Вы тут

Непапраўны рамантык Ландарскі


Тры карціны заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь Роберта Ландарскага папоўнілі фонды палаца Румянцавых і Паскевічаў. Пры закрыцці сваёй выстаўкі «Песня жаўрука» 83-гадовы мастак перадаў музею палотны «Палеская Мадонна», «Час сенакосны» і «Валатава».


Дарэчы, работы Роберта Ландарскага ёсць у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, музеі сучаснага мастацтва ў Мінску, у прыватных галерэях ЗША, Францыі. Яго карціны маюць многія вядомыя расійскія і ўкраінскія музеі — як абласныя, так і сталічныя. Але ж не гэта з'яўляецца яго гонарам. Ён усё жыццё піша Беларусь. Можна сказаць, пэндзлем спявае пра яе разнастайны лёс — лірычны, трагічны, узнёслы, самотны... Як чалавек, улюбёны ў сваю зямлю, з ёй разам праходзіць шляхамі і сцяжынкамі, успамінае мінуўшчыну і занатоўвае сучаснасць.

Яго карціны здзіўляюць сакавітасцю фарбаў, жыццярадасным настроем і шчырай любоўю. Героямі робяцца сябры, суседзі, сваякі... І ў першую чаргу — жонка і сын. Усе яго персанажы маюць яркую індывідуальнасць і расказваюць кожны сваю гісторыю.

Між тым, успамінае мастак, яго жаданне маляваць вуглём ці мелам на ўсім, што трапляла пад руку, бацькі не падтрымлівалі і лічылі марнатраўствам, тым больш пасля вайны складана было сур'ёзна адносіцца да набыцця прафесіі мастака. Роберт Яфімавіч кажа, што першыя ўрокі атрымаў ад цёткі Марыі — жонкі суседа, адоранай ад прыроды. Пад яе кіраўніцтвам напісаў сваю першую карціну, якую назваў «Лета майго дзяцінства». І ўсё ж атрымалася закончыць Ленінградскі інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна, пасля чаго ён назаўжды вярнуўся ў Гомель.

Асобнае месца ў Ландарскага займаюць карціны пра вайну. У дзяцінстве, пры эвакуацыі, яму з сям'ёй давялося трапіць пад бамбёжку і цудам выжыць. Менавіта таму мастак і дагэтуль не можа забыць тыя трагічныя падзеі.

Яшчэ адна беларуская драма знайшла адбітак на яго палотнах — Чарнобыль. Сваю «Палескую мадонну» ён называе і «чарнобыльскай». У тыя мясціны, што цяпер сталі запаведнымі і недаступнымі, Роберт Яфімавіч да аварыі на ЧАЭС любіў ездзіць на эцюды, якія спалучаў з рыбалкай. Там ён чэрпаў натхненне. Бяда, якая спасцігла поўдзень Гомельшчыны, сублімавалася ў чарнобыльскі цыкл.

На пытанне, колькі карцін за жыццё напісаў, адказвае: верагодна, больш за дзве тысячы. Смяецца: аднойчы не адразу пазнаў свой даўні твор, калі пабачыў яго ў рэзідэнцыі Прэзідэнта. Цяпер, кажа, робіць «нашлёпачкі». Так называе невялічкія эцюды:

— У мяне ад дачы да Дняпра — 120 метраў. Прыходжу туды і кідаю ў рэчку болды — гэта такія вуды. Сяджу з эцюднічкам і пішу эскізы. Пасля гэтага іх пераводжу ў карціны.

Ірына АСТАШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».