Вы тут

Паветраныя шарыкі шкодзяць прыродзе і яе дзікім насельнікам


Апошнія дні вясны становяцца для кагосьці апошнімі і ў школьным жыцці. Перад развітаннем з месцам, дзе выпускнікі правялі большую частку свайго дзяцінства, яны апранаюцца ў прыгожыя сукенкі і элегантныя касцюмы, дораць настаўнікам кветкі, дзеляцца адно з адным самымі яркімі ўспамінамі, танцуюць вальс... А пад канец урачыстасці звычайна выпускаюць у неба мноства рознакаляровых паветраных шарыкаў. Але наўрад ці хтосьці звязвае такую добрую, на першы погляд, традыцыю з вялікай шкодай, якую яна робіць прыродзе і нашаму здароўю. Пагадзіцеся, гучыць парадаксальна: шарыкі сімвалізуюць у выпускнікоў светлую будучыню, а насамрэч гэтую будучыню і атручваюць.


Колькі шарык будзе ляжаць на зямлі?

Нягледзячы на тое, што геліевыя шарыкі ляцяць высока-высока і далёка-далёка, яны не раствараюцца ў прасторы. Вядома, можна сябе ў гэтым пераконваць, але насамрэч праўда зусім іншая: такія шарыкі зроблены з латэксу — матэрыялу, які раскладаецца да чатырох гадоў. Яшчэ больш пагаршае сітуацыю тое, што без адмысловых поліпрапіленавых стужачак ці палачак іх не запускаюць, а гэтыя рэчывы, у сваю чаргу, могуць ляжаць на нашай зямлі дзесяцігоддзямі. Зусім не раскладаюцца — а значыць, назаўсёды застануцца на нашай планеце — майларавыя (фальгаваныя) шарыкі, што часта прадаюцца ў выглядзе розных жывёл ці мульцяшных герояў у парках атракцыёнаў або падчас свят. А самымі небяспечнымі з'яўляюцца тыя, якія «ўмеюць» свяціцца, бо яны змяшчаюць у сабе электронныя элементы і батарэйкі. І не забывайцеся: шарыкі лёгка пераносяцца паветрам, таму могуць трапіць у ваш агарод ці любімую рэчку. А вы ж не хочаце харчавацца пластыкам, праўда?

А вы ведалі?

Еўрапейскі Саюз нядаўна забараніў выкарыстоўваць і вырабляць некаторыя прадметы з аднаразовага пластыку. У гэты спіс увайшлі і пластыкавыя мацаванні для паветраных шароў.

Атрута і пастка для жывёл

Магчыма, вы чулі, што чарапахі, напрыклад, прымаюць пластыкавыя пакеты за медуз, якіх ядуць. Дык вось і з шарыкамі тое ж самае. Латэкс і пластык закупорваюць страўнікава-кішачны тракт рэптылій, што прыводзіць да інфекцый і іншых ускладненняў. Акрамя таго, многія птушкі, цюлені, дэльфіны і іншыя жывёлы часта заблытваюцца ў стужках, прывязаных да шарыкаў. У выніку яны не могуць свабодна перамяшчацца, шукаць сабе ежу, што можа прывесці да пакутлівай гібелі ад голаду ці ўтаплення. Прыблізна такую ж небяспеку нясуць і кавалкі дроту ад кітайскіх ліхтарыкаў. Таму не думайце, што яны экалагічныя, бо зроблены з паперы, — насамрэч гэта зусім не так!

Цікава!

Гелій, якім напаўняюць паветраныя шарыкі, — неаднаўляльны прыродны газ. Яго запасы не бясконцыя, між тым ён неабходны для МРТ-сканераў, лазераў, зваркі, астуджэння ядзерных рэактараў і іншага.

Альтэрнатыва ёсць!

На жаль, экалагічных варыянтаў паветраных шарыкаў пакуль няма, што, магчыма, сапсуе настрой іх аматарам. Але ёсць некалькі цудоўных альтэрнатыў небяспечнай традыцыі запускаць ці дарыць шарыкі на свята. Напрыклад, пасадзіць дрэва — лічу, гэта вельмі сімвалічна на выпускны. Згадзіцеся, такі варыянт у сто разоў лепшы, чым запусканне шарыкаў, ад якіх можа памерці жывёла. Таксама можна пералічыць грошы, на якія бы збіраліся набыць паветраныя шарыкі, на дабрачыннасць. А ўпрыгожыць памяшканне вам дапамогуць звычайныя кветкі, сцяжкі альбо стужкі. Праявіце фантазію!

Дарэчы!

Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя таксама заклікае грамадзян абмежаваць запуск паветраных шарыкаў падчас свят.

Маша Зялёная

Загаловак у газеце: Куды ляціць паветраны шарык?

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».