Вы тут

Хто стаў уладальнікам медыяадукацыйнага «Оскара»?


«Кожны дзень мы сутыкаемся з вялізнай плынню інфармацыі. Але ці ўсё з таго, што нам кажуць, праўда? Прааналізаваўшы некаторыя навіны, мы прыйшлі да высновы, што на веру трэба прымаць далёка не ўсё. Неабходна вучыцца чытаць паміж радкоў, а гледзячы тэлевізар ці відэаролік, думаць, што насамрэч стаіць за кадрам. Гэтую думку мы і паспрабавалі данесці да нашых аднакласнікаў падчас інфармацыйнай гадзіны. Падабралі яркія прыклады таго, як аўтары свядома ці несвядома скажаюць інфармацыю, спрабуючы паўплываць на нашы думкі і меркаванні.На жаль, многія не задумваюцца, што да інфармацыі, як і да ежы, якую мы спажываем, трэба ставіцца вельмі сур'ёзна. Мы ж не кідаем у рот абы-што, а сочым за якасцю прадуктаў. У нашых бабуль і дзядуляў радыё працуе з раніцы да вечара, як фон. У многіх сем'ях гэтак жа працуе тэлевізар. Але ці можна крытычна ўспрымаць інфармацыю, калі яна няспынна льецца вам у вушы? Мы выступаем за асэнсаванае яе спажыванне: не проста слухаць, глядзець і чытаць, а рабіць гэта праз прызму логікі і здаровага сэнсу...» Так разважаюць Таццяна і Андрэй Сідаровічы, навучэнцы 8 класа мінскай сярэдняй школы № 12, удзельнікі конкурсу медыяасветы «Лаві фэйк».


Апакаліпсіс сёння!

Трэба заўважыць, што асновы медыяадукацыі ўжо не першы год укараняюцца ў рамках розных вучэбных прадметаў у беларускіх школах, а прынятая сёлета на дзяржаўным узроўні Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі пацвердзіла актуальнасць той работы, што разгарнулі педагогі. Але ці ёсць у іх намаганняў плён? Гэта вырашыла праверыць Таварыства беларускай школы і абвясціла сярод падлеткаў ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў конкурс «Лаві фэйк!» Прадстаўнікам пакалення, якое ўжо нарадзілася з пальцам на клавішы Еntеr, прапанавалі паспрабаваць свае сілы ў ролі медыяэкспертаў і выказаць меркаванне на тэму «Быць медыяадукаваным — гэта проста!»: расказаць аб праблеме, з якой сутыкаюцца сябры, аднакласнікі, настаўнікі, бацькі, суседзі, калі глядзяць тэлепраграмы, фільмы, серыялы, чытаюць вэб-сайты ці «сядзяць» у сацыяльных сетках, і прапанаваць свой спосаб іх вырашэння.
Творчасць ніхто не абмяжоўваў: конкурснай работай маглі быць мультымедыя (аўдыя ці відэа, кліп, міні-фільм, анімацыя, навучальны відэаролік, падкаст), графічныя і інтэрактыўныя медыя (інфаграфіка, фотарэпартаж, плакат, комікс, гульня, квіз, суполка або старонка ў сацыяльнай сетцы) ці тэкставыя медыя (лонгрыд, блог, пост, артыкул у школьнай прэсе, журналісцкае расследаванне, рэпартаж і іншыя).

Арганізатары конкурсу прызнаюцца: у іх была апаска, што конкурс праваліцца. Або дзеці яго ўвогуле праігнаруюць (ці мала ў старшакласнікаў іншых клопатаў?), або не хопіць кампетэнцый, і якасць работ акажацца недастаткова высокай. Але ўсе былі прыемна ўражаны і нават азадачаны: адкрыць некаторыя конкурсныя работы і ацаніць іх змаглі толькі самыя маладыя з членаў журы — тыя, што таксама нарадзіліся «з пальцам на кнопцы». Чаго вартая толькі гульня-платформер «Вандроўка бульбяша», створаная Паўлам Карнеевым з сярэдняй школы № 2 горада Дуброўна. Трапіць да фінішу можна, толькі адказаўшы на пытанні з гісторыі, геаграфіі, літаратуры, геральдыкі і культуры Беларусі. Тым, хто пераадолее ўсе перашкоды, ужо ніякія фэйкі на страшныя.

А пераможцы гэтага конкурсу былі абвешчаны на Фестывалі медыяадукацыі ў сталічным стартапхабе «Імагуру», дзе сабраліся малыя і вялікія медыязоркі (члены прафесійнага журы), а таксама педагогі — выпускнікі чарговага дыстанцыйнага курса «Медыяадукацыя ў школе».

З 59 праектаў у фінальную частку конкурсу выйшлі 32. Іх аўтары былі запрошаны на свята разам са сваімі педагогамі. У канкурсантаў было 90 секундаў, каб у максімальна сціслай і яркай форме расказаць пра сваю ідэю прысутным і завалодаць іх увагай. Сапраўднае выпрабаванне, з якім падлеткі бліскуча справіліся.

Валерый МАЗЫНСКІ Івану Зарубу: «Ты рызыкнуў замахнуцца на канец свету…»

Так, васьмікласнік Варапаеўскай сярэдняй школы Пастаўскага раёна Іван ЗАРУБА прадставіў свой кароткаметражны фільм «Канец свету!»

— Усіх вітаю, а паспрабуйце адказаць на пытанне: якія праблемы застаюцца вечнымі? — запытаўся хлопец у аўдыторыі. — Выдзелім з іх толькі дзве: як сустрэць Апакаліпсіс і як вырашыць спрадвечную праблему бацькоў і дзяцей? За дзве тысячы гадоў было ўжо сама меней сем «канцоў свету». І праблемы бацькоў і дзяцей за дзве тысячы гадоў таксама нікуды не зніклі...

Вось што вы будзеце рабіць, калі даведаецеся з інтэрнэту, што сёння ў 19.00 канец свету? Пабяжыце ў краму запасацца «дашыракам», сухарамі і вадой? Схаваецеся ў склеп? Перастанеце звяртаць увагу на звычайныя сацыяльныя абмежаванні і нормы? Пра гэта фільм юнага рэжысёра. Іван Заруба выступіў у ім таксама ў якасці аператара і займаўся мантажом. Яго родны брат зняўся ў галоўнай ролі, а маці была сцэнарыстам.

Хлопец, дарэчы, у выніку перамог у намінацыі «Мультымедыя». Тэатральны рэжысёр і рэжысёр дакументальных фільмаў Валерый МАЗЫНСКІ, віншуючы юнага «калегу» з перамогай, канстатаваў: «Ты зрабіў кіно! Задумаў і, галоўнае, давёў справу да канца! Нават калі робіш фільм на 30 хвілін, то прыкладна разоў сто хочаш усё кінуць і разоў пяцьдзясят кідаеш... А ты рызыкнуў замахнуцца на канец свету! Гэта вельмі складана: прыдумаць ідэю, арганізаваць вакол сябе людзей, каб яе рэалізаваць. Але ў цябе ўсё атрымалася...»

Большая палова ці меншая?

У намінацыі «Тэкставыя медыя» галоўны прыз дастаўся аўтару артыкула-даследавання «Матэматыка супраць інфармацыйных «качак» Максіму ЮДЗЯНКОВУ з Усходаўскай сярэдняй школы Магілёўскага раёна (кіраўнік — настаўніца матэматыкі Алена Міхайлава). «Мне 15 гадоў, я вучуся ў матэматычным класе самай звычайнай вясковай школы, — расказвае хлопец сам пра сябе. — Больш за год «паляваў» у інтэрнэце на інфармацыйных «качак», пералапаціў некалькі сотняў паведамленняў, пераправяраў, параўноўваў, вылічваў і атрымаў ад такой працы вялікае задавальненне. Так у мяне з'явілася свая скарбонка «качак» з інтэрнэт-паведамленняў. З вынікамі маёй працы я выступаў на школьнай канферэнцыі, а таксама перад настаўнікамі матэматыкі Магілёўскай вобласці і іх вучнямі. Лічу, што зрабіў вельмі карысную справу. Мае сябры прызналіся, што пачалі пераправяраць лічбавыя звесткі ў інтэрнэце. Я прывіў ім здаровы скептыцызм. Дарэчы, праверыў свой тэкст на tехt.ru. Вынік — 95 % унікальнасці».

Шчыра кажучы, прыклады, якія прыводзіць Максім, трэба выкладаць студэнтам яшчэ на журфаку, каб не распаўсюджваць інфармацыйныя «качкі» далей.

— Сярод тэкстаў розных відаў і жанраў (навін, інфармацыйна-аналітычных артыкулаў, паведамленняў і дакладаў), размешчаных у інтэрнэце і прааналізаваных у ходзе даследавання, даволі часта сустракаецца словазлучэнне «большая палова», — кажа Максім. — Пасля пошукавага запыту інтэрнэт выдаў мне прыкладна 28 800 000 вынікаў! Вось некаторыя з іх: «большая палова ўдзельнікаў апытання... лічаць сябе вернікамі»; «большая палова брытанскіх дзяцей хоча працаваць у відэасферы»; «вось і прайшла большая палова паста», «большая палова рэтра-аўтамабіляў у спраўным стане»...

Абапіраючыся на матэматычнае вызначэнне паловы, робім выснову, што палова не можа быць большай ці меншай, яна роўная другой палове цэлага. У выпадках параўнання частак цэлага аўтарам медыятэксту мэтазгодней выкарыстоўваць словазлучэнні «большая частка» ці «меншая частка».

У выніку даследавання высветлілася таксама, што яшчэ адной моўнай канструкцыяй, якая вельмі часта выкарыстоўваецца, з'яўляецца фраза «на парадак больш». З яе дапамогай аўтары артыкулаў імкнуцца падкрэсліць істотную розніцу паміж велічынямі, якія яны параўноўваюць: «у цэлым з-за правільнага харчавання працягласць жыцця дыябетыкаў на парадак вышэйшая, чым у здаровых людзей». Сярэдняя працягласць жыцця ў Расіі ў 2013 годзе (год выхаду артыкула) складала 70,58 года. Па сцвярджэнні аўтара, працягласць жыцця дыябетыкаў на парадак большая, значыць, складае як мінімум 100 гадоў. Гэта супярэчыць не толькі матэматыцы, але і здароваму сэнсу. «На парадак» азначае ў дзесяць разоў.

А сцвярджэнні такога кшталту, як «інтэлект сабакі на парадак вышэйшы за каціны», «якасць паслуг на парадак вышэйшая» ці «ўзровень жыцця на парадак вышэйшы», з пункту гледжання матэматыкі наогул пазбаўлены сэнсу. У выніку даследавання прыходзім да высновы — папулярная сярод журналістаў фраза «на парадак больш» не нясе канкрэтнай інфармацыі пра змяненне велічыні.

Максім раіць аўтарам замест такога неканкрэтнага параўнання карыстацца тэрмінам адноснасці (удвая больш, утрая, у сем разоў) або карыстацца працэнтамі: на 150 % больш (гэта азначае ў два з паловай разы). Тут змяненні цалкам зразумелыя і не супярэчаць законам матэматыкі, сцвярджае юнак.

Стваральнікі групы «Вашы фэйкі ў нашых руках» — навучэнцы аршанскай 20-й сярэдняй школы: «Мы самі вучыліся, што такое фэйкі, як іх лавіць і што з імі рабіць».

«Халодная зброя» на вайне

Сапраўднае паляванне на фэйкі арганізавалі навучэнцы сярэдняй школы № 20 з Оршы, стварыўшы ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» групу «Вашы фэйкі ў нашых руках». Іх банк увесь час папаўняецца новымі прыкладамі — хітрыкамі маркетолагаў, рэкламадаўцаў, лістамі і рассылкамі па электроннай пошце, якія ўтрымліваюць мноства прывабных прапаноў, памылкамі, знойдзенымі ў вучэбных дапаможніках і так званых «рашэбніках».

Шасцікласніцы Хрысціна Харланава і Дар'я Багдановіч раяць не спісваць дамашнія заданні з рэсурсу ГДЗ. Па-першае, там шмат памылак, а па-другое, нумары заданняў могуць не супадаць. «Падобна на тое, што людзі зарабляюць на нашай ляноце і нежаданні вучыцца, — папярэджваюць яны. — Калі што, лепш у аднакласнікаў за піражок спісаць, а ідэальны варыянт — самім мазгамі паварушыць! Выснова — вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца!!!» У сваёй групе дзяўчаты размясцілі скрыншоты рэальных дамашніх заданняў і іх фэйкавых гатовых рашэнняў.

«Многія думаюць, што фэйк — гэта выключна падроблены акаўнт, махлярства ці непраўдзівая інфармацыя ў СМІ. Аднак фэйкавымі могуць быць і дзеянні. Асобным відам псіхалагічнай зброі фэйкі становяцца на вайне, — даведваемся мы з суполкі ў сацыяльнай сетцы. — Яскравы прыклад такога фэйка можна знайсці ў аповесці Васіля Быкава «У тумане». Галоўны герой твора Сушчэня, трапляючы ў палон да фашыстаў, не пагаджаецца з імі супрацоўнічаць, і за гэта яго страшэнна караюць: адпускаюць дахаты. У выніку гэтага фэйкавага дзеяння жыццё героя становіцца невыносным, і вось ён ужо зайздросціць сваім павешаным сябрам, бо яны загінулі героямі, а да яго, сумленнага чалавека, усе, нават самыя блізкія, ставяцца як да здрадніка. Гэта толькі адзін прыклад выкарыстання фэйка як халоднай зброі на вайне».

Настаўніца беларускай мовы і літаратуры з 20-й школы Алена ПАНКРАТАВА, якая курыруе падлеткаў, канстатуе: «Галоўная адметнасць нашага праекта ў тым, што падчас рэалізацыі ідэі мы самі вучыліся. Калі астатнія ведалі, што яны хочуць сказаць, мы стварылі суполку і разам вучыліся таму, а што ж такое фэйкі. Як іх лавіць і што з імі рабіць? Дзеці самі здымаюць відэаролікі, пішуць тэксты, робяць відэападборкі...Барацьбіты з фэйкамі Глеб АНІСІМАЎ, Кірыл САЛАМЕННІКАЎ, Ілья КАТАШОЎ, Марыя АЛЬШЭЎСКАЯ і Кацярына БАРАНОЎСКАЯ атрымалі на конкурсе перамогу ў намінацыі «Графічныя і інтэрактыўныя медыя».

Яркім упрыгажэннем медыяфэсту стала гульня «На злом галавы», прысвечаная медыя: утвораныя выпадковым метадам каманды з настаўнікаў і вучняў вучыліся разам на фэсце ў фармаце мазгабойні. «Хітом» стала пытанне, на якое ніхто з прысутных не змог даць правільны адказ: «Колькі пар жывёл узяў з сабой на каўчэг Майсей?»

Настаўнікі з гродзенскай сярэдняй школы № 26 Таццяна і Сяргей ФАДЗІНЫ (Таццяна выкладае англійскую мову, а Сяргей — фізіку) прэзентавалі падчас фестывалю аўтарскі дыстанцыйны курс для падлеткаў «Бачу. Чую. Разумею», які яны плануюць запусціць у новым навучальным годзе. Ці ведаеце вы, адкуль узялося слова «спам»? А на якое паняцце брытанскія ўлады пастанавілі замяніць у афіцыйных дакументах тэрмін «fаkе nеws»? Што такое клікбэйт? А ў якой сацыяльнай сетцы больш за ўсё ботаў — акаўнтаў, якія кіруюцца праграмамі, арыентаванымі на маніпуляцыі і змяненне грамадскай думкі? Магчыма, нам усім разам з падлеткамі трэба запісацца на іх курсы?

Даведка:

Фэйк — слэнгавы тэрмін, які абазначае падробку, копію або фальсіфікацыю. У дачыненні да сродкаў масавай інфармацыі пад фэйкам разумеюць навіну, якая не мае нічога агульнага з праўдай, так бы мовіць, падробку навіны. Фэйкі могуць кранаць за жывое тых, хто іх чытае. У гэтым выпадку ў чалавека адключаецца логіка, уключаюцца эмоцыі і ён верыць у самую неверагодную інфармацыю.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота аўтара і Веры МАЦКЕВІЧ

Загаловак у газеце: «Вашы фэйкі — у нашых руках»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Хворым на фенілкетанурыю могуць палепшыць забяспячэнне прадуктамі харчавання

Міністэрства аховы здароўя адказала на публікацыю «Звязды».

Палітыка

На пасяджэнні ЦВК зарэгістраваны 56 членаў Савета Рэспублікі сёмага склікання

На пасяджэнні ЦВК зарэгістраваны 56 членаў Савета Рэспублікі сёмага склікання

Выбары прайшлі ў прыўзнятай атмасферы, дастойна і з яркімі выступленнямі.

Калейдаскоп

«Звязда» пабывала на здымках «Талента краіны»

«Звязда» пабывала на здымках «Талента краіны»

Ужо ў гэту суботу на АНТ вялікая прэм'ера.

Культура

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

У Беларусі будзе стварацца археалагічная карта

Калі Скарына прыехаў у Кракаў, і як выглядаў малы Рагвалодавіч.