Вы тут

Дзейснасць неабыякавасці на V фестывалі «Паўночнае ззянне»


Ці ёсць у нас кінатэатры, дзе можна глядзець добрае сучаснае кіно, скіраванае не на тое, каб забаўляць, а на тое, каб задаваць пытанні, размаўляць з намі асаблівай мовай кінамастацтва?.. Звычайна айчынныя кінагурманы чакаюць фестываляў, дзе будуць прадстаўлены новыя адметныя фільмы беларускіх і замежных рэжысёраў. Яны ведаюць, што вясной у Беларусі адбываецца «Паўночнае ззянне». Сёлета V фестываль кіно Паўночных і Балтыйскіх краін падарыў яркія ўражанні ад карцін і сустрэч.


У праграму ўвайшлі васямнаццаць гульнявых і дакументальных фільмаў, рэтраспектыва, дзіцячая праграма «Ззя-kids», а таксама больш чым дзесяць мерапрыемстваў індустрыяльнай платформы, што варта асаблівай увагі: у гэтага фестывалю пераважна маладая актыўная аўдыторыя, неабыякавая да стану айчыннай кінематаграфіі і зацікаўленая ў яе развіцці.

Традыцыйна «Паўночнае ззянне» прадставіла фільмы са Швецыі, Нарвегіі, Даніі, Фінляндыі, Ісландыі, Эстоніі, Літвы і Латвіі. Звычайна арганізатары стараюцца рабіць сюрпрызы, і калі летась у праграму ўключылі фільм з Фарэрскіх астравоў, то сёлета ўпершыню ў Беларусі паказалі стужку з Грэнландыі. Мы спынімся толькі на некаторых карцінах, паказ якіх пакінуў не толькі кінаўражанні, але і ўцягваў у жывую размову пра жыццёвыя з’явы, выклікаў дыскусіі і нават працаваў на будучыню.

Ігравое

Кадр з фільма «Жанчына аб'яўляе вайну»

Вялікую цікавасць у гледачоў выклікаў фільм «Вакацыі» ад рэжысёра з Даніі Ізабэлы Эклёф. Фільм распавядае пра маладую дзяўчыну, якая аказалася ў гвалтоўных стасунках з наркабаронам. Стужка ўздымае тэму становішча ахвяры, выклікае пытанні, чаму і калі гвалт магчымы. Вострасюжэтная драма захапляе дынамікай сюжэта, які падмацаваны эмацыянальным напалам. Даволі прамое аўтарскае выказванне абуджае думкі пра тое, на чым увогуле трымаецца сістэма залежнасці чалавека ад пэўных стасункаў? Ці магчыма прадбачыць развіццё сітуацыі і не трапіць у разрад ахвяр ужо ў рэальным жыцці? Такім чынам, кінатвор, як ні парадаксальна, скіраваны на пераўтварэнне рэчаіснасці ў лепшы бок.

Пасля паказу карціны адбылася сустрэча гледачоў з рэжысёрам, якая распавяла пра сузалежныя адносіны. На яе думку, такі фармат дазваляе зрабіць так, каб чалавек быў папярэджаны пра небяспеку і па пэўных момантах у сваім жыцці мог разумець, што трэба быць асцярожным, своечасова паспрабаваў прадухіліць бяду.

Актыўны водгук кінааўдыторыі атрымала эстонская ігравая стужка рэжысёра Лійны Трышкінай-Ванхатала «Бяры ці бяжы», якая ад Эстоніі змагалася за «Оскар». Сюжэт адначасова і жахлівы, і вельмі цёплы. Аднойчы ў лагодную суботу 30-гадовы будаўнік Эрык атрымаў ашаламляльную навіну: яго былая дзяўчына Маоніка, з якой ён не бачыўся ўжо шэсць месяцаў, хутка народзіць дзіця. Яна, аднак, не гатовая стаць маці, і калі Эрык не захоча ўзяць адказнасць на сябе, маленькая дзяўчынка будзе аддадзеная на ўдачарэнне. Таму хлопец вырашыў забраць дзіця. Падчас выхавання мужчына сутыкнуўся з безліччу праблем. Жаночай дапамогі ў яго не было наогул, і ён неаднойчы думаў, што дарэмна забраў дачку…

Рэжысёр паказвае, як змяняецца жыццё, калі пачынаеш любіць па-сапраўднаму, дэманструе, як адбываецца трансфармацыя чалавечай сутнасці. Гэты фільм немагчыма знайсці на прасторах інтэрнэту, таму гледачам вельмі пашанцавала ўбачыць яго ў Мінску.

Фільм «Жанчына аб’яўляе вайну» рэжысёра Бенедыкта Эрлінгсана (Украіна, Ісландыя, 2018 г.) вельмі актуальны для сучаснага свету, нездарма адзначаны двума прызамі на тыдні крытыкі ў Канах — 2018. Галоўная гераіня — пяцідзесяцігадовая абаронца навакольнага асяроддзя — аб’явіла вайну алюмініевай прамысловасці Ісландыі. Яе жыццё поўнасцю перавярнулася пасля таго, як яна атрымала дазвол на ўдачарэнне маленькай дзяўчынкі з Украіны. Нечакана за сваю дзейнасць жанчыну забіраюць у турму. Калі да яе на спатканне прыходзіць сястра-блізнец, жанчыны мяняюцца адзеннем. Фільм канчаецца кадрамі, як украінскі аўтобус, дзе едзе Хала і яе дачка, спыняецца і высаджвае іх. Але далей няма дарогі: яе заліла рака, якая выйшла з берагоў… Так аўтар падыходзіць да драматычнай тэмы самаідэнтыфікацыі асобы, якая спрабуе нешта змяніць у свеце і блукае ў пошуках новага дома, новай радзімы, новай сутнасці.

Псіхалогія чалавека — падстава для даследавання рэжысёра Марыі Каўгарадзэ (Літва, 2019) у стужцы «Перажыць лета». Галоўная гераіня фільма Індрэ, маладая даследчыца-псіхолаг, якая неахвотна згаджаецца перавезці двух пацыентаў з адной псіхіятрычнай клінікі ў другую ў абмен на магчымасць весці навуковую працу, раптам аказваецца завадатарам у групе падчас доўгага падарожжа да мора. Яна назірае за гаваркім маладым чалавекам з біпалярным разладам, які моцна кантрастуе з інтравертнай дзяўчынай, чые раны схаваны ад чужых вачэй. Але яны абодва вядуць унутраную барацьбу, разам шукаюць выратавання. Тое, што выглядае як бесклапотнае летняе падарожжа з сябрамі, становіцца для іх пачаткам адраджэння. Чуллівая гісторыя напоўнена нечаканасцямі і надзеямі на тое, што ў свеце няма нічога немагчымага. Карціна паказвае, як у складанай сітуацыі два абсалютна розныя чалавекі пачынаюць існаваць супольна, становяцца як адно цэлае. Кіно з болем, але ў той жа час і з верай у людзей.

Кадр з фільма «Вакацыі».

Дакументальнае

Прыемна пачынаць размову пра дакументальнае кіно з беларускай карціны. На фестывалі адбылася прэм’ера фільма «Мая бабуля з Марса» рэжысёра Аляксандра Міхалковіча, які падзяліўся асабістай гісторыяй. Яго бабуля Зіна жыла ва Украіне, Расіі, Беларусі, але пасля таго, як выйшла на пенсію, пераехала ў Крым. Моцная і поўная жыцця, яна заўжды яднала сваю вялікую сям'ю. Але пасля геапалітычных зменаў ва Украіне наведваць яе стала выпрабаваннем для ўнука.

Сталаму чалавеку не проста прыняць новыя рэаліі — бабуля стала пачувацца больш разгубленай і самотнай. Дзеля таго каб падтрымаць яе, прадстаўнікі сям’і, раскіданыя па розных краінах свету, сабраліся разам павіншаваць бабулю з 80-годдзем. З аднаго боку, вельмі простая, а з другога — глыбокая гісторыя, заснаваная на базавых для чалавека пачуццях дабрыні, еднасці, павагі. Але ў сямейную гісторыю ўключаны іншы кантэкст: немагчыма абысці пэўныя геапалітычныя падзеі, і героі выказваюць сваё стаўленне да такіх з’яў, як вайна, здрада, справядлівасць. Такім чынам, фільм, якога мы не ўбачылі ў мінулым годзе на кінафестывалі «Лістапад», усё адно прыйшоў да айчыннага гледача, праўда, ужо пасля таго, як з поспехам быў паказаны на еўрапейскіх фестывалях.

Геапалітыка паўплывала на жыццё герояў дакументалкі Грымура Хоканарсана «Маленькая Масква» (Ісландыя, 2018). Фільм паказвае існаванне людзей на адной прасторы пасля важных гістарычных падзей. У гады халоднай вайны Iсландыя была краiнай заходняй дэмакратыi. Злучаныя Штаты ўсталявалі на востраве базу, і Ісландыя ўвайшла ў склад НАТА. Кааліцыя правацэнтрысцкіх партый кіравала дзяржавай і ўсімі гарадскімі саветамі. Акрамя аднаго, на чале маленькага горада Нэскёйпстадур, у якім пражывала каля 1500 чалавек, стаялі сацыялісты. Яны прыйшлі да ўлады ў 1946-м і трымалі яе на працягу 52 гадоў. Фільм распавядае пра тое, як жыве маленькі гарадок у XXI стагоддзі. Тут прысутнічае аповед пра сацыяльную інфраструктуру, дэталёва разбіраецца побыт. Але галоўная адсылка — да ўнутранага стану жыхароў горада, які так адрозніваецца ад іншых у гэтай краіне.

Актыўныя грамадскія дыскусіі ў свеце выклікала дацкая карціна рэжысёра Мары Скаўгорд «Рэфармістка». Гэта фільм-развага пра іслам і месца, якое надае гэтая рэлігія жанчыне. Галоўная гераіня Шэрын Ханкан адкрыла першую ў Еўропе мячэць, лідарамі ў якой сталі жанчыны. Яны імкнуцца супрацьстаяць эмоцыям жаху, якія звязваюцца з мусульманамі, і кідаюць выклік распаўсюджаным меркаванням, заклікаючы да талерантнай ды гендарнай інтэрпрэтацыі Карана. Шэрын нецярплівая. Яна хоча перамен і роўнасці тут і цяпер. Але як можна разбурыць за адну ноч традыцыі, уласцівыя рэлігіі, што мае гісторыю ў некалькі стагоддзяў? Шэрын адкрыта пачынае ажыццяўляць ісламскія разводы па просьбе няшчасных у сямейным жыцці жанчын і заключае міжканфесійныя шлюбы паміж жанчынамі-мусульманкамі і мужчынамі-немусульманамі. Яе паспешнасць падводзіць арганізацыю да мяжы краху…

Балючыя, няпростыя пытанні сучаснасці аналізуе сёння кіно, не баіцца казаць пра пошукі і памылкі: лепш з імі сутыкацца праз экран, чым у рэальнасці.

Дзіцячае

Кадр з мультфільма «Якаб, Мімі і сабакі, якія размаўляюць».

Літоўская і нарвежская анімацыя з беларускай агучкай у межах новай дзіцячай праграмы «Ззя-kids» стала добрым сюрпрызам для сямейнага прагляду, а таксама прыкметай росту кінафестывалю. Напрыклад, адбыўся паказ мультфільма «Якаб, Мімі і сабакі, якія размаўляюць» легенды латвійскай анімацыі Эдмундса Янсанса, які распавядае аб прыгодах хлопчыка ў самым аўтэнтычным раёне Рыгі. Калі тата прывозіць Якабса ў прыгарад на лета, хлопчык не толькі знаёміцца з наваколлем, якога ён ні разу ў жыцці не бачыў, але і знаходзіць новых сяброў — стрыечную сястру ўсёзнайку Мімі і дзядзьку Кіта, былога марака. Акрамя таго, ён сустракае Боса, лідара зграі сабак, што размаўляюць па-чалавечы. Гэта цікавая кампанія аб’ядноўваецца, каб выратаваць прыгарад ад багацея Калабка, які плануе ператварыць рамантычнае месца — адзін з самых старажытных раёнаў Рыгі — у бяздушныя джунглі хмарачосаў і шкла.

З аднаго боку, вельмі цікавы лёгкі мультфільм, а з другога — інтэлектуальны і стваральны, вучыць дзяцей успрымаць арганічнасць навакольнага асяроддзя і клапаціцца пра яго захаванне. Актыўная пазіцыя да жыцця выхоўваецца з дзяцінства, лічаць кінамайстры. Маюць рацыю.

Мультфільм «Вясёлая ферма», зняты нарвежскім кінарэжысёрам Лізэ І. Уосвалам, нагадвае прыклад класічнага добрага анімацыйнага фільма, які, здавалася б, дазваляе проста адпачыць. Галоўная гераіня сюжэта — маленькая карова, якая жыве ў горадзе са сваёй мамай і марыць стаць рок-зоркай. Аднойчы яна атрымлівае ліст ад свайго бацькі, якога не бачыла шмат гадоў, і выпраўляецца ў вёску, каб сустрэцца з ім. Там яна дапамагае выратаваць татаву ферму ад прагнага бізнесмена, знаходзіць свайго першага сапраўднага сябра і разумее, што зоркай можна стаць не толькі ў музыцы, але і ў звычайным жыцці. Вось такая філасофія: ужо з маленства можна скіраваць чалавека да глыбокіх думак пра тое, што адбываецца вакол.

Выхаванню праз мастацтва паспрыяў і майстар-клас «Справа мары», які правяла Валерыя Манковіч, аўтарка курсаў комікса творчых майстэрнях галерэі «Ў». Маленькім удзельнікам прапанавалі паразважаць пра тое, якія прафесіі з’явяцца праз 10—15 гадоў, і зрабіць візуалізацыю сваёй мары ў выглядзе комікса. Цікава, таму што гэта людзі, якім належыць будучыня. Іх уяўленне пра свет — клопат цяперашніх дарослых, іх задача — пераўтварыць прастору жыцця, дзе шмат што імкнецца да гарманізацыі.

Гэта адлюстроўвае кіно неабыякавых — аўтараў і гледачоў. Фільмы «Паўночнага ззяння» сёлета карысталіся ўвагай, квіткі на многія стужкі раскупалі адразу.

Вікторыя АСКЕРА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».