена велізарная работа, якая патрабавала прыняцця шэрагу рашэнняў па рэгуляванні парадку ўезду на тэрыторыю Беларусі ў перыяд Гульняў на самым высокім узроўні.

«Меры, якія былі прынятыя, можна назваць беспрэцэдэнтнымі», — гаворыць намеснік дырэктара фонду «Дырэкцыя ІІ Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Анатоль Котаў, расказваючы пра бязвізавы рэжым, які будзе дзейнічаць падчас правядзення турніру, і адзначаючы, што ён ні ў якім разе не адмяняе тых паслабленняў, якія ўжо існуюць у парадку ўезду на тэрыторыю Беларусі. «У нас ёсць некалькі катэгорый асоб, якія будуць прымаць удзел у ІІ Еўрапейскіх гульнях. Першая — арганізатары ці падрадчыкі Гульняў, якія атрымліваюць дакумент пад назвай «акрэдытацыйная карта». Для іх адмысловы бязвізавы рэжым ужо пачаў дзейнічаць з 20 мая», — расказвае Анатоль Анатолевіч. Гэтыя асобы могуць трапіць у Беларусь праз любы пункт пропуску, прад'явіўшы акрэдытацыю і дзеючы пашпарт, перасякаць мяжу ў перыяд з 20 мая да 10 ліпеня яны могуць неабмежаваную колькасць разоў. Дарэчы, ужо 13 акрэдытаваных асоб прыбыло ў Беларусь.

Для тых, хто хоча прыехаць у нашу краіну ў якасці гледача, бязвізавы рэжым будзе дзейнічаць з 10 чэрвеня да 10 ліпеня пры наяўнасці білета на любое спартыўнае спаборніцтва ў рамках Еўрапейскіх гульняў. «Мы спецыяльна не сталі абмяжоўваць бязвізавы рэжым рамкамі спаборніцкіх дзён, бо выдатна разумеем, што хтосьці прыедзе на пару дзён раней спаборніцтваў або захоча затрымацца трохі даўжэй пасля заканчэння Гульняў, каб бліжэй пазнаёміцца з нашай краінай», — адзначае Анатоль Котаў.

Трапіць у Беларусь без візы можна будзе і праз Расію, рэжым пропуску на нашых усходніх рубяжах будзе аналагічны таму, што мы бачылі летась падчас правядзення чэмпіянату свету па футболе. Намеснік начальніка галоўнага консульскага ўпраўлення Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь Аляксандр Ганевіч паведаміў, што летась з расійскім бокам было падпісана так званае спартыўнае пагадненне, яно прадугледжвае не толькі транзіт па Расіі, але і бязвізавае знаходжанне на гэтай тэрыторыі да 10 ліпеня. «Але замежнікам неабходна памятаць, што яны павінны знаходзіцца ў Расіі па законах гэтай краіны, калі неабходна рэгістрацыя, то яны павінны яе прайсці. Таксама абавязкова адзначу, што па адным білеце грамадзянін можа перасекчы мяжу ўсяго адзін раз, калі ён межы пакідае, то заехаць яшчэ раз можа толькі па новым білеце або візе», — акцэнтуе ўвагу Аляксандр Дармідонтавіч.

Таксама варта адзначыць, што падчас Гульняў госці, якія прыбываюць па білеце на ўласным транспарце, вызваляюцца ад платы за карыстанне дарогамі, а акрэдытаваныя асобы і ад абавязковага медыцынскага страхавання.

Начальнік аддзела ўпраўлення пагранічнага кантролю Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь Кузьма Лясняк таксама адзначыў, што замежнікам варта звярнуць увагу на тое, што калі яны едуць праз Расію, то перасячы беларуска-расійскую мяжу могуць не ўсюды. «Для гэтага ёсць тры аўтамабільныя дарогі, тры чыгуначныя напрамкі і Нацыянальны аэрапорт Мінск, усё астатняе будзе лічыцца парушэннем заканадаўства Расійскай Федэрацыі», — растлумачыў Кузьма Мікалаевіч.

У пунктах пропуску ўжо ўстаноўлены спецыяльныя абазначэнні калідораў і рабочых месцаў пагранічнікаў і мытнікаў сімваламі Еўрапейскіх гульняў, імі госці, якія прыбываюць на форум, могуць скарыстацца па-за чаргой. 

Пры перасячэнні межаў чалавек павінен дакладна заявіць аб тым, у якім рэжыме ён заязджае ў Беларусь. Калі па білеце Еўрапейскіх гульняў, то час знаходжання будзе абмяжоўвацца 10 ліпеня, калі па бязвізавым рэжыме ў рамках Указа № 8 праз Нацыянальны аэрапорт, то 30 дзён знаходжання могуць скончыцца і пазней, але ў гэтым выпадку варта памятаць, што пакінуць Беларусь замежнік можа таксама толькі праз аэрапорт. Спецыялісты адзначаюць, што пажадана, каб беларускія госці не блыталі гэтыя рэжымы ўезду, інакш могуць узнікнуць пытанні пры іх выездзе.

«Міністэрства ўнутраных спраў прымае ўсе арганізацыйныя і практычныя меры для забеспячэння бяспекі і камфорту нашых грамадзян, замежных балельшчыкаў і ўдзельнікаў Гульняў, — расказвае начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Рэспублікі Беларусь Аляксей Бягун. — Усе замежныя грамадзяне, якія купілі білеты, павінны ў абавязковым парадку аўтарызавацца на сайце афіцыйнага білетнага аператара кампаніі «Тікетпро» і паведаміць пра сябе персанальныя даныя, якія звязаны з грамадзянствам, нумарам пашпарта і датай нараджэння для таго, каб мы змаглі забяспечыць ім камфортнае знаходжанне ў Беларусі. Таксама адзначу, што ўезд у Беларусь магчымы толькі ў дзень або да старту спартыўнага мерапрыемства, на якое набыты білет. Гэта значыць, калі яно ўжо адбылося, ва ўездзе на тэрыторыю нашай краіны і Расіі будзе адмоўлена. Для балельшчыкаў мы распрацавалі спецыяльныя памяткі, у якіх будзе інфармацыя аб працэдуры рэгістрацыі, рэчах, якія забароненыя для праносу на арэны, і іншае».

Журналісты з Ганы і турысты з Нігерыі

Практыка бязвізавага ўезду ў Беларусь ужо была адпрацавана ў 2014 годзе падчас правядзення ў краіне чэмпіянату свету па хакеі і ў 2018 годзе падчас чэмпіянату свету па футболе ў Расіі. Аднак тады былі зафіксаваныя выпадкі злоўжывання бязвізавым рэжымам. Напрыклад, апошні «хакейны балельшчык» быў адпраўлены дадому толькі ўлетку 2015 года, а ў цэлым зафіксавана больш за 400 выпадкаў злоўжывання бязвізавым уездам. «Напрыклад, расійскія калегі дагэтуль ловяць балельшчыкаў, якія прыбылі на чэмпіянат свету па футболе, але своечасова не пакінулі межы краіны», — адзначае Аляксей Бягун.

Спробы злоўжывання будуць і цяпер, упэўнены спецыялісты, у сувязі з гэтым прынята рашэнне, што бязвізавы рэжым усталёўваецца толькі ў дачыненні да грамадзян 76 краін, якія не ўяўляюць міграцыйную небяспеку для Беларусі. Грамадзяне іншых дзяржаў, каб трапіць у нашу краіну падчас Еўрапейскіх гульняў нават пры наяўнасці білета, павінны атрымаць візы. У гэтым выпадку білет на спаборніцтвы стане важкім аргументам для атрымання права на ўезд.

«Каля 2 тысяч білетаў было набыта грамадзянамі Ірака, — расказвае Аляксандр Ганевіч. — А за апошнія гады мы мелі адтуль больш за 14 тысяч турыстаў, якія прыязджаюць і з'язджаюць ад нас не парушаючы законы. Для іх білет на Еўрапейскія гульні будзе падставай для атрымання візы».

«Яшчэ ў нас былі запыты на білеты ад турыстаў з Нігерыі, — дадае дырэктар афіцыйнага білетнага аператара ІІ Еўрапейскіх гульняў — кампаніі «Тікетпро» Кірыл Сушчынскі. — Але далей запытаў справа не пайшла».

Анатоль Котаў у сваю чаргу адзначае, што пад выглядам журналістаў акрэдытавацца на турнір у Мінску спрабавалі 38 грамадзян Ганы. «Яны пазіцыянавалі сябе, як прадстаўнікі радыёстанцыі, якую стварылі, мабыць, спецыяльна для Еўрапейскіх гульняў», — адзначае Анатоль Анатолевіч.

Р.S. Усе нюансы бязвізавага ўезду ў Беларусь падчас ІІ Еўрапейскіх гульняў, можна паглядзець на афіцыйным сайце Гульняў mіnsk2019.bу.

Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ

Загаловак у газеце: Межы адкрываюцца для гасцей

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».