Вы тут

Якім міфічным істотам пакланяліся нашы продкі?


У што верылі нашы продкі, якім міфічным істотам пакланяліся, якіх шанавалі, а якіх баяліся і лічылі за лепшае з імі не сустракацца? Пра гэта і не толькі раскажа ўнікальная экспазіцыя Заслаўскага музея лесу і міфалогіі.


— Наш музей адкрыўся ў 2005 годзе і з'яўляецца адзіным не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Ён лічыцца дзіцячым, ды наведваюцца сюды і дарослыя, тыя, хто праз паданні, міфы, вобразы хоча больш ведаць пра мінулае нашых прашчураў, — кажа супрацоўніца гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе» Тамара Гудына. — Беларуская міфалогія не такая багатая, як, напрыклад, грэчаская. Тым не менш яна цікавая, шматгранная. І мы імкнуліся паказаць тыя міфічныя вобразы, што жылі побач з нашымі продкамі, а можа, жывуць і цяпер сярод нас. Магчыма, яны назіраюць за намі, падказваюць, як сябе паводзіць у пэўны момант. Але мы іх не бачым і не чуем.

Канцэпцыя музея — паказаць цёмныя і светлыя праявы ляснога жыцця. На светлым баку лесу пасяліліся звяры і птушкі. На цёмным — розныя нячысцікі, прадстаўнікі паралельнага свету.

Самы страшны дух — Балотнік. Ён завабліваў людзей у балота, спакушаючы салодкімі ягадамі, што раслі там. Ступіць чалавек, каб сарваць дары лесу, і гіне ў дрыгве. Балотнік сабраў каля сябе кампанію, ды яшчэ якую — страшных павукоў, ядавітых змей. Усе яны — яго памочнікі ў злых справах.

А побач на дрэве сядзіць Русалка. Жылі гэтыя істоты ў чыстых азёрах або рэках. Гэта патанулыя дзяўчаты — іх душы перасяляліся ў Русалак. Паводле паданняў, у пачатку лета, калі надыходзіць русальны тыдзень, яны маглі моцна злавацца, нервавацца. Некаторыя выходзілі на бераг, іншыя залазілі на дрэва і пелі самотныя песні або вадзілі ў жытнёвых палях карагоды. Інакш вытоптвалі кругі, заманьваючы асоб мужчынскага полу.

На цёплым камені грэецца сям'я вужакаў, а галоўны сярод іх — Цар-вужака. У беларускай міфалогіі ён займае пачэснае месца, лічыцца важнай і мудрай асобай. Цар ведае, куды весці сваю сям'ю на зімоўку, а калі вяртацца назад. Каб пагрэцца, ён выбірае на паляне вялікі цёплы камень. Як лічылі раней, такі важак або цар ёсць у кожнай чарадзе жывёлін. Гэты самы галоўны вужака быў памочнікам у гаспадара лесу — Лесавіка, або, як яго называюць, Лесуна. Вось ён стаіць такі моцны, з доўгімі валасамі, і чуе за кіламетры, што адбываецца ў яго ўладаннях.

У кожнага Лесавіка была свая тэрыторыя ад аднаго пералеску да другога. І калі ён выходзіў на край лесу, то станавіўся маленькім, непрыкметным. А вось у лясным гушчары быў зноў высокім і дужым, нават мог вырваць дрэва з каранямі і зрабіць з яго посах. Звяры і птушкі былі сябрамі Лесавіка, ён іх апекаваў, а яны верай і праўдай яму служылі. Сава ноччу ўсё ўбачыць і раніцай раскажа, што адбывалася ў лесе, калі гаспадар спаў.

А хто затаіўся ў карчазе? Прыгледзеўшыся, бачыш невялічкага дзядка, які ручкамі-кручкамі моцна трымаецца за корч. Менавіта таму яго часам называюць Карчажнік. Іншыя — лясны гном, Лесавічок, Хапун. Гэтая мілая істота любіць забаўляцца з грыбнікоў. Убачыць, што чалавек ідзе з дарамі лесу ў кошыку, абавязкова непрыкметна падкіне яму пад ногі сук або корч. Грыбнік спатыкнуўся, упаў, а грыбы пасыпаліся на зямлю. Вось табе і харч лясному свавольніку. Калі з дарослымі ў лес прыходзілі дзеці, то яны павінны былі папрасіць: «Лясны дзядок, пакажы мне грыбок», — глядзіш, і пашанцуе на добрае «ціхае паляванне».

Каго з нас у дзяцінстве не палохалі Ваўкалакам або Пярэваратнем? У музеі яго вобраз надта каларытны і страшны. Упершыню пра гэтую істоту пісаў у дахрысціянскія часы старадаўні філосаф і пісьменнік Герадот. Лічылася, што людзі, якія валодалі нядобрым чарадзействам, звярталіся да сіл зла і цемры — Чорнага бога, каб ператварыў іх незразумела ў каго, каб іх не пазнавалі суродзічы. І Чарнабог дапамагаў ім стаць страшней за воўка і вышэй за чалавека. Калі людзі нацярпеліся ад гэтага нячысціка, то папрасілі Усявышняга пазбавіць іх ад Пярэваратняў.

— Паданні пасылаюць нам, людзям, сігнал: калі мы будзем рабіць зло адно аднаму, крыўдзіць, то яго назапасіцца столькі, што гэтыя монстры могуць вярнуцца. Мабыць, у кожнай легендзе ёсць напамін, што дабро павінна перамагаць, а зло павінна быць пакарана, — лічыць Тамара Андрэеўна. — Наогул, уся міфалогія нагадвае, што дабро і зло ідуць побач. Але дабра павінна быць больш.

Але, бадай, галоўны герой музея, які прытуліўся каля печы, — добры дух дома — Дамавік. На вуліцу яму лішні раз не хочацца выходзіць, там то холадна, то спякотна, то мароз, то дождж. Таму ён любіць бавіць час у хаце. Дамавіка нашы прашчуры ўяўлялі па-рознаму. Для адных гэта быў дзед невялікага росту з белай барадой і доўгімі валасамі. Для іншых — добры малайчына. Дамавік не любіў, калі ў доме шумелі, смецілі, крычалі. А яшчэ казалі, што Дамавік не выносіў сварлівых гаспадынь і мог паказаць нораў, паказаць, хто ў хаце сапраўдны гаспадар: гаршчок са стравай скінуць з прыпечку або жбан з малаком са стала. І тады жанчына старалася ўласкавіць яго, пакінуць навідавоку нешта смачнае.

Вядома, у музеі пасяляліся далёка не ўсе персанажы беларускай міфалогіі. У сапраўднасці іх значна больш. Але і тая экспазіцыя, што ёсць, прыцягвае да сябе з кожным годам усё больш наведвальнікаў. І гэта знамянальна, бо старажытнае Заслаў'е задумваецца як рэкрэацыйна-турыстычны горад-спадарожнік Мінска.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Андрэя САЗОНАВА

Загаловак у газеце: Мінулае продкаў праз паданні і легенды

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».