Вы тут

У сталіцы будуць збіраць і перапрацоўваць больш адходаў


Участкі для смеццеперапрацоўкі і вытворчасці паліва з адходаў створаць у сталіцы, а энергію цвёрдых камунальных адходаў Мінска, прыдатных для перапрацоўкі, будуць выкарыстоўваць у якасці паліва на кацельнях. На кантэйнерах для раздзельнага збору адходаў і пляцоўках для смецця з'явяцца спецыяльныя наклейкі, а ўласнікі прыватных сядзіб атрымаюць па дзве сметніцы для збору звычайных адходаў і другаснай сыравіны. Пра гэта і іншыя навінкі і знаходкі тэхналогіі перапрацоўкі і раздзельнага збору смецця расказалі спецыялісты.


Сарціроўка і другаснае паліва

Штогод каля 620 тысяч тон смецця, утворанага мінчанамі і гасцямі сталіцы, вывозіцца на захаванне на палігон. Асобна сабраных адходаў выкідваецца каля 17 тысяч тон. Летась з 818 тысяч тон цвёрдых камунальных адходаў (ЦКА) была выбрана 191 тысяча тон другаснай сыравіны і 149 тысяч тон лому і каляровых металаў.

Хоць закон аб абыходжанні з адходамі патрабуе, каб да 2020 года не менш як 20 % ад агульнага аб'ёму ЦКА выкарыстоўвалася паўторна, новыя магутнасці для перапрацоўкі смецця, якія з'яўляюцца ў сталіцы, дазваляюць спадзявацца, што да 2020—2021 гг. гэтая лічба можа скласці ўжо каля 30 %.

Такому павелічэнню здольны паспрыяць новыя вытворчасці, якія плануюцца сёлета да ўводу на УП «Экарэс», што дазволіць перапрацоўваць 15 тысяч тон адходаў, на сартавальным заводзе ГП «Экалогія горада» (150 тысяч тон), на лініі па кампаставанні адходаў зялёнай масы і драўніны на УП «Мінскзелянбуд» магутнасцю не менш чым 70 тысяч м3 у год.

— Пералічаныя магутнасці дазволяць вымаць да 10 тысяч тон другаснай сыравіны і выкарыстоўваць каля 50 тысяч тон раслінных адходаў, — заўважыла Валянціна БАРКОЎСКАЯ, намеснік генеральнага дырэктара па добраўпарадкаванні, санітарным утрыманні жыллёвага фонду ДА «Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка». — Рост аб'ёмаў нарыхтоўкі ў межах праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе» складзе чатыры тысячы тон другасных матэрыяльных рэсурсаў (ДМР), што ў суме дазволіць павялічыць масу паўторнага выкарыстання ЦКА да 265 тысяч тон у год, або да 30,8 %.

Павялічыць аб'ёмы другаснай сыравіны можна за кошт смеццесартавання, што дадаткова прынясе каля 20—25 тысяч тон ДМР у год, а смеццеперапрацоўка дадасць яшчэ 27—40 тысяч тон, мяркуе спецыяліст:

— Тэхналогія смеццеперапрацоўкі забяспечвае максімальна магчымае памяншэнне аб'ёмаў захавання адходаў, а ў шэрагу выпадкаў — выманне другаснай сыравіны з адходаў для ўцягнення яго ў гаспадарчы абарот на перапрацоўчых прадпрыемствах краіны. Паспрыяе гэтаму і будаўніцтва смеццеспальвальнага завода (2001—2025 гады ). Такім чынам, паралельна з развіццём сартавальных магутнасцяў і раздзельным зборам адходаў прапрацоўваецца пытанне перапрацоўкі ЦКА, што ўключае ў сябе выманне ДМР і ўтылізацыю той часткі адходаў, што застаецца пасля гэтага. Гэта дазволіць значна паменшыць аб'ём смецця, які захоўваецца на палігонах, і атрымаць дадатковую электра- і цеплаэнергію.

Больш каляровых, менш сеткавых

Цяпер у Мінску выкарыстоўваецца каля 9000 кантэйнераў, якія знаходзяцца ў жылых дварах, на прыпынках, у рэкрэацыйных зонах, каля адміністрацыйных будынкаў. Пакрысе ад старых сеткавых кантэйнераў для раздзельнага збору смецця пазбаўляюцца, замяняючы іх на сучасныя еўракантэйнеры.

Па два новыя кантэйнеры атрымаюць і ўласнікі гарадскіх сядзіб.

— Будзе закуплена больш за 12 тысяч кантэйнераў для прыватнага сектара, каб бясплатна перадаць іх жыхарам, — расказаў Віталь ВАЛЧЭЦКІ, намеснік дырэктара па вытворчасці і развіцці КУП «Спецкамунаўтатранс». — Гэта будуць сметніцы аб'ёмам па 120 літраў для агульнага смецця і для другаснай сыравіны.

Разам з тым інфраструктура для раздзельнага збору камунальных адходаў у сталіцы развіта недастаткова, упэўнена Ніна КУЛЬБЕДА, галоўны спецыяліст па інфармацыйнай рабоце дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў»:

— На большай частцы тэрыторыі яна нязручная для жыхароў. Горад недастаткова аснашчаны кантэйнерамі для збору шкла, паперы, пластыку. На мностве пляцовак няма поўнага камплекту кантэйнераў. Усе пляцоўкі неабходна ўкамплектаваць тымі тыпамі кантэйнераў, якіх не хапае, а на самой пляцоўцы — размясціць інфармацыю, што і яе неабходна выкідваць. І гэта датычыцца не толькі другаснай сыравіны, але і будаўнічых адходаў, буйнагабарытнага смецця і раслінных адходаў. Менавіта па выглядзе кантэйнерных пляцовак усе мы робім выснову, што далей адбываецца з адходамі: ці сапраўды яны ідуць на перапрацоўку, ці адпраўляюцца на палігоны.

Нягледзячы на значныя аб'ёмы збору ДМР, тэмпы яго павелічэння не вельмі значныя. Сталіца ў гэтым плане ў параўнанні з мінулым годам на апошнім месцы. Ды і па ўсёй краіне колькасць збору другаснай сыравіны павялічылася толькі на 9 %, так што справы яшчэ хапае. І пачынаць работу трэба кожнаму з сябе.

Ірына СІДАРОК, фота аўтара

Загаловак у газеце: Энергія смецця

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».