Вы тут

Будзьце ў курсе!


Ужо 23 раз у Мінску прайшла Міжнародная спецыялізаваная  выстава «СМІ ў Беларусі»


Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч і намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Жаўняк адкрываюць выставу

Тысячы розных лю­дзей, сярод якіх і мы, журналісты, а таксама прадстаўнікі каля 500 друкаваных, аўдыёвізуальных і электронных сродкаў масавай інфармацыі рэспубліканскіх і рэгіянальных выданняў, а гэта інтэрнэт-рэсурсы, інфармацыйныя агенцтвы, аператары і дыстрыб’ютары кабельнага тэлебачання, распаўсю­днікі, друкаванай прадукцыі, выдавецтвы пабывалі ў тыя майскія дні на свяце друкаванага Слова. Гэты яркі, гучны фестываль, дзе была прадстаўлена прэса Беларусі, Расіі, Украіны, краін Балтыі, Узбекістана і КНР, а таксама беларускай дыяспары, нас усіх аб’яднаў.

Крыху пра асабістае

Хто журналіст, той ведае, як прыемна раскрыць свежы нумар газеты альбо часопіса. Вось бярэш ты яго ў рукі, пачынаеш гартаць, і адчуваеш нейкую магію моманту. Ён не паддаецца дакладнаму апісанню, таму што гэта вельмі асабістае адчуванне. І яшчэ імгненне, якое хутка выслізгвае, а за ім ужо ляціць іншае. Ты гартаеш старонкі, адчуваеш пах друкарскай фарбы і шукаеш свой тэкст. Вачыма знахо­дзіш знаёмае імя, хай сабе нават пад маленькай нататкай, і становіцца цёпла на душы. Нават калі мы не задум­ваемся пра сэнсавую нагрузку, укладзеную у кожную фразу, кожны сказ — нам добра. Мяркую, кожнаму з маіх калегаў знаёмае гэтае пачуццё.

 І мне не забыць яго, самае-самае першае… На экране ўнутранага майго зроку высвечваецца тая паласа нашай Ваўчанскай раённай газеты «Хлібороб», дзе ў левай калонцы — мой паэтычны наіўны опус пра вясновыя пупіхі, якія па вясне раскрываліся на вішнёвых дрэвах… З запаснікаў памяці здабываю імя сваё з дзявоцкім прозвішчам: Чаркашына… Я, школьніца гадоў 14‑ці, заміраю і з прыдыханнем усё чытаю і перачытваю радкі немудрагелістага верша і не магу адарвацца ад газеты… А цяперашняя Валянціна Ждановіч, успамінаючы школьнае юнацтва, з вышынь досведу работы адказнага сакратара, як гаворыцца, на аўтамаце ацэньвае вёрстку: маўляў, добра, што вершык быў пададзены курсівам і ў калонцы было шмат паветра…

Лесік — жаданы госць выставы

А вось іншая карцінка. Рэдакцыя газеты «Хлібороб». Мы, некалькі вучняў-дзесяцікласнікаў, у якіх добра было з творамі, прыйшлі туды на сустрэчу з вядомым украінскім журналістам і паэтам Юрыем Стаднічэнкам, які прыехаў па нейкіх справах з Харкава. Здаецца, у той час ён яшчэ не быў галоўным рэдактарам часопіса «Березиль». Я, вядома ж, паказала яму газету з вершам. Але ён нічога не сказаў пра маё паэтычнае дараванне. Як ні дзіўна, я ўжо тады падсвядома адчувала: мне не варта пісаць вершы… Памятаю, як Стаднічэнка патрымаў у руках газету, пра нешта падумаў, а потым працытаваў, як потым я даведалася, Алішэра Наваі: так, словамі можна смерць прадухіліць, словамі можна мёртвых ажывіць… І дадаў: а ці не лепш табе, дзяўчынка, у журналісты?

Вось так і я сярод многіх іншых маіх калегаў даўно ўжо маю справу з друкаваным словам.

Не розумам адзіным…

Не адкрыю Амерыку, калі скажу: журналістамі становяцца не толькі дзякуючы дару слова, якім валодаем мы, людзі. І не толькі з‑за здольнасці выяўляць у ім думкі і захоўваць іх на паперы, альбо на іншых сучасных носьбітах. Гэтая прафесія перш-наперш падуладная тым, хто валодае ўменнем ажыўляць слова пазітыўнай энергіяй душы, неабыякавасцю. Хоць мы і ведаем, што журналістыка — гэта факт. А я дадам: факт, напоўнены тваім асабістым пачуццём. Працытую нашага міністра інфармацыі Аляксандра Карлюкевіча. Як ён выказаўся, ёсць непахісныя, фундаментальныя асновы прафесіі журналіста:

«А гэта безумоўная прыхільнасць фактам, аб’ектыўнасць, непрадузя­тасць, прафесіяналізм, прага самарэалізацыі і творчы пошук. Але адным розумам журналіст не можа быць журналістам. Неабходна яшчэ і ўсведамленне сваёй адказнай місіі… Шчыра прадстаўляючы жыццё грамадства ва ўсёй яго разнастайнасці, не хаваючы праблем, нам усё ж трэба больш канцэнтравацца на прасоўванні пазітыўнага парадку дня: не руйнаваць, а ствараць».

Фотакарэспандэнт БелТА Аксана Манчук

Пэўна, з такім падыходам да разгляду шматлікіх заявак на ўдзел у конкурсе друкаваных СМІ «Залатая Літара» папрацавала і аўтарытэтнае журы. Узнагароды пераможцам уручаліся яго прадстаўнікамі ў 23 намінацыях.

Вядома ж, я не ведаю, як пі­шуць усе узнагароджаныя журналісты. Але не магу не выказаць здагадку, што ім вядомая ісціна: слова, якое ідзе ад сэрца, пранікае ў сэрца, і няма магіі мацней, чым магія словаў. Мае калегі, мяркую, таксама ведаюць, што слова, сказанае своечасова можа прывесці да аб’яднання — у сям’і, у дзяржаве, і нават проста двух ледзь знаёмых лю­дзей, а іншае, кінутае бяздумна, здольнае разбурыць чыё-небудзь жыццё. І тое, што напісана — застаецца. Нам добра вядома, што гэта ісціна — неаспрэчная.

Пра значнасць узнагарод для журналистаў

Калі ўручалі «Залатую Літару», адзін з мэтраў журналістыкі распавёў пра тое, як гасцяваў у фермера ў Японіі. Той разводзіў авечак. Ён вельмі доўга расказваў, за што атрымаў тую ці іншую ўзнагароду. І толькі тады, прызнаўся журналіст, ён зразумеў, як важна, каб твая праца была заўважана і ацэнена. Зрэшты, лаўрэаты і пераможцы таксама казалі пра тое, што ім вельмі прыемна, калі іх працу адзначаюць. Перад тым, як аб’явіць уладальнікаў Гран-пры, Аляксандр Карлюкевіч павіншаваў журналістаў з Днём друку, які ў Беларусі адзначаецца па традыцыі 5 мая. Міністр пажадаў нам натхнення і выказаў упэўненасць, што ўсе добрыя пачынанні журналістаў у краіне бу­дуць падтрымлівацца.

Гран-пры конкурсу ў намінацыі «Лепшы творчы праект года раённых, гарадскіх, карпаратыўных і шматтыражных друкаваных СМІ» ўдастоена газета «Навіны Камянеччыны» за праект «Камянеччына на старых фота»

Гран-пры ў намінацыі «Лепшы творчы праект года раённых, гарадскіх, карпаратыўных і шматтыражных друкаваных СМІ» атрымаў калектыў газеты «Навіны Камянеччыны» за праект «Камянеччына на старых фота». Пераможцам у намінацыі «Лепшы творчы праект года рэспубліканскіх, абласных друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў» прызнаны «Выдавецкі дом «Беларусь сегодня» за праект «25.by — чвэрць стагоддзя дзяржаўнасці Беларусі». Спецыяльны прыз «За ўклад у журналістыку» атрымала Кацярына Дубінская, галоўны рэдактар газеты «Вечерний Минск» агенцтва «Минск-Новости». У намінацыі «Лепшы фотакарэспандэнт рэспубліканскіх, абласных друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў» перамагла Аксана Манчук, фотакарэспандэнт інфармацыйнага агенцтва БелТА. Былі і іншыя пераможцы і лаўрэаты ў розных намінацыях.

У Выдавецкага дома «Звязда» на гэты раз дзве высокія ўзнагароды — газета «Звязда» стала пераможцам у намінацыі «Лепшыя матэрыялы сацыяльна-эканамічнай тэматыкі», а спецыяльны карэспандэнт Дар’я Лабажэвіч — у намінацыі «Лепшы рэпарцёр рэспубліканскіх, абласных друкаваных СМІ, інфармацыйных агенцтваў». Таксама «Звязда» са сваім сталым праектам «Краіна здароўя» стала лаўрэатам у намінацыі «Лепшыя матэрыялы па тэматыцы спорту і здаровага ладу жыцця».

Спецыяльны карэспандэнт газеты «Звязда» Дар’я Лабажэвіч — і наш аўтар

Усяго было ўручана 23 статуэткі з дыпломамі пераможцам, а таксама 46 дыпломаў лаўрэатам.

Факты пра выставу СМІ

 Міжнародная спецыялізаваная выстава «СМІ ў Беларусі» праводзіцца штогод з 1997 года Міністэрствам інфармацыі пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў, Мінскага гарвыканкама, РУП «Нацыянальны выставачны цэнтр» БелЭкспа», іншых органаў дзяржкіравання, вядучых СМІ, грамадскіх арганізацый.

У выставе, якая праходзіла з 2 па 4 мая, удзельнічалі больш чым 50 экспанентаў. Былі шырока прадстаўлены друкаваныя і электронныя СМІ, а таксама сеткавыя выданні, якія пачалі рэгістравацца ў нашай краіне згодна з новаўвя­дзеннем у заканадаўства з 1 снежня 2018 года. Наведнікам форуму была прапанавана насычаная праграма мерапрыемстваў, якая складалася з прэзентацый інфармацыйных і інтэрнэт-праектаў, аўтограф-сесій, майстар-класаў. Кіраўнікі сродкаў масавай інфармацыі і журналісты, прадстаўнікі экспертнай супольнасці абмеркавалі значныя пытанні функцыянавання медыясферы, ролі СМІ ў развіцці грамадства і дзяржавы ў рамках дзелавой праграмы. Шэраг мерапрыемстваў быў прысвечаны рэгіянальным сродкам масавай інфармацыі, якія распавялі пра ўдзел у сацыяльна-эканамічным развіцці сваіх рэгіёнаў. Адбылася прэзентацыя спартыўных выданняў.

Цэнтральныя тэмы выставы — 75‑годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, II Еўрапейскія гульні, сучасныя інтэрнэт-тэхналогіі, адраджэнне малой радзімы. Сярод асаблівасцяў цяперашняга форуму — правядзенне 3 мая Першага тэматычнага Дня піяру, а таксама шырокая прэзентацыя сеткавых СМІ, сярод якіх было і інтэрнэт-выданне Мediana.by, заснаванае сумесна з факультэтам журналістыкі БДУ, Міністэрствам інфармацыі і Грамадскім прэс-цэнтрам Дома прэсы.

На стэндзе Выдавецкага дома «Беларусь сегодня»

На сваіх стэндах беларускія СМІ прадставілі праекты ў рамках рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае». Вялікае месца ў праграме выставы было адведзена праектам БелТА, прэс-службам і камунікацыйным агенцтвам. У прыватнасці, Беларускае тэлеграфнае агенцтва прадставіла на форуме ўнікальныя кадры фотаархіва 1941–1944 гадоў, пазнаёміла з партызанскімі часопісамі. Сярод кад­раў — аэрафотаздымка палаючага Мінска пасля налётаў люфтвафэ 24–25 чэрвеня 1941 года, эшалоны савецкіх ваеннапалонных, нямецкай тэхнікі на сталічных вуліцах, пераможнае ўстаноўленне сцяга над Брэсцкай крэпасцю, радасная сустрэча вызваліцеляў і разбор завалаў у разбуранай сталіцы, там, дзе цяпер праспект Незалежнасці. Экспазіцыя ўключала і партрэт легендарнага фотакарэспандэнта БелТА Уладзіміра Лупейкі, які прайшоў усю вайну, а таксама яго здымкі, якія па праве сталі гонарам агенцтва. Таксама Беларускае тэлеграфнае агенцтва пачаставала наведнікаў выставы партызанскай кашай. Яна была настолькі духмяная і смачная, што шмат хто падыходзіў за дадаткам.

Пра барацьбу і жыццё беларускіх партызан у гады Вялікай Айчыннай вайны вёў падрабязны аповед сумесны праект БелТА і Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны «Партызанскі летапіс», прэзентацыя якога таксама адбылася на палях выставы. Асновай праекта стала ўнікальная калекцыя рукапісных партызанскіх часопісаў, якія сёння часцяком з’яўляюцца адзі­нымі дакументальнымі крыніцамі, што расказваюць пра падзеі ваеннага часу.

Стэнд БелТА прэзентаваў традыцыі суверэннай Беларусі і мультымедыйны праект «Старонкі беларускага спорту», прысвечаны маючым адбыцца II Еўрапейскім гульням. Дарэчы, наведнікі змаглі атрымаць аўтографы ў вядомых беларускіх спартсменаў, якія прымуць удзел у II Еўрапейскіх гульнях.

На сумесным стэндзе класа Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры і Амбасады Кітая ў Беларусі наведнікі змаглі стаць удзельнікамі традыцыйнай кітайскай чайнай цырымоніі пад акампанемент гучжэн, а таксама атрымаць майстар-клас па баявым мастацтве тайцзіцюань. На стэндзе было прадстаўлена і каля 40 кітайскіх друкаваных выданняў і кніг.

Напярэдадні 75‑й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў «Белпошта» на палях форуму правяла прома-мерапрыемства «Адпраўце вестку ветэрану Вялікай Айчыннай вайны». Наведнікі выставы змаглі падпісаць паштовыя карткі і паштоўкі і падзякаваць за мір на роднай зямлі тым, хто падараваў доўгачаканую Перамогу. Вестачкі ветэранам з добрымі і цёплымі пажаданнямі супрацоўнікі прадпрыемства дастаўлялі бясплатна ў любы населены пункт Беларусі.

У Прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэс-канферэнцыя на тэму: «Часопіс «Беларусь. Belarus» як люстэрка жыцця ў краіне і па-за яе межамі»

Таксама прайшла прэзентацыя газеты «Голас Радзімы» ў сувязі з яе выхадам у новым фармаце. У мерапрыемстве прынялі ўдзел Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Індыі ў Рэспубліцы Беларусь, спадарыня Сангіта Бахадур; дырэктар-галоўны рэдактар «Выдавецкага Дома “Звязда”» Павел Сухарукаў; драматург, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, старшыня Беларускага саюза тэатральных дзеячаў Аляксей Дудараў; народная артыстка Беларусі Вольга Клебановіч; Валянціна Мажароўская, кіраўніца службы культурных прэзентацый Вялікага тэатра Беларусі; галоўны рэдактар газеты «Голас Ра­дзі­мы» Іван Ждановіч і іншыя.

Выдавецкі дом «Беларусь сегодня»: пераможцы і лаўрэаты «Залатой Літары»

Першы нацыянальны канал Беларускага радыё правёў цырымонію ўзнагароджання пераможцаў VIII Рэспубліканскага творчага радыёконкурсу «Маладыя таленты Беларусі» з удзелам творчых калектываў і сольных выканаўцаў Белтэлерадыёкампаніі. «Беларусь 5» запрашала сваіх гледачоў на выставу. У абсалютна кожнага была магчымасць паспрабаваць сябе ў ролі каментатара спартыўных дысцыплін, якія стануць часткай праграмы ІІ Еўрапейскіх гульняў у Мінску. Запальныя кубінскія мелодыі гучалі на выставе 4 мая ў часе прэзентацыі тэлеканала «Беларусь 24». Прайшоў і майстар-клас па кубінскай сальсе.

У 15 раз праводзіўся Нацыянальны конкурс друкаваных сродкаў масавай інфармацыі «Залатая Літара». Заснавальнікам конкурсу выступіла Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. У 2019 годзе на конкурс паступіла больш чым 330 заявак. У рамках XХIII Міжнароднай спецыялізаванай выставы «СМІ ў Беларусі» ў «Дыпсэрвіс Холе» адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу. Асноўная яго мэта — усямернае садзеянне развіццю друкаваных сродкаў масавай інфармацыі Беларусі, актуалізацыя значных тэматычных напрамкаў дзейнасці друкаваных СМІ па рэалізацыі дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, павышэнне прафесійнага і ідэйна-змястоўнага ўзроўню друкаваных СМІ, стымуляванне творчай дзейнасці журналістаў і іншых творчых работнікаў, занятых у працэсе вытворчасці друкаваных СМІ.

Валянціна Ждановіч

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.