Вы тут

З'явілася інтэрактыўная карта Мінска для дзяцей


У інтэрнэце з'явілася бясплатная інтэрактыўная карта Мінска для дзяцей.


— Пачынаецца лета, а разам з ім вакацыі. Далёка не ўсе мінчане пакінуць родны горад. Перад бацькамі паўстане заканамернае пытанне: чым заняць сваё дзіця? Мы ведаем адказ. Мэта інтэрактыўнага партала «Адкрый Мінск» — зрабіць жыццё жыхароў і гасцей сталіцы больш насычаным і цікавым, — расказала Ірына Шлык, дырэктар прадпрыемства «Белкартаграфія», якое займалася стварэннем вэб-платформы.

У аснову прадукту легла папяровая карта Мінска. На яе нанеслі інфармацыю пра дзве сотні аб'ектаў і дапоўнілі маляўнічым анімаваным інтэрфейсам.

— Для зручнасці аб'екты падзеленыя на катэгорыі: славутасці, спартыўныя пляцоўкі, культура і дадатковая адукацыя, адпачынак і забавы. Пад кожным — картка з апісаннем, фотаздымкамі і кантактамі. Пасля агульных звестак ідуць падрабязнасці аб перавагах і ўмовах аб'екта: ці можна тут зарадзіць тэлефон, ці маецца пандус, паркоўка, наколькі далёка ад метро і г. д., — адзначыла рэдактар Белкартаграфіі Людміла Салдак. — У дзясяткаў самых папулярных месцаў ёсць дадатковая інфармацыя. Напрыклад, дзіцячая чыгунка мае віртуальны тур і аўдыягід, а для Мінскага заапарка распрацаваная падрабязная карта-схема з месцазнаходжаннем усіх жывёл.

Паколькі мэтавыя карыстальнікі — дзеці, ухіл быў зроблены на лёгкі пошук аб'ектаў і яснасць падачы матэрыялу. Адрозненне інтэрактыўнай карты ад такіх платформ, як Яндэкс.Карты ці Gооglе.Mарs, — магчымасць дэталёва разгледзець асаблівасці Мінска. Дарэчы, падчас работы над праектам выявіліся цікавыя факты пра нашу сталіцу. Так, амаль усе мінскія тэатры знаходзяцца ў цэнтры, а ў паўночнай частцы горада няма ніводнага басейна.

— Пакуль партал даступны ў бэта-версіі па адрасе MарMіnsk.bу. Зараз мы адкрытыя да цеснага супрацоўніцтва з дзеткамі, якія жадаюць дапамагчы праекту і гатовыя выказаць прапановы і заўвагі на сайце або падчас адкрытага вэбінара 13 чэрвеня, — адзначыў дырэктар кампаніі, што займаецца распрацоўкай праграмнага забеспячэння карты, Канстанцін Пятрашка. — Наступны крок — запуск бясплатнай паўнавартаснай мабільнай праграмы, даступнай у GооglеРlау і АррStоrе. Яна мае модулі віртуальнай рэальнасці, таму «прайсціся» па Мінску можна будзе, знаходзячыся ў любым пункце свету. Акрамя таго, праграма «ажыўляе» і звычайныя папяровыя карты «Белкартаграфіі». Наводзіш смартфон на які-небудзь рэгіён у заалагічным атласе — 
а там з'яўляецца 3D-слон ці 3D-бусел. Спадзяёмся, што навінку ацэняць не толькі дзеці, але і іх школьныя настаўнікі.

Бліжэй да восені плануецца прэзентацыя яшчэ адной інтэрактыўнай карты — «Мая радзіма — Беларусь».

— Матэрыялы ўжо сабраныя. Гэта будзе вэб-рэсурс адукацыйнага кірунку: дзеці пазнаёміцца і з архітэктурнай спадчынай краіны, і з народнымі промысламі, і з нацыянальнымі паркамі і запаведнікамі, — расказала намеснік дырэктара па вытворчасці «Белкартаграфіі» Ала Бенедзіктовіч. — Новы прадукт стане не проста падрабязнай картай, якая раскрывае гісторыка-культурныя аб'екты. Можна будзе паглядзець тэматычныя відэаролікі пра тое, як ствараюцца валёнкі ці саламяныя капелюшы. На карту нанясуць нават народныя строі, характэрныя для розных рэгіёнаў, а таксама геральдычныя знакі гарадоў і вёсак.

Ганна КУРАК

Загаловак у газеце: Маленькія крокі па вялікім горадзе

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.